Катаванне «нявызначанасцю»: 5 вядомых палітвязняў, пра якіх даўно няма звестак


Беларускіх палітвязняў ды іхных родных рэжым Лукашэнкі катуе «нявызначанасцю». «Белсат» узгадвае прозвішчы найбольш вядомых зняволеных, пра якіх няма звестак ужо даволі працяглы час.

Шантаж рэжыму

З 9 сакавіка адсутнічалі звесткі пра Сяргея Ціханоўскага, а 4 ліпеня на імя дэмакратычнай лідаркі Беларусі Святланы Ціханоўскай прыйшла ананімка пра смерць ейнага мужа.

Святлана Ціханоўская з візітам у Ірландыі 2 траўня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Рэжым, што склаўся ў Беларусі, усё больш нагадвае СССР часоў Сталіна. Ён умее «хаваць» сваіх ворагаў, яскравым прыкладам таму – зніклыя апаненты Лукашэнкі 1990-х. У іх ліку – журналіст і тэлеаператар Дзмітрый Завадскі. 7 ліпеня будзе 23 гады, як ён знік.

Адначасова з інфармацыяй пра магчымую смерць Сяргея Ціханоўскага на канале СТВ выйшла інтэрв’ю з Дзмітрыем Паўлічэнкам, кіраўніком «эскадронаў смерці», якога лічаць імаверным забойцам зніклых без вестак палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, бізнесоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага.

«Мы сапраўды ў свой час вельмі жорстка наводзілі парадак тут, у краіне. Гэта шмат каму не падабалася. І прыдумалі вельмі шмат легендаў і казак, нейкіх зніклых. Ну вось колькі іх шукаюць. Ужо ўсю Беларусь, мусіць, перакапалі, перашукалі, ужо кожнага беларуса спыталі. Ну і дзе яны?» – казаў Паўлічэнка.

Калі ж звесткі пра магчымую смерць Сяргея Ціханоўскага з’явіліся на розных замежных медыях, то прапагандысцкія тэлеграм-каналы выклалі быццам бы «відэааспрэчанне».

На ім з датаю 5 ліпеня 2023 года меркаваны Сяргей Ціханоўскі робіць зарадку (а 6:11) ды збіраецца прымаць ежу (а 12:58).

Пасля пабачанага відэа з мужам Святлана Ціханоўская напісала:

«Сэрца радуецца бачыць Сяргея. Жывым. І моцным. Калі паказалі яго, то наступнымі пакажыце Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча, Максіма Знака, Паўла Севярынца, Ігара Лосіка, Вольгу Маёраву і ўсіх, з кім цяпер няма сувязі. І дапусціце адвакатаў да ўсіх палітвязняў».

Каго ж з беларускіх палітзняволеных рэжым Лукашэнкі трымае ў найбольшым «нявызначананым» стане?

Абноўлена
Пра Сяргея Ціханоўскага няма інфармацыі чатыры месяцы. «Nexta» правярае звесткі пра здарэнне
2023.07.04 08:42

Мікалай Статкевіч

148 дзён «нявызначанасці».

Асуджаны на 14 гадоў зняволення.

Суддзя – Мікалай Доля, пракурор – Дзяніс Мікушаў.

16 траўня стала вядома, што Мікалая Статкевіча пазбавілі пасылак і спатканняў. З часу затрымання ў траўні 2020 года ў дачыненні палітзняволенага былі ўжытыя 36 спагнанняў, 14 з якіх ён адбываў у ШІЗА ў адзіночцы метр на тры. Пяць са спагнанняў Статкевіч атрымаў цягам лютага – траўня 2023 года. Ад самога Статкевіча на той час не было ніякіх вестак ужо амаль 100 дзён.

24 чэрвеня 2023 года Марына Адамовіч напісала ў сваім «Фэйсбуку»:

«135 дзён і 1120-ы… А адказы, як пад капірку: «Перапіска не забаронена»… Ага, проста не хоча ён мне пісаць. Так трэба разумець».

