Дэпутат Дзярждумы РФ заклікаў, каб Беларусь актыўней удзельнічала ў вайне


Пра тое, што Беларусь бярэ недастаткова актыўны ўдзел у «спецыяльнай вайсковай аперацыі», выказаўся першы намеснік старшыні камітэту Дзяржаўнай думы Расейскай Федэрацыі ў справах СНД Канстанцін Затулін.

Цэнтр Харкава пасля ракетнага абстрэлу ў першыя дні расейскага ўварвання. Харкаў, 1 сакавіка 2022 года.
Фота: ПД / Белсат

На думку расейскага дэпутата, гэта было б карысна, з увагі на «геаграфічную блізкасць» нашай краіны.

«Калі не непасрэдна, дык гэтак жа, як і на першым этапе спецыяльнай аперацыі, даць сваю тэрыторыю для таго, каб нашы Узброеныя сілы маглі з гэтай тэрыторыі апераваць, калі такая магчымасць паўстане. А яна, цалкам магчыма, паўстане», – адзначыў Канстанцін Затулін.

Цікава, што зусім нядаўна менавіта Канстанцін Затулін зрабіў заявы, што мэты так званай «спецаперацыі» не дасягнутыя. Пра гэта ён казаў на форуме «Якая Украіна нам патрэбная?». Пасля такіх словаў у фракцыі «Единая Россия» пачалі дазнавацца пра магчымасць пазбаўлення дэпутата пасады першага намесніка старшыні камітэту Дзярждумы ў справах СНД і пра выключэнне яго з фракцыі.

Нагадаем, што ваенныя дзеянні супраць Украіны Расейская Федэрацыя пачала ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, што зрабіла нашую краіну хаўрусніцаю агрэсіі. Таксама да восені 2022 года з тэрыторыі Беларусі здзяйсняліся ракетныя абстрэлы тэрыторыі Украіны.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў