Найстарэйшы ў свеце ўрад у выгнанні сваёй дзейнасцю напалохаў КДБ


МУС Беларусі дадаў Раду БНР, яе сайт і сацыяльныя сеткі ў спіс экстрэмісцкіх фармаванняў. Пры гэтым рашэнне КДБ датаванае 2 ліпеня 2023 года. У адказ на гэтую інфармацыю Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заявіла, што рашэнне «прынятае незаконнаю злачыннай арганізацыяй, якою з’яўляецца КДБ РБ, ніякім чынам не паўплывае на далейшую дзейнасць Рады БНР, якая будзе працягваць прадстаўляць суверэнныя правы беларускага народу». Падрабязней пра гэта ў жывым эфіры «Белсату» распавёў сябра прэзідыуму Рады Алесь Чайчыц.

Цалкам размову глядзіце ў нашым відэа:

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі – найвышэйшы кіраўнічы орган Беларускай Народнай Рэспублікі, захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасць з радай Усебеларускага з’езду 1917 года, а з 1919-га дзеіць у эміграцыі і да сёння застаецца самым старым у свеце «ўрадам у выгнанні». Цяпер у яе ўваходзіць 80 сябраў – прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў з 15 краінаў, а ўзначальвае Раду Івонка Сурвіла, якая займае гэтую пасаду з 1997 года.

Старшыня Рады БНР у выгнанні Івонка Сурвіла. Кадр з відэазвароту / Рада БНР / radabnr.org

«Рада БНР – гэта перадусім гістарычная нематэрыяльная каштоўнасць, гэта нематэрыяльны інстытут, які праіснаваў 100 гадоў і працягвае існаваць. Гэта адзіная такая структура ў беларускім грамадстве, якая ёсць і працягвае існаваць, і яна ўвасабляе сабой каштоўнасці дэмакратыі, правоў чалавека, роўнасць – тыя каштоўнасці, на якіх нашыя папярэднікі спрабавалі заснаваць Беларускую Народную Рэспубліку. І вось гэта для цяперашняга беларускага рэжыму – экстрэмізм, а норма – чэкізм, праслаўленне Леніна, Дзяржынскага, Сталіна, помнікі ім і вуліцы ў іхны гонар», – падкрэслівае Алесь Чайчац.

Але чаму тады Раду БНР не чапалі дасюль і навошта спатрэбілася залучаць яе ў спісы экстрэмістаў? Паводле эксперта, гэта можа быць звязана з тым, што апошнім часам яна актывізавала сваю дзейнасць у кірунку ўзнагароджання і адзначэння заслужаных беларусаў медалямі.

Першая цырымонія ўзнагароджання медалём ордэну «Пагоні». Вільня, Літва. 22 красавіка 2023 года.
Фота: Рада БНР / Telegram

«Мы адчуваем сябе ў пазіцыі рабіць гэта ад імя стогадовай традыцыі, гэтага мандату, які мы трымаем з 1917 года. Рада БНР уручае медалі і палітвязням, і беларускім байцам, якія ваююць ва Украіне. Вядома, гэта раздражняе, але гэта падкрэслівае і важнасць таго, што мы робім», – адзначае суразмоўца.

Паводле Алеся Чайчыца, Рада БНР увасабляе сабой жывую пераемнасць, жывую традыцыю, якая спалучае цяперашні дэмакратычны рух з рухам канца 1980-х, з рухам пасляваенным і з рухам стогадовай даўніны.

Што датычыць умоваў, патрэбных, каб Рада склала мандат, то галоўнымі крытэрамі, на думку эксперта, ёсць гарантаванае забеспячэнне дэмакратыі ў Беларусі, наяўнасць легітымнага дэмакратычнага ўраду і бяспека незалежнасці нашай радзімы, то бок становішча, пры якім гэтая незалежнасць не застаецца пад пагрозаю:

«У пачатку 1990-х ішлі размовы пра перадачу гэтага мандату, але Рада БНР, можна сказаць, не паспела гэтага зрабіць, бо парламент, які існаваў на той момант, быў сфармаваны яшчэ за савецкім часам, за часамі савецкай акупацыі. І яму Рада БНР не магла гэтага [мандату] перадаць».

Акрамя Рады БНР, якая ў спісе экстрэмістаў зафіксаваная пад нумарам 134, туды залучылі «Штодзень Гомель» і «97 % Серебрянка».

Марыя Голдстэйн, «Белсат»

Стужка навінаў