250 загінулых, амаль 1500 параненых. Як выглядае сітуацыя ў Ізраілі напрыканцы суботы, 7 кастрычніка


Увечары 7 кастрычніка ізраільскія ўлады паведамілі, што ў выніку атакі ХАМАСу цягам дня загінулі па меншай меры 250 ізраільцянаў. Амаль 1500 чалавек атрымалі раненні. Паглядзелі, што адбываецца ў Ізраілі напрыканцы дня, калі ХАМАС здзейсніў найбуйнейшы за апошнія гады напад. 

УВАГА! ЗДЫМАК МАЕ ШАКУЮЧЫ ХАРАКТАР! Целы забітых мірных жыхароў у паўднёвым горадзе Сдэрот (Sderot), Ізраіль. 7 кастрычніка 2023 года.
Фота: Oren Ziv / AFP / East News

Амаль 500 загінулых і больш за 3 тысячы параненых з абодвух бакоў

Сёння раніцай у 6:30 па ізраільскім часе ўзброенае крыло «Хамас» абвясціла пра пачатак аперацыі «Паводка Аль-Акса» супраць Ізраіля і атакавала краіну ад поўдня да цэнтра больш як 5 тысячамі ракет і снарадаў.

Па стане на вечар суботы Міністэрства аховы Ізраілю паведаміла пра 200 загінулых, 1452 параненых. 18 параненых цяпер знаходзяцца ў крытычным стане, 267 – у цяжкім. У Палестыне заяўляюць пра 232 загінулых і 1790 параненых.

Ізраільцянаў, якія жывуць недалёка ад сектару Газа, просяць не пакідаць укрыцці.

Ізраіль прыняў рашэнне адключыць забеспячэнне сектару Газа электрычнасцю, піша Reuters са спасылкай на міністра энергетыкі краіны Ізраэля Каца.

Армія Ізраілю паведамляла, што вядзе баі ў 22 розных кропках уздоўж мяжы з сектарам Газа.

«Няма такіх паселішчаў на поўдні Ізраілю, дзе не было б нашых сілаў», – заяўлялі прадстаўнікі арміі. Таксама яны распавялі, што ў двух выпадках маюць справу з аперацыямі па вызваленні закладнікаў.

У Ізраілі ідуць баі з баевікамі. У кібуцы і горадзе Афакім захопленыя закладнікі. Тяжкая сітуацыя захоўваецца ў кібуцы Беэрі. Баі таксама ідуць у паліцэйскім участку гораду Сдэрот.

Армія таксама заявіла пра страты, але колькасць загінулых вайскоўцаў не агучыла.

Агляд
Ізраіль і сектар Газа: храналогія канфлікту
2023.10.07 19:17

Авіякампаніі адмяняюць палёты ў Ізраіль

Міністэрства абароны Ізраілю рыхтуецца выкарыстоўваць «цяжкія наземныя сродкі» – бранятэхніку.

«Наша мэта заключаецца ў тым, каб усе тэрарысты былі знішчаныя, каб усе супольнасці былі пазбаўленыя ад тэрарыстаў», – гаворыцца ў заяве ЦАХАЛ.

Людзі святкуюць напад баявой групоўкі ХАМАС на Ізраіль у лагеры палестынскіх бежанцаў у Бэйруце, Ліван. 7 кастрычніка 2023 года.
Фота: Bilal Hussein / AP Photo / East News

Паводле інфармацыі карэспандэнта ВВС, колькасць ізраільцянаў, якія знаходзяцца ў закладніках, можа дасягаць некалькі дзясяткаў. Некаторыя з іх знаходзяцца ў невялікіх гарадах каля сектару Газа, частка дастаўлена ў Газу.

ХАМАС паведамляў пра 53 палонных, аднак армія Ізраілю не каментуе гэтую заяву.

Авіякампаніі пачалі сумнявацца ў бяспецы палётаў у Ізраіль. Шмат якія рэйсы адмяняюцца. Нямецкая авіякампанія Lufthansa выступіла з афіцыйнай абвесткай аб адмене часткі палётаў у Ізраіль на бліжэйшы час.

«З улікам цяперашняй сітуацыі з бяспекай у Тэль-Авіве Lufthansa захавае толькі адзін рэйс у Франкфурт, але ўсе іншыя рэйсы Lufthansa з Тель-Авіву і ў яго ў гэтую суботу адмененыя», – гаворыцца ў заяве авіякампаніі.

Абстрэлы з боку сектару Газа працягнуліся і ўвечары – у Тэль-Авіве, Бат-Яме, Рышон-ле-Цыоне і іншых гарадах цэнтральнай часткі краіны. ХАМАС заявіў, што выпусціў па Ізраілі 150 ракет і гэта быў адказ на ўдар па 11-павярховым будынку ў цэнтры Газы. У выніку былі параненыя 9 мірных жыхароў, паведамляе Times of Israel са спасылкай на медыкаў.

Прэм’ер-міністр Ізраілю Беньямін Нэтаньягу паабяцаў, што ізраільская армія зраўняе з зямлёй усе месцы, дзе могуць хавацца ўзброеныя прыхільнікі ХАМАСу і заклікаў жыхароў сектару Газа зʼязджаць.

«Усе месцы, дзе базуецца Хамас у гэтым горадзе зла, усе месцы, дзе хаваецца ХАМАС і адкуль ён дзейнічае, – мы ператворым у руіны. Я кажу жыхарам Газы: зʼязджайце адтуль проста цяпер, таму што хутка мы пачнем там паўсюль прымяняць сілу», – перадае словы Нэтаньягу ВВС.

Чаму Ізраіль аказаўся негатовы да нападу?

Ізраільскі ваенны эксперт Давід Гендэльман пракаментаваў ВВС, чаму, на яго думку, у ХАМАСа атрымалася дасягнуць эфекту раптоўнасці.

«Ацэнка ізраільскай выведкі складалася ў тым, што ХАМАСу эскалацыя цяпер нявыгадная, пасля спрэчак у апошнія тыдні жыхарам Газы далі больш дазволаў на працу ў Ізраілі, у Газу зайшоў чарговы транш катарскіх грошай і гэтак далей. Значыць меркавалася, што іхныя бягучыя патрабаванні задаволеныя, ваяваць яны цяпер не будуць, а вучэнні гэта проста сезонныя вучэнні, як ужо бывала, – кажа аналітык. – І непасрэдную падрыхтоўку да аперацыі выведка таксама не выкрыла. Таму армія расслабілася, боегатоўнасці на мяжы не было, ХАМАС дасягнуў поўнай раптоўнасці ў нападзе, і адпаведна дасягнуў нечаканых нават для сябе поспехаў».

Палестынскія баевікі ХАМАСу запускаюць ракеты з гораду Газа ў бок Ізраілю. 7 кастрычніка 2023 года.
Фота:

На дадзены момант у Ізраілі абвешчаная аперацыя «Жалезныя мячы», яна канцэнтруецца на поўнай зачыстцы ізраільскіх населеных пунктаў ад баевікоў ХАМАСу, якія яшчэ там застаюцца, і на авіяўдарах па сектары Газа. Паралельна ідзе мабілізацыя рэзерву і сцягванне сухапутных сілаў да мяжы ў рамках падрыхтоўкі да наземнай аперацыі.

«Вялікая колькасць ізраільскіх ахвяраў і агулам рэзкае падняцце «звыклай» планкі эскалацыі з боку ХАМАСу патрабуе больш магутнага ізраільскага адказу і падвышае верагоднасць правядзення наземнай аперацыі, у адрозненні ад большасці мінулых чыста «авіяцыйных» раўндаў», – мяркуе Гендэльман.

Hавiны
Ад асуджэнняў да віншаванняў: як розныя краіны адрэагавалі на напад ХАМАС на Ізраіль
2023.10.07 20:39

Ізраіль можа чакаць самая маштабная за шмат дзесяцігоддзяў вайна

Ізраільскі ваенны эксперт Давід Шарп назваў напад ХАМАСу буйнейшым правалам спецслужбаў Ізраілю.

«Мы назіраем крах усёй руціннай канцэпцыі абароны мяжы. Лічылася, што існых інжынерых збудаванняў і патрулёў памежнікаў дастаткова для забеспячэння бяспекі ўсяго перыметру ад пранікнення невялікіх груп, тады як буйныя аперацыі павінна была выкрываць выведка. Аднак цалкам раптоўна адбыўся спачатку буйнейшы масаваны абстрэл, а потым і масавы прарыў на мяжы. Усталяваны там плот у некалькіх месцах проста ўзарвалі і праніклі з тэрыторыі сектару Газа на ізраільскую зямлю. ЦАХАЛ абсалютна не быў да гэтага гатовы. Выведка і служба бяспекі праспалі арганізацыю вельмі буйнога нападу. За гэта прыйшлося расплачвацца крывёю», – сказаў эксперт.

Паводле Шарпа, канфлікт можа перакінуцца і на іншыя раёны Ізраілю, на заходні бераг ракі Іярдан. Пратэсты могуць распачацца і сярод арабскага насельніцтва.

«Акрамя таго, на поўначы Ізраіль мяжуе з Ліванам, дзе знаходзіцца варожая партыя «Хезбала». Калі баявыя дзеянні распачнуцца і там, то Ізраіль чакае самая маштабная за шмат дзесяцігоддзяў вайна», – мяркуе ваенны эксперт.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў