«Дзякуючы высілкам камуністычнай партыі». У Менску прыбралі крыж памяці святара Вінцэнта Гадлеўскага


Памятны крыж быў на тэрыторыі касцёлу Святога Роха на Залатой Горцы ў Менску. Яго ўсталявалі ў памяць пра ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, загінулага ў нацысцкім канцлагеры ў Трасцянцы. Помнік знеслі «дзякуючы высілкам камуністычнай партыі Беларусі», паведаміла прапагандыстка Вольга Бондарава.

Так выглядаў крыж памяці святара Вінцэнта Гадлеўскага.
Фота: Хрысціянская візія / Telegram

Прапагандыстка Вольга Бондарава ў сваім паведамленні называе беларускага святара і пакутніка калабарацыяністам.

Як удакладнілі журналісты радыё «Свабода», помнік каля касцёлу Святога Роха сапраўды знік. Але, як стала вядома, крыж цяпер «у адпаведным яго рэлігійнаму статусу месцы».

Вінцэнт Гадлеўскі – каталіцкі святар, палітык, публіцыст, перакладчык, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пачатку ХХ стагоддзя і нацыянальна-вызвольнага руху ў 1920–1930-х у Заходняй Беларусі, дзеяч нацыянальнага руху 1-й паловы 1940-х, ахвяра нацысцкай расправы. У гады Другой сусветнай быў пробашчам Чырвонага касцёлу ў Менску і наагул адзіным у горадзе каталіцкім святаром. Стварыў у Беларусі сетку беларускамоўных школаў. Стаўся адным з арганізатараў Беларускага антынацысцкага руху.

У снежні 1942 года Вінцэнта Гадлеўскага арыштавалі проста ў касцёле, прывезлі ў гестапа і катавалі без суда. Ксёндз загінуў у нацысцкім канцэнтрацыйным лагеры каля Малога Трасцянца. У 2008 годзе краязнаўца і навукоўца Анатоль Белы ініцыяваў усталяванне ў Трасцянцы крыжа ў памяць пра загінулага. Пазней помнік перадалі ў касцёл Святога Роха на Залатой Горцы ў Менску. Крыж у 2019 годзе добраславіў біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Hавiны
Улады Беларусі з 2020 года рэпрэсавалі 53 святароў
2023.07.07 12:31

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў