Час быць разам? Пра «Новую Беларусь» Паўла Лібера

Павел Лібер запусціў «Новую Беларусь». Не адзін, вядома, працавала цэлая каманда, і сама «Новая Беларусь» уяўляе сабою платформу, здольную аб’яднаць сэрвісы пра беларусаў і для беларусаў у адным дадатку. Без незалежных камандаў, якія займаюцца асобнымі праектамі, яна, безумоўна, не існуе. Гэта прадукт калектыўных намаганняў. Ці патрэбная такая платформа сёння?

«Новая Беларусь» – гэта лічбавая версія дэмакратычнай Беларусі ў смартфоне. Крыніца: newbelarus.com

У эміграцыі – у Варшаве, Вільні ці ў нейкім іншым пункце свету – беларус адчувае патрэбу захаваць нацыянальны код. Праз захаванне культурнай прасторы, а таксама праз наяўнасць простых і зручных сэрвісаў – навіны, падзеі, праца (бізнес), адукацыя, медыцына і гэтак далей. Усё, што і складае нармальнае штодзённае жыццё.

І вось такі функцыянал зрэалізаваны. Ужо знаёмыя сэрвісы медычных кансультацыяў, «By_mapka» (мапа беларускага бізнесу), юрыдычны сэрвіс плюс пошук працы, спіс культурніцкіх падзеяў, канцэртаў, выставаў, прэзентацыяў, сартаваныя па гарадах і краінах. Усё ёсць, ужо функцыянуе, але чакае, вядома, дапаўненні і развіцця, напаўнення. Пакуль што гэта бэта-версія.

Чаго ў ёй пакуль няма?

Фінансавага сэрвісу. Магчымасці атрымліваць і захоўваць грошы, бяспечна расплачвацца за паслугі, падтрымліваць грашыма. Гэтая функцыя заяўленая, але пакуль не рэалізаваная. І яшчэ інструментаў лічбавай дэмакратыі. А вось тут цікавей.

Раней рэформа Каардынацыйнай рады была прывязаная да магчымасці правесці галасаванне беларусаў за… Уласна за што? «Голас», зрэалізаваны Паўлам Ліберам у 2020 годзе, адказваў на просты запыт. Грамадзяне загадзя не давяралі Ярмошынай і ейнаму цыркавому шоу, вельмі хацелі ведаць рэальныя вынікі выбараў. А сёння навошта беларусам галасаваць за КР? Як яна ўплывае на іхнае жыццё? І таму стваральнікі платформы пазіцыянавалі сябе сумленна: «Мы можам запэўніць бяспеку і падлік галасоў, але стварыць сэнс такога галасавання – за межамі нашых магчымасцяў».

Hавiны
Навошта ісці ў Каардынацыйную раду? Спыталі, што яна дасць дэлегатам і астатнім беларусам
2022.10.28 13:50

Нашая лічбавая дэмакратыя – усё ў тым жа пункце. Тэхнічная магчымасць ёсць. Але каб яна была зрэалізаваная, павінны папрацаваць не інжынеры і праграмісты, а палітыкі.

Хоць магчымы і адваротны рух, калі сэрвісы будуць сапраўды добрыя, а імкненне беларусаў «быць разам» сапраўды будзе ўсвядомленым, моцным, то яно цалкам натуральным чынам спародзіць і запыт на палітычнае прадстаўніцтва ўласных інтарэсаў. Праўда, можа так здарыцца, што рэпрэзентоўваць «Новую Беларусь» у гэтым выпадку будуць ужо іншыя палітыкі.

Гэта справа будучыні. Наколькі далёкай? Залежыць ад самых беларусаў. Тэхнічныя сродкі будуць, у гэтым можна быць абсалютна ўпэўненым.

І яшчэ адно пытанне: ці ёсць у гэтай платформе, «Новай Беларусі», карысць для тых мільёнаў беларусаў, якія сёння застаюцца ў Беларусі?

Небяспечнае пытанне. Так, аўтары прадугледзелі максімальна магчымыя механізмы бяспекі, прапануюць не ўсталёўваць праграмы, а карыстацца браўзернаю версіяй, але, паклаўшы руку на сэрца, беларусы ў Беларусі сёння ў зусім іншай сітуацыі, у іх няма настальгіі па культуры, супольнасці, у іх іншы запыт. І калі не народзіцца нейкая відавочная карысць (паводле аналогіі з «Голасам»), цяжка сабе ўявіць масавае выкарыстанне «Новай Беларусі» ўнутры старой.

Хоць, калі сённяшнія ўлады ў Беларусі працягнуць разбураць прастору з такім жа азартам, як за апошнія два гады, запыт на альтэрнатыву можа і падрасці.

Hавiны
Новая Беларусь: беларусам прапануюць стварыць свабодную дзяржаву ў смартфоне
2022.12.02 21:04

У канчатковым пункце разважанняў пра «Новую Беларусь» паўстае пытанне, якое не мае ніякага дачынення да тэхналогіяў: ці патрэбныя мы адно аднаму? Ці ёсць нешта, што нас яднае за межамі палітычных кампаніяў? Ці здольныя беларусы стварыць уласную пазапрасторавую культурніцкую супольнасць?

Выехалі ніяк не менш за 200 тысячаў чалавек. І гэты працэс трывае. Мы, новапрыбылыя, – краіна памерам з Ісландыю (не Манака або Сан-Марына). Я бачу шмат інтэлігентных, культурных, адукаваных людзей, але мала веры ў сябе і рэальных вынікаў.

А платформа вельмі сімпатычная. Спадзяюся, яе чакае вялікая будучыня. З такою назвай і не можа быць інакш, праўда?

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў