Нацбанк апублікаваў статыстыку куплі і продажу валюты ў студзені – жніўні сёлета. З яе вынікае, што ўжо сем месяцаў запар фізічныя асобы здаюць замежных грошай болей, чымся набываюць, сальда перавысіла $424 млн. «Белсат» спытаў у эканамісткі Настассі Лузгіной, чаму беларусы пазбаўляюцца ад валюты.
Апошнія месяцы, калі беларусы былі чыстымі пакупнікамі валюты, – леташні снежань і сёлетні студзень, час навагодніх прэміяў і «трынаццатых заробкаў». З лютага грамадзяне ўсцяж здаюць болей, чымся купляюць. За восем месяцаў сёлета беларусы набылі валюты на $6,2 млрд, а прадалі – на $6,6 млрд.
Адметна, што больш ахвотна беларусы здаюць валюту гатоўкаю. За восем месяцаў «з-пад падушак» знікла $1,3 млрд. Пры гэтым безнаяўнай валюты купілі на $919 млн болей, чымся прадалі.
Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» адзначыла, што розніца паміж пакупкаю і продажам валюты цяпер не катастрафічная: «У красавіку – траўні сальда перавышала $100 млн, а ў астатнія месяцы – блізу $40–50 млн. Гэта невялікія аб’ёмы».
У пачатку года на дзеянні грамадзянаў магло ўплываць леташняе падзенне заробкаў, і валюту здавалі, каб падтрымаць звыклы ўзровень жыцця, мяркуе эканамістка. Цяпер сярэднія прыбыткі растуць, аднак жа ў шмат якіх сферах яны застаюцца зусім нізкімі.
«Акрамя таго, паколькі валюту асабліва няма куды выгодна ўкласці ў Беларусі, нельга выключаць, што яе прадавалі, каб рублямі інвеставаць у нерухомасць», – сказала Лузгіна.
Яшчэ адзін чыннік – расейскія шоп-турысты.
«Яны прыязджаюць, мяняюць валюту ў абменніках, каб набыць у Беларусі тавараў, якіх цяпер не стае ў іх. Гэта таксама можа тлумачыць тое, што гатоўкаю валюты здаюць болей у параўнанні з безнаяўнымі», – заўважыла суразмоўца «Белсату».
Настасся Лузгіна звярнула ўвагу, што жнівеньскае падзенне курсу рубля амаль не адбілася на попыце на валюту, і сальда захавалася адмоўным. Выглядае, што беларусы цяпер не бягуць натоўпам у абменнікі, калі рубель пачынае таннець.
«Імаверна, мяняюцца адносіны да скачкоў курсаў. Людзі бачаць, што валюта спачатку даражэе, а потым адкочваецца. І цяпер уплывае расейскі рубель: як толькі ён стабілізуецца, стабілізуецца і беларускі. Людзі могуць успрымаць так: раз гэта не доўгатэрміновая тэндэнцыя, то не варта панікаваць», – падсумавала эканамістка цэнтру BEROC.
Сяргей Крот belsat.eu