«Сінэзіс» адкрыў для Лукашэнкі залатую жылу: онлайн-казіно прыносіць мільёны


Арганізацыя «BELPOL» падзялілася з «Белсатам» вялізным архівам дакументаў РУП «Беларускія латарэі». Расказваем, што мы даведаліся пра вялікія прыбыткі онлайн-казіно, якое не хочуць называць словам «казіно», і пра датычнасць да гэтага падсанкцыйнай кампаніі «Сінезіс», якая стварала сістэму сачэння за беларусамі.

Як маглі б аздобіць онлайн-казіно Упраўлення справамі Лукашэнкі
Выява створаная з дапамогай нейрасеткі. Як маглі б аздобіць онлайн-казіно Упраўлення справамі Лукашэнкі.
Калаж: Белсат / Dall-e / Bing.com

Упраўленне справамі Аляксандра Лукашэнкі і ягонае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Беларускія латарэі» – найбольшая кампанія ў галіне латарэяў у Беларусі. Найбуйнейшая з іхных «папяровых» латарэяў – «То!Лото», білеты якой прадаюць на пошце, у банках, у шапіках «Белсаюздруку», «Менсктрансу» і ў «Табакерках», у крамах «Еўраопт». Гэтае ж прадпрыемства да 2023 года ладзіла цяпер закрытае «Ваше лото», розыгрышы якога паказвалі на дзяржаўнай тэлевізіі. Ці не адзіны традыцыйны канкурэнт «Беларускіх латарэяў» – РУП «Нацыянальныя спартыўныя латарэі» Міністэрства спорту, якое ладзіць «Суперлато».

Ды традыцыйныя латарэі з папяровымі білетамі не прыносілі такога высокага прыбытку, як магло б здавацца з аб’ёмаў продажаў, а некаторыя нават былі стратнымі. Пяць гадоў таму ўсё змянілася: адкрылася онлайн-казіно «Белбэт», якое зацмніла сабой усе традыцыйныя латарэі і стала прыносіць у дзясяткі разоў большыя прыбыткі.

Пра тое, што мы даведаліся з матэрыялаў «BELPOL», чытайце ніжэй або глядзіце ў «Студыі „Белсату“»:

Падзяка экс-дырэктару «Сінэзіс»

У дзвюх сотняў файлаў, якія перадаў «BELPOL», можна адшукаць шмат цікавага. Ды ўсё найцікавейшае сабралі за нас у адным лісце, які ад імя намесніка кіраўніка справамі Лукашэнкі Антона Краеўскага напісалі нейкаму Юрыю Віктаравічу – імаверна, кіраўніку справамі Лукашэнкі Юрыю Назараву. Мяркуючы па мэта-звестках файла, тэкст ліста напісаў 23 студзеня 2023 года дырэктар «Беларускіх латарэяў» Міхаіл Дзенісенка, рэдагавала эканамістка кампаніі Вольга Вішнеўская.

«Беларускія латарэі», як гаворыцца ў лісце, на той момант мелі 17 папяровых латарэй і адну электронную. Тая электронная завецца «Белбэт» і была запушчаная 1 лютага 2019 года (яшчэ за Віктарам Шэйманам на пасадзе кіраўніка справамі Лукашэнкі) і праз чатыры гады стала прыносіць 99,8 % (гэта не апіска!) усёй выручкі «Беларускіх латарэяў».

Hавiны
«BELPOL» распавёў новыя дэталі карупцыйнай схемы з удзелам Віктара Шэймана і «ГардСэрвісу»
2023.11.29 16:10

Заснавальнікам «Белбэту» значыцца Упраўленне справамі Лукашэнкі. Але распрацоўвала онлайн-казіно ТАА «Сінэзіс» – тое самае, якое трапіла пад санкцыі за тое, што распрацоўвала для беларускіх уладаў сістэму сачэння і распазнавання твараў «Kipod». Цяпер онлайн-казіно падтрымлівае ТАА «Рыдота» – даччынае прадпрыемства «Сінэзісу», якое ўзначальвае былы дырэктар «Сінэзісу» Дзмітрый Швядко.

Паводле дакументу аб кампаніі «Рыдота» з архіву «Беларускіх латарэяў», «Сінэзіс» прадставіў «Беларускім латарэям» у студзені 2019 года «праграмны прадукт па правядзенні электроннай латарэі». У лютым 2020 года «ў выніку рэарганізацыі шляхам вылучэння» з ТАА «Сінэзіс» было ўтворанае ТАА «Сінэзіс Лато», якое ў канцы 2020 года змяніла назву на ТАА «Рыдота». Група кампаніяў «Synesis» не ўтойвала, што перайменаванне звязанае з трапленнем ТАА «Сінэзіс» пад санкцыі.

Швядко быў дырэктарам ТАА «Сінэзіс» з верасня 2012 года па снежань 2017-га. Але па звальненні ён не пакінуў групу кампаніяў. З траўня 2018 года па верасень 2019-га ён быў кіраўніком даччынай кампаніі «Сінэзісу», ТАА «Сінэзіс спорт» (пазней перайменаванай ў «Сінэзіс Атлас», затым – у «Атлас Акмэ»). У 2019–2020 гадах на сайце групы кампаніяў «Synesis» ён значыўся адным з кіраўнікоў, адказным за развіццё бізнесу. Кіраўніком «Сінэзіс Лато» (будучага «Рыдота») Швядко быў ад заснавання кампаніі ў лютым 2020 года, а ў лютым 2021 года атрымаў 33,34 % долі ў «Рыдота».

Даведка
Выпраўленне. Першапачаткова ў артыкуле памылкова паведамлялася, што Швядко «дырэктарам «Сінэзісу» і саўладальнікам паловы кампаніі». Гэта памылка. Швядко сапраўды быў дырэктарам ТАА «Сінэзіс», але не значыўся саўладальнікам гэтай кампаніі, толькі саўладальнікам траціны «Рыдота» і доляў у іншых кампаніях, звязаных з групай «Synesis».
Дырэктар «Сінэзіс» Дзмітрый Швядко
Дырэктар «Сінэзіс» Дзмітрый Швядко. Менск, Беларусь. 15 траўня 2018 года. Фрагмент
фота: Noc.by

І праца «Рыдота» аказалася надзвычай паспяховай. Паводле бізнес-плану, ад працы «Белбэту» Упраўленне справамі Лукашэнкі за 2019–22 гады хацела атрымаць сабе (без уліку падаткаў і выплатаў у дзяржаўны бюджэт) 20 млн рублёў, а атрымала аж 65,5 млн рублёў.

Як бачна з іншага файлу, у 2018 годзе выручка «Беларускіх латарэяў» склала 8 млн рублёў, чысты прыбытак – 80 тысяч рублёў. У 2019-м, калі запусцілі «Белбэт», выручка была ўжо 79,5 млн, а чысты прыбытак – 229 тысяч. У 2020-м выручка пераваліла за 857 млн, а чысты прыбытак дасягнуў 6 млн рублёў.

За заслугі перад Упраўленнем справамі Лукашэнкі ў згаданым вышэй лісце Дзенісенка ад імя Краеўскага прапануе ўзнагародзіць Швядко Ганаровай граматай Упраўлення справамі Лукашэнкі. Узнагародзілі ці не, невядома – згадак пра гэта ў адкрытых крыніцах няма.

Ды пасля такога поспеху «Беларускія латарэі» вырашылі ладзіць з «Рыдота» яшчэ адну латарэю з, як гаворыцца ў лісце, «выкарыстаннем самых сучасных тэхналагічных падыходаў» – перавесці ў онлайн-фармат «То!Лото» (з некаторымі ідэямі «Беларускіх латарэяў» распрацоўнікі «Рыдоты» спрачаліся: не акупяцца).

Гэта не латарэя, а прымітыўнае онлайн-казіно

Пра «самыя сучасныя» можна паспрачацца. Ацаніць «інавацыю» любы ахвочы можа бясплатна: сайт «Белбэту» дае дэма-версіі гульняў без рэгістрацыі. Чатыры дзясяткі гульняў у гэтай «латарэі» – адзін і той жа від віртуальнай слот-машыны («аднарукага бандыта»), адзінкавыя гульні прапануюць іншы працэс, як то падобнае да тэлевізійнага лато «Кено» або гульні «адгадаць, арол ці рэшка выпадзе на манетах». У гэтым онлайн-казіно няма нават рулеткі ці блэк-джэку.

Між гульнямі ў «аднарукага бандыта» мінімальныя адрозненні: у правілах падліку выйгрышу і ў графічным аздабленні. Апошняе – на ўзроўні flash-гульняў 2000-х гадоў. Уся гульня ў тым, каб увесці памер стаўкі (ад 10 капеек) і націснуць «Играть». Для самых лянівых ёсць кнопка «Аўтагульня», якая запусціць барабан да сотні разоў.

Папулярныя гульні «латарэі» на сайце «Белбэт»
Папулярныя гульні «латарэі» на сайце «Белбэт».
Скрыншот:  Belbet.by

Пры тым у гульцоў ёсць любімыя і нелюбімыя гульні. Чым прасцейшая гульня, тым больш у яе ідзе грошай. Напрыклад, у верасні 2023 года ў гульню пад назвай «Книга сокровищ» унеслі 231 млн ставак на суму 114,8 млн рублёў, выйгралі 108,9 млн. А ў «Кено» унеслі толькі 181,5 тысячы ставак на суму 316 тысяч рублёў, выйгралі 282 тысячы.

З табліцаў бачна, што гульні ў асноўным «справядлівыя»: сума ставак складае каля 95 % ад сумы выйгрышаў. Ды тое сумарна – з улікам таго, што адзін чалавек можа сарваць джэкпот, а другі прайграць увесь заробак, у пару клікаў выставіўшы 100 запускаў барабанаў са стаўкай у 50 рублёў на кожны.

Словам «казіно» гэта просяць не называць не таму, што там няма блэк-джэку або круп’е ў элегантных касцюмах. У адным з лістоў «Беларускія латарэі» тлумачаць Упраўленню справамі Лукашэнкі, што разглядзелі ліст Міністэрства фінансаў аб заканадаўчым замацаванні абавязку ідэнтыфікаваць фізічную асобу пры рэгістрацыі ў электроннай імгненнай латарэі і што лічаць такую рэгістрацыю непажаданай.

Менавіта гэтую ідэю Мінфіну лічаць непатрэбнай, бо за тры з паловай года з запуску «Белбэт» з пытаннем гульнявой залежнасці ў «Беларускія латарэі» звярнуліся толькі 16 чалавек, а ў сістэме зарэгістравана (толькі праз беларускі нумар тэлефону) амаль 965 тысяч удзельнікаў. Адпаведна, абмяжоўваць удзел у «латарэі» праз ідэнтыфікацыю гульцоў лічаць непатрэбным. А хто захоча сам абмежаваць сябе, можа выдаліць акаўнт, адзначаюць аўтары ліста.

Заканадаўства, працягваюць у лісце, абавязвае ідэнтыфікаваць фізічную асобу пры правядзенні азартных гульняў, але не пры правядзенні латарэяў. Ды і стаўка падатку на латарэйную дзейнасць – 8 %, тады як у ігорным бізнесе толькі 4 %. А значыць, калі лічыць «Белбэт» за казіно, рэспубліканскі бюджэт страціць не менш за 50 % падатковых прыбыткаў. Да таго ж, «Белбэт» пералічвае не менш за палову чыстага прыбытку ў дзяржаўны бюджэт, а пры абкладанні падаткам «па аналогіі з электронным казіно», мяркуючы па тэксце ліста, можа і перастаць гэта рабіць.

Гісторыі
«BELPOL» выдаў вялікае расследаванне пра «Амкадор» і Шакуціна. Сцісла пераказваем
2024.01.28 10:48

Хаця цалкам падобна, што стваральнікі «Белбэт» лічаць, што гэта казіно. Новая назва «Сінэзісу», «Рыдота», адсылае да Il Ridotto – першага ў Еўропе легальнага казіно, якое стварылі ў венецыянскім Palazzo Dandolo ў 1638 годзе.

«Папяровым» латарэям такое і не снілася

Мяркуючы па адной з фінансавых справаздачаў, традыцыйныя латарэі амаль цалкам згубілі актуальнасць на тле онлайн-казіно.

Агулам за 2023 год «Беларускія латарэі» мелі атрымаць (паводле разлікаў у траўні) 6 млрд 8 млн рублёў выручкі са сваёй дзейнасці з прыбыткам у 138 млн і сплачаным падаткам на даходы ў 24,3 млн, як вынік – 114,6 млн рублёў чыстага прыбытку (з якога 57,3 млн мела пайсці Упраўленню справамі Лукашэнкі). Пры тым у онлайн-казіно «Белбэт» выручка мела скласці 6 млрд 2 млн, прыбытак – 139 млн, падатак на даходы – 24,0 млн, чысты прыбытак – 115,7 млн.

А некаторыя «папяровыя» латарэі мелі атрымаць страты ад рэалізацыі, бо на прызавы фонд і продаж латарэі пайшло бы больш, чым прыйшло бы ад продажу білетаў.  Страты, што праўда, невялікія. «То!Лото» за 2023 год мела атрымаць выручку ў 3,9 млн рублёў пры прызавым фондзе ў 1,9 млн і выдатках у 3,0 млн, таму чыстыя страты склалі бы 1,0 млн рублёў – а гэта у 8–10 разоў менш за чысты прыбытак «Белбэт» за адзін месяц.

Білет латарэі «Большие деньги»
Білет латарэі «Большие деньги», якая мела прынесці стваральнікам чыстыя страты ў 1,4 тысячы рублёў за 2023 год.
Выява: Belloto.by

Назва латарэі «Большие деньги» на фоне гэтага выглядае іранічна: у яе за год планавая выручка 56,3 тысячы рублёў, чыстыя страты –4,2 тысячы рублёў. А вось латарэя «Придвинье» за год, як планавалася, прынесла бы 4,3 тысячы рублёў чыстага прыбытку пры выручцы ў 172,4 тысячы.

Папяровыя латарэі гублялі папулярнасць і да адкрыцця онлайн-казіно. У 2016 годзе «Беларускія латарэі» прадалі 3,6 млн білетаў, у 2017-м – 3,1 млн, у 2018-м – 2,9 млн, у 2019-м – 2,2 млн, у 2020-м – 1,5 млн. Продажы білетаў «Ваша лато» ўпалі ў тры разы, імгненных латарэяў – амаль у пяць разоў. Выручка ад «папяровых» латарэяў упала за гэты час з 8,1 да 4,2 млн рублёў.

Куды ідуць грошы з онлайн-казіно

Онлайн-казіно не толькі значна падвысіла прыбыткі «Беларускіх латарэяў», але і дазволіла скараціць персанал. Так, у 2019 годзе там працаваў 71 чалавек з сярэднім заробкам у 837,9 рубля, а ў 2020-м ужо 57 чалавек з сярэднім заробкам 1521,9 рубля. На сярэдзіну 2023 года ў кампаніі працаваў 61 чалавек з сярэднім заробкам 2535,5 рубля. Дырэктар жа атрымліваў за месяц каля 5 тысяч (аклад і прэмія «за складанасць і высокія дасягненні»), але з квартальнымі і гадавой прэміяй, матэрыяльнай дапамогай да свята і на адпачынак за год меў зарабіць 105,7 тысячы.

Куды ідуць грошы з онлайн-казіно, невядома дакладна. Палову аддаюць у рэспубліканскі бюджэт, невялікую долю аддаюць туды ж ўскосна праз падаткі, але каля паловы забірае сабе Упраўленне справамі Лукашэнкі, якое дзейнічае як прыватная карпарацыя і не дае дэталёвых справаздачаў.

Адзін з дакументаў сцвярджае: мэтай латарэі «Белбэт» ёсць атрыманне дадатковых сродкаў «на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржаўных прыродаахоўных установаў і размешчаных на іх тэрыторыі санаторна-аздараўленчых арганізацыяў, падначаленых Упраўленню справамі прэзідэнта, а таксама на іншыя мэты, якія вызначаюцца заканадаўчымі актамі».

Ці так гэта, спраўдзіць немагчыма. Нельга выключаць, што Упраўленне пусціць на такія «справы прэзідэнта», як пабудову чарговага раскошнага палаца пад выглядам рэстаўрацыі лякарні.

Гісторыі
Лукашэнку будуюць новую раскошную рэзідэнцыю: «BELPOL» здабыў планы з «душам уражанняў»
2023.09.18 09:39

Ды вядома, што іншыя падначаленыя Упраўленню справамі Лукашэнкі просяць у «Беларускіх латарэяў» пазыкі і грашовыя падарункі. Сярод тых, хто прэтэндуе на заробленае «латарэямі», стратныя калгасы, страхавая кампанія, мэблевая фірма, фонд меркаванага ваеннага злачынцы… Пра гэта і пра пабудову люксавага бульбасховішча «Белсат» раскажа ў наступнай публікацыі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў