Міністэрства юстыцыі падало пазоў аб ліквідацыі Беларускай партыі «Зялёныя»


Пра такую захаду старшыня партыі Дзмітрый Кучук паведаміў «Народнай волі». Пазоў падпісаў асабіста кіраўнік ведамства Сяргей Хаменка.

Дзмітрый Кучук, кіраўнік партыі «Зялёныя».
Фота: greenbelarus.info

Вярхоўны Суд ужо распачаў грамадзянскую справу па пазове Міністэрства юстыцыі і запрасіў старшыню партыі Дзмітрыя Кучука з’явіцца ў суд 17 ліпеня, каб падрыхтаваць справу да судовага разбору.

Згодна з пазовам, Міністэрства юстыцыі не атрымала дакументаў, устаноўленых законам, для перарэгістрацыі партыі. Таксама Беларуская партыя «Зялёныя» (БПЗ) не прыняла рашэння пра самаліквідацыю (на пачатку чэрвеня Мінюст скіраваў партыі ліст з прапановаю пра самаліквідацыю). На дзень 30 чэрвеня інфармацыі пра такое рашэнне «Зялёных» не паступала, таму ведамства палічыла гэта падставаю для яе ліквідацыі.

Здымак паведамлення з Вярхоўнага Суда. Крыніца: nv-online.info

Нагадаем: з гэтага года палітычныя партыі Беларусі, згодна з новым законам, павінны прайсці перарэгістрацыю. Для гэтага партыі мусяць падаць пайменны спіс сябраў. Пакуль перарэгістрацыю прайшлі толькі тры партыі: Ліберальна-дэмакратычная, Камуністычная і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Таксама Мінюст зарэгістраваў беларускую партыю «Белая Русь».

Раней БПЗ падала ў Міністэрства юстыцыі дакументы для перарэгістрацыі, але не прыклала да іх спісаў са звесткамі чальцоў партыі. У ведамстве заявілі, што такі пакет дакументаў разглядацца не будзе. Аднак у партыі не ўпэўненыя, што ведамства ўвогуле мае права патрабаваць гэтыя персанальныя звесткі.

Таксама ў размове з прадстаўніком ведамства высветлілася, што некуды зніклі партыйныя дакументы, якія чальцы партыі высылалі ў Мінюст: статут, пасведчанне аб рэгістрацыі і пратакол. Паводле чыноўніка, гэтых дакументаў у іх няма.

Беларуская партыя «Зялёныя» была заснаваная і зарэгістраваная ў 1994 годзе.

Hавiны
Мінюст прапанаваў партыі «Зялёныя» самаліквідавацца
2023.06.20 19:07

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў