Амбасадар РФ у Беларусі Барыс Грызлоў распавёў у інтэрвʼю АНТ пра планы Менску і Масквы наконт супрацы ў сферы самалётабудавання.
«Цяпер абмяркоўваецца пытанне авіябудавання – гэта таксама вельмі сурʼёзны напрамак – 407-ы Менскі завод цывільнай авіяцыі, 558-ы авіярамонтны завод у Баранавічах – яны атрымаюць заказы на выраб вузлоў расейскіх самалётаў – Ту-214, Іл-96, МС-21.
Магчыма, атрымаецца ўжо і вытворчасць канчатковых вырабаў, то бок гэта самалёт «Байкал» і «Ладога»– унутрырэгіянальныя невялікія самалёты. Так што развіццё ідзе поўным ходам», – зазначыў ён.
Масква і Менск не ўпершыню заяўляюць аб сумесных планах па развіццю самалётабудавання ў Беларусі.
У красавіку 2023 году амбасадар Беларусі ў Расеі Дзмітрый Круты заяўляў, што Беларусь плануе імпартазамясціць тысячы камплектуючых для расейскіх самалётаў. У тым ліку беларускі дыпламат казаў пра штурмавік Су-25 і вайскова-транспартны самалёт Іл-76. Аднак цяпер у інтэрвʼю АНТ Грызлоў вайсковыя самалёты не згадваў, толькі цывільныя.
Глеб Нержын belsat.eu