Акцыя салідарнасці ў падтрыманне Мікалая Статкевіча і ўсіх палітзняволеных адбылася ў Вільні каля консульства Беларусі. Мітынг зладзілі ў другую гадавіну затрымання лідара партыі «Народная грамада» Мікалая Статкевіча. Вільня, Літва. 31 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Мікалай Статкевіч, лідар партыі «Народная грамада» і кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года неаднаразова быў ахвяраю рэпрэсіяў. У 2005 годзе яго асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі, у снежні 2010 года затрымалі і пасля асудзілі на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, адкуль ён выйшаў у жніўні 2015 года.

Мікалай Статкевіч вёў актыўнае палітычнае жыццё, пакуль не быў затрыманы 31 траўня 2020 года, калі накіроўваўся на перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай.

14 снежня 2021 года палітыка асудзілі на 14 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму, ён адбывае пакаранне ў калоніі № 13 у Глыбокім. У лістападзе 2022 года ў яго была выяўленая пнеўманія, ён быў часова змешчаны ў шпіталь. Перыядычна кантакт Статкевіча з роднымі перапынялі, пакуль урэшце не спынілі цалкам. Станам на 7 ліпеня ад Мікалая Статкевіча няма звестак ужо 148 дзён.

Hавiны
90 дзён няма ніякіх звестак пра палітвязня Мікалая Статкевіча
2023.05.11 10:06

Максім Знак

148 дзён «нявызначанасці».

10 гадоў зняволення.

Суддзя – Сяргей Япіхаў, пракурор – Аляксандр Кароль.

Людзі трымаюць плакаты з фотаздымкамі Максіма Знака і Марыі Калеснікавай падчас паказу стужкі «Кураж» Аляксея Палуяна ў Варшаве, Польшча. 8 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Адвакат Максім Знак быў затрыманы 9 верасня 2020 года і 6 верасня 2021 года яму разам з Марыяй Калеснікавай вынеслі прысуд. З таго часу Максіма Знака амаль безупынна змяшчаюць то ў ПКТ, то ў ШІЗА. Апошні ліст ад яго прыйшоў на волю 9 лютага, пасля чаго сувязь з ім знікла.

Да выбараў 2020 года Максім Знак быў даволі вядомым адвакатам, выкладаў у БДУ, пісаў артыкулы для разнастайных выданняў. Далучыўся да каманды Віктара Бабарыкі юрыстам у штаб. Імя Максіма Знака становіцца ўсё больш вядомым у свеце. Перавыдаецца ягоная кніга «Зэкамерон», а 20 красавіка ў Каралеўскім драматычным тэатры Стакгольму паказалі спектакль паводле твораў Максіма Знака і Алеся Бяляцкага.

Беларускі свет
Максім Знак і Алесь Бяляцкі прамаўляюць праз краты
2023.05.02 18:18

Марыя Калеснікава

112 дзён «нявызначанасці».

11 гадоў зняволення.

Суддзя – Сяргей Япіхаў, пракурор – Аляксандр Кароль.

28 лістапада 2022 года Марыя Калеснікава, пасля 10 дзён у штрафным ізалятары ва ўмовах катаванняў холадам, была шпіталізаваная ў Гомлі ў больніцу хуткай дапамогі. Падчас абследавання ў яе выявілі прабадную язву. Дактары неадкладна правялі аперацыю, тым самым фактычна ўратавалі жыццё Марыі. Калі ён дазволілі 10-хвіліннае спатканне з бацькам Аляксандрам, то яна перадала падзяку дактарам, а фотаздымак з палітзняволенай на ложку, але нязломнай ды з усмешкай на вуснах, абляцеў сусветныя медыі.

27 снежня 2022 года Марыя Калеснікава перадала невялікі ліст свайму бацьку ды сястры Таццяне, у якім адзначыла, што ў гэты дзень пачынае больш-менш самастойна рухацца пасля месяца ў ложку: «У мяне яшчэ не ўсё ў парадку, але я настроеная пазітыўна і аптымістычна і маю намер быць здаровай!»

16 студзеня 2023 года стала вядома, што Калеснікаву ўжо накіравалі на працу паводле месца адбывання пакарання. Але аднавіцца цалкам яна так і не паспела. 22 траўня з’явіліся паведамленні, што стан здароўя Марыі настолькі пагоршыўся, што на шыхтаванні яе выводзяць пад рукі. Але спраўдзіць гэтага пакуль не было магчымасці, а лістоў ад Марыі Калеснікавай не было з 15 лютага.

Таццяна Хоміч трымае ў руках фатаграфію сваёй затрыманай сястры Марыі Калеснікавай. Аахэн, Нямеччына. 26 траўня 2022 года.
Фота: Thilo Schmuelgen / Reuters / Forum

4 чэрвеня было 1000 дзён зняволення Марыі. Ейная сястра Таццяна запісала кранальны відэазварот: «Як ты цяпер сябе адчуваеш? Ці ўсё ў парадку з тваім здароўем? Дзе ты цяпер? Чаму няма лістоў? У чатырох сценах ПКТ? Я не ведаю адказу на гэтыя пытанні. Бо цябе, як і многіх іншых, хаваюць ад нас і ўсяго свету».

У якім стане Марыя Калеснікава, невядома да сёння.

Марыя Калеснікава – паспяховая музыкантка, ладзіла шматлікія канцэрты. У 2020 годзе яна ўзначаліла штаб кандыдата на прэзідэнцтва Віктара Бабарыкі, разам са Святланай Ціханоўскай і Веранікай Цапкалай стала сімвалам выбарчай кампаніі 2020 года. Была затрыманая 7 верасня 2020 года, пасля чаго сілавікі паспрабавалі яе выкінуць з Беларусі ва Украіну, але на мяжы, каб застацца ў краіне, яна парвала пашпарт.

Hавiны
Марыя Калеснікава надалей мае праблемы са здароўем
2023.05.22 17:38

Ігар Лосік

85 дзён «нявызначанасці».

15 гадоў зняволення.

Суддзя – Мікалай Доля, пракурор – Дзяніс Мікушаў.

Апошні ліст ад палітзняволенага, які ўтрымліваецца ў ПК № 1 у Наваполацку, прыйшоў 20 лютага. 10 сакавіка да яго не пусцілі адваката, а 15 сакавіка з’явілася паведамленне, што Ігар, якога адміністрацыя турмы намагалася «апусціць» загадам прыбраць памяшканне пад пагрозаю чарговага змяшчэння ў ШІЗА, на вачах у сукамернікаў парэзаў лязом шыю і руку.

Да цяжкасці сітуацыі з Ігарам Лосікам дадаецца тое, што за кратамі з кастрычніка 2022 года трымаюць ягоную жонку Дар’ю, асуджаную на 2 гады калоніі. Маленькая дачка Паўліна цяпер выхоўваецца без бацькоў.

Наталля, маці Ігара Лосіка, паказвае фота з вяселля сына і Дашы. Баранавічы, Беларусь. 15 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Ігар Лосік – даволі вядомы беларускі блогер. Сярод ягоных праектаў – суполка «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» і «РБ головного мозга», таксама ён супрацоўнічаў з радыё «Свабода». Лосік быў затрыманы 25 чэрвеня 2020 года, абвяшчаў галадоўку, якую пратрымаў больш чым 40 дзён.

Hавiны
«Прыгразілі, што змесцяць у ШІЗА». Стала вядома, чаму Ігар Лосік мог здзейсніць спробу самагубства
2023.03.21 18:25

Віктар Бабарыка

71 дзень «нявызначанасці».

14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Суддзя – Ігар Любавіцкі, пракурор – Сяргей Гіргель.

У ноч на 25 красавіка Віктар Бабарыку даставілі ў аддзяленне хірургіі Наваполацкай цэнтральнай гарадской больніцы. Пры гэтым дактары нават не адразу пазналі ў палітзняволеным колішняга кандыдата на прэзідэнцтва. У Бабарыкі быў выяўлены пнеўматоракс (назапашванне паветра паміж грудной сценкай і лёгкім), што ўскосна сведчыць пра збіццё ў калоніі.

Гэтаму папярэднічалі звесткі, што адміністрацыя ПК № 1 у Наваполацку намагаецца пагоршыць умовы палітвязню, які тады ўтрымліваўся ў памяшканні камернага тыпу.

29 траўня адзін з прадстаўнікоў наваполацкай калоніі наконт стану Віктара Бабарыкі сказаў коратка: «Жывы і здаровы». Больш нічога.

Затое ў поўным складзе затрымалі дактароў, якія былі ў Наваполацкай больніцы на момант, калі туды трапіў Віктар Бабарыка. Пяцёра лекараў атрымалі ад 10 да 15 содняў зняволення і грашовыя штрафы. А 6 чэрвеня стала вядома, што іх усіх звольнілі «за прагулы».

Агляд
Тры гады таму затрымалі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Што цяпер з Віктарам, невядома
2023.06.18 07:01

12 траўня стала вядома, што Віктар Бабарыка больш не значыцца ў складзе свайго атраду ў ПК № 1 у Наваполацку, а 13 траўня з’явіліся чуткі, што палітзняволенага перавялі ў лякарню ў Калядзічах. Пацвердзіць гэтага не атрымалася.

Адносна таго, чаму Бабарыку прыйшлося хаваць з адной лякарні ў іншую, Аляксандр Кабанаў са спасылкай на ўласныя крыніцы выказаў думку, што гэта ўсё праз вельмі цяжкі стан Віктара Бабарыкі, якому зламалі рабро і прабілі лёгкае.

Неяк высветліць лёс бацькі спрабаваў Эдуард Бабарыка, калі 1 чэрвеня накіраваў хадайніцтва наконт з’яўлення Віктара Бабарыкі на судзе ў якасці сведкі – для тлумачэння пра падораныя сыну грошы. Але гэтага так і не адбылося. У той жа час Эдуард Бабарыка 5 ліпеня атрымаў 8 гадоў зняволення.

Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард.
Фота: viktar_babaryka / Twitter

Віктар Бабарыка – вядомы мецэнат і банкір, цягам двух дзясяткаў гадоў узначальваў «Белгазпрамбанк». У 2020 годзе пастанавіў ісці ў прэзідэнты Беларусі, а ягоная каманда здолела сабраць 435 тысяч подпісаў у падтрыманне. Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года разам з сынам Эдуардам, а ў ліпені 2021 года быў асуджаны на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Такі ж лёс сёння напаткаў і іншых шматлікіх палітзняволеных, у дачыненні якіх дзее катаванне «нявызначанасцю». Сярод – іх журналіст Дзяніс Івашын, палітык Павел Севярынец, актывісты Вольга Маёрава і Ігар Аленічаў.

Што рабіць у сітуацыі, калі ад вашых блізкіх няма звестак з-за кратаў? Псіхолаг Ала Марціновіч раіць, нягледзячы ні на што, канцэнтравацца на станоўчых эмоцыях, на дзеях, намагацца пераключаць увагу на нейкую значную справу (напісанне лістоў, нягледзячы ні на што, малітву, рамонт, адукацыю, заняткі для дзяцей) і ўзгадваць станоўчыя эмоцыі пра чалавека, за якога вы перажываеце: «Чалавек на ментальным узроўні будзе ўспрымаць падтрыманне».

Каментар
Аляксандр Кабанаў: як можна дапамагчы беларускім палітвязням?
2023.07.05 11:10

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў