Адзін з кітайскіх банкаў спыніў аперацыі з Беларуссю і Расеяй


Кітайскі Zhejiang Chouzhou Commercial Bank паведаміў кліентам аб спыненні аперацыяў з Расеяй і Беларуссю. Пра гэта інфармуе расейскае выданне «Ведомости» са спасылкай на ўласныя крыніцы ў дзелавых колах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Прадстаўнікі банку абвесцілі кліентам аб спыненні дачыненняў з усімі расейскімі ці беларускімі арганізацыямі на мінулым тыдні, кажуць суразмоўцы «Ведомостей».

«З-за гэтага ў нас ужо сарвалася некалькі ўгодаў», – кажа ўладальнік адной з кампаніяў.

Іншы суразмоўца «Ведомостей», прадпрымальнік з расейскага Іжэўску, распавёў, што першапачаткова ў Chouzhou яго апавясцілі аб спыненні плацяжоў для вызначанага спісу тавараў, увоз якіх у Расею забаронены заходнімі санкцыямі. Але праз некалькі тыдняў прадстаўнік банку паведаміў аб поўным спыненні разлікаў з Расеяй незалежна ад прадукцыі або валюты плацяжу.

Адна з крыніцаў «Ведомостей» адзначыла, што ў дадзеным выпадку правядзенне разлікаў не залежыць ад плацежнай сістэмы – спыненыя транзакцыі не толькі з дапамогай SWIFT, але і з расейскай СПФС і кітайскай CIPS.

«Нават калі рух грошай з дапамогай нацыянальных сістэмаў не відаць амерыканцам або еўрапейцам, усё гэта наглядна адлюстравана ў справаздачнасці, якую ў банку могуць запатрабаваць заходнія контрагенты», – растлумачыў ён.

Інфармацыя аб грашовых і таварных патоках паміж Кітаем і Расеяй даступная заходнім рэгулятарам нават у тым выпадку, калі контрагенты не карыстаюцца SWIFT.

Выданне зазначае, што банкі з сяброўскіх для Крамля краінаў узмацнілі палітыку ў дачыненні расейскіх кліентаў пасля публікацыі 22 снежня 2023 года ўказу прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, якім Міністэрству фінансаў даваліся паўнамоцтвы ў спрошчаным парадку караць банкі, што парушаюць санкцыі супраць Расеі.

Банк Chouzhou быў асноўным разліковым цэнтрам для расейскіх імпарцёраў.

Агляд
Лукашэнка выканаў «хатнюю працу», каб стаць васалам Кітаю? Што стаіць за яго візітам у КНР
2023.12.04 18:46

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў