Загінуў былы прэзідэнт Чылі


Былы прэзідэнт Чылі Сэбаст’ян Піннера загінуў у выніку катастрофы верталёта на поўдні краіны. Пра гэта паведамляе «Reuters».

Былы прэзідэнт Чылі Сэбаст’ян Піннера.
Фота: Sebastián Piñera / Facebook

Верталёт, на борце якога былі 74-гадовы Піннера і яшчэ трое асобаў, упаў у возера на поўдні Чылі. Прычыны падзення невядомыя. Былы прэзідэнт загінуў, астатнія трое пасажыраў выжылі.

Крыніцы «Reuters» сцвярджаюць, што пілотам быў сам Піннера. Вядома, што палітык часта пілатаваў уласны верталёт і любіў адпачываць на маляўнічых азёрах на поўдні Чылі. Афіцыйныя асобы пакуль не пацвярджаюць, што Піннера кіраваў верталётам.

Як піша «BioBioChile», пасля катастрофы пасажырам удалося дабрацца да берагу, аднак былы прэзідэнт патануў, бо не змог расшпіліць пас бяспекі.

У Чылі абвешчана трохдзённая жалоба.

Піннера займаў пасаду прэзідэнта Чылі двойчы, у 2010–2014 і 2018–2022 гг.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў