Кейс Беларускага моладзевага хабу: цяпер праверка, а не крымінальная справа


Сяргей Бульба, якога абвінавацілі ў рэйдарскім захопе Моладзевага хабу, перадаў «Белсату» адказ паліцыі на заяву аб злачынстве, якое нібыта ўчыніў звольнены дырэктар пляцоўкі Алесь Лапко. Новае кіраўніцтва ўстановы ўпэўненае, што дакумент сведчыць пра завядзенне крымінальнай справы, Лапко гэта зняпраўджвае. «Белсат» папрасіў юрыстку Ганну Маціеўскую растлумачыць тонкасці польскага заканадаўства.

Польская паліцыя пачала расследаванне ў звязку з заяваю на звольненага кіраўніка Беларускага моладзевага хабу Алеся Лапка.
Фота: Белсат

Дырэктар суполкі «Робім разам» (так пасля змены кіраўніцтва назвалі пляцоўку, дзе месціўся Беларускі моладзевы хаб) Сяргей Бульба перадаў «Белсату» ліст з паліцыі ў адказ на заяву аб злачынстве. Скарга датычыць дакументаў, якія нібыта не аддае колішні дырэктар Алесь Лапко.

У каментары «Белсату» Бульба прызнаўся, што не ведае асаблівасцяў польскіх законаў, таму не можа сцвярджаць, што сапраўды заведзеная крымінальная справа:

«Не настолькі абазнаны ў польскім заканадаўстве і асабліва ў тым, як палякі ладзяць працэсуальныя дзеянні».

Каментар
Сяргей Бульба адмаўляе рэйдарскі захоп Беларускага моладзевага хабу
2023.08.02 16:21

Пры гэтым музыка Алесь Таболіч без сумневаў напісаў у Facebook, што «на Лапка ўжо завялі крымінальную справу».

Сам Алесь Лапко ў размове з «Белсатам» адмаўляў абвінавачанні ва ўтойванні папераў, сцвярджаючы, што ўсе дакументы захоўваюцца ў бухгалтарскай фірме, падкантрольнай двум чальцам назіральнай рады арганізацыі. Акрамя таго, ён называў хлуснёю звесткі пра завядзенне крымінальнай справы супраць яго:

«Мяне б паінфармавалі. Я ў кантакце з паліцыяй ды іншымі службамі».

Паводле спадара Алеся, у лісце з паліцыі «гаворыцца, што заява прынятая і разглядаецца, – і ўсё».

Каментар
Актывіст Алесь Лапко назваў хлуснёю звесткі пра ўзбуджэнне супраць яго крымінальнай справы
2023.09.04 18:50

Старшыня назіральнай рады Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжою, дарадца ў юрыдычных пытаннях Ганна Маціеўская растлумачыла «Белсату», што калі ў Беларусі праваахоўныя органы спачатку ладзяць праверку, а ўжо потым альбо заводзяць крымінальную справу, альбо не, то ў Польшчы, калі маюцца абгрунтаваныя падставы, пачынаецца падрыхтоўка справы ў форме дасудовага расследавання. Спачатку расследуецца, ці было злачынства, а ўжо потым, калі ёсць падазраваны, расследаванне пачынаецца супраць канкрэтнай асобы.

«Гэта сведчыць, што пачалася праца ў крымінальнай справе. Правяраецца, ці было злачынства, але падазраваных у справе яшчэ няма – гэта можа быць толькі пазней, калі справу не закрыюць пасля першага этапу», – тлумачыць юрыстка.

Вазочнік, вандроўнік і сацыяльны прадпрымальнік Саша Аўдзевіч падчас сустрэчы ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве. 5 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Тэрмін «wszczęcie dochodzenia o przestępstwo», што маецца ў лісце з паліцыі, азначае, што распачалося дасудовае расследаванне на прадмет злачынства, растлумачыла Маціеўская:

«Гэта этап, калі прынятая заява аб злачынстве. Гэта дасудовае расследаванне. Калі будуць знойдзены доказы злачынства, тады справа будзе весціся супраць канкрэтнай асобы, якая, на думку праваахоўных органаў, магла ўчыніць злачынства. Наступны этап – або суд, або справу закрываюць».

Справа расследуецца паводле 276-га арт. Крымінальнага кодэксу Польшчы «Знішчэнне або хаванне дакументу без права імі распараджацца». За гэта пагражае штраф, абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да 2 гадоў.

Разбор
«Зноў нейкая клаўнада». Скандал з Моладзевым хабам як вялікі мінус беларускай справе
2023.08.04 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў