Кіеў рыхтуецца да міграцыйнага крызісу, які Менск раней арганізоўваў на мяжы з Літвой і Польшчай


Афіцыйны Кіеў сёння раглядае афіцыйны Менск не як сябра, а як патэнцыйнага ворага. Ужо цяпер да мяжы з Беларуссю Украіна сцягвае войскі і сілавікоў, паколькі чакае правакацыяў, у тым ліку і ўзнікненне тут міграцыйнага крызісу, кшталту што быў на мяжы з Польшчай і Літвой.

На мяжы з Польшчай памежнікі суседняй краіны фіксуюць шматкротнае змяншэнне фактаў прарыву мяжы і колькасці правакацыяў. Надалей, як паведамляе афіцыйная Варшава, беларускія вайскоўцы ладзяць правакацыі, гэтак, 5 снежня ў раёне Нараўкі памежнікі Польшчы заўважылі прадстаўнікоў беларускіх службаў, якія кідалі з аўтамабіля петарды. Але за дзень польскія памежнікі зафіксавалі 35 спробаў нелегальнага пераходу беларуска-польскай мяжы, раней такіх спробаў было сотні.

Hавiны
Колькасць мігрантаў, якія спрабуюць перасекчы беларуска-польскую мяжу, змяншаецца
2021.12.06 12:14

У сваю чаргу медыі паведамляюць, што міграцыйны крызіс перакінецца на беларуска-ўкраінскую мяжы. Гэтак Telegram-канал «Минская семибоярщина» паведамляе, што першая фаза прарыву мяжы з Украінай можа распачацца 24-27 снежня. З мэтай дэстабілізацыі сітуацыі, паводле інфармацыі Telegram-каналу, беларускі рэжым будзе выкарыстоўваць каля 1000 чалавека. Дапамагаць мігрантам даручылі ўзброеным сілам краіны.

Афіцыйны Кіеў не выключае, што міграцыйная плынь з Беларусі можа павярнуцца ў яе бок, таму ўжо цяпер памежнікі рыхтуюцца да патэнцыйнага наплыву іншаземцаў.

«Мы добра бачым, якая сітуацыя складваецца на межах краін Еўропы, у прыватнасці Польшчы, Літвы, Латвіі. Паколькі ў пэўнай ступені да гэтых плыняў нелегальных мігрантаў датычныя дзяржаўныя органы Беларусі, і мы гэта добра фіксуем, мы не выключаем, што ў любы момант яны могуць быць накіраваныя ў бок Украіны. З гэтай нагоды было праведзена пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны. Былі дадзены выразныя ўказанні для ўзмацнення дзяржаўнай мяжы Украіны», – распавёў «Белсату» Андрэй Дэмчанка, спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны.

Андрэй Дэмчанка, спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны. Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы». Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны ў размове з «Белсатам» адзначыў, што сапраўды, Украіна цяпер разглядае некалькі магчымых варыянтаў захадаў Крамля, у тым ліку і варыянт магчымых агрэсіўных захадаў, у якіх будуць задзейнічаныя і мігранты з тэрыторыі Беларусі.

«У сувязі з гэтым цяпер распрацоўвацца контрзахады на гэтую агрэсію. Што да фармавання міграцыйнага крызісу на беларуска-ўкраінскай мяжы, то Украіна разглядае такую верагоднасць агрэсіі з боку Крамля, калі тыя асобы, якія працягваюць знаходзіцца ў Беларусі каля польскай мяжы, могуць быць задзейнічаныя ў тым, каб штурмаваць украінскую мяжу. Цяпер гэтую праблему вывучаюць памежнікі, Міністэрства ўнутраных справаў, Генштаб Узброеных сілаў. Будуць задзейнічаныя ў супрацьдзеянні тэрытарыяльныя войскі, Узброеныя сілы. На мяжы фармуецца адпаведны патэнцыял. Цяпер высілкі на мяжы скіраваныя на тое, каб пазбегнуць магчымай эскалацыі», – кажа Раман Бяссмертны.

Hавiны
Беларусь абвінаваціла ўкраінскіх вайскоўцаў ва «ўхіленні ад дыялогу»
2021.12.05 14:02

Афіцыйны Кіеў, паводле Андрэя Дэмчанкі, рыхтуецца да таго, каб стаяць на лініі мяжы, і не прапускаць мігрантаў на тэрыторыю Украіны. Калі будзе сітуацыя, як і ў Польшчы.

«Бываюць сітуацыі, калі нелегальныя мігранты пэўнымі групамі могуць трапіць на тэрыторыю Украіны. Будзе ўжывацца працэдура рэадмісіі, то бок вяртання ў Беларусь. Калі ж беларускі бок з нейкіх прычынаў не захоча прымаць гэтых людзей, то тады ўжываецца зноў жа механізм прымусовага вяртання ці высылання гэтых людзей у краіны паходжання або ў трэція краіны», – кажа прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны.

У сваю чаргу беларускія ўлады цяпер агучваюць у дачыненні да Украіны даволі агрэсіўную рыторыку. Пасля інцыдэнту, які меў месца 4 снежня, калі ўкраінскі верталёт Мі-8 нібыта парушыў беларускую мяжу ў раёне Новай Рудні, Мінабароны Беларусі перадала ў сувязі з інцыдэнтам ноту пратэсту вайсковаму аташэ пры амбасадзе Украіны ў Беларусі. Пры гэтым украінскі бок не прызнае факт парушэння мяжы.

Афіцыйны прадстаўнік Мазырскага памежнага атраду Сяргей Паўлаў заявіў, што пры ўзнікненні ў далейшым выпадкаў парушэння дзяржаўнай мяжы «беларускія памежнікі будуць дзейнічаць вельмі жорстка».

Hавiны
Беларускія памежнікі прыгразілі Украіне дзейнічаць «вельмі жорстка»
2021.12.05 17:57

Раней жа Лукашэнка сцвярджаў і пазіцыянаваў сябе як сябра Украіны.

«Я ў словы Лукашэнкі не верыў ні раней, ні цяпер, паколькі, зусім не ён прымае рашэнні і не ён аддае каманды, Увогуле, ён гуляе толькі намінальную ролю ў гэтых працэсах. На мой погляд, у пратэстах, падчас якіх беларускі народ выступіў супраць дыктатара Лукашэнкі, не хапала разумення таго, што гэта не проста Лукашэнка, а за яго плячыма Крэмль, які выступае за яго, падтрымлівае яго, утрымлівае яго. Кіеў жа заўсёды разглядаў Лукашэнку як сатэліта, як выканаўцу волі Пуціна. А тое, што ён цяпер заяўляе, гэта проста галава, якая прамаўляе», – кажа Раман Бяссмертны.

Дыпламат таксама адзначае, што Украіна адэкватна ацэньвае рызыкі, якія нясе рэжым Лукашэнкі для рэгіёну.

«Кіеў разумее логіку развіцця працэсу, паколькі і цяпер знаходзіцца ў стадыі вайны з Масквой і мы разумеем, што пры існай сітуацыі беларус ідзе наўпрост да вайны з Крамлём. І чым раней гэта ўсвядомяць беларусы, а міжнародная супольнасць дапаможа справіцца з недапрэзідэнтам, тым хутчэй супольнасць зможа дасягнуць супольнай пазіцыі як супрацьстаяць крамлёўскай агрэсіі супраць цывілізаванага свету», – падсумоўвае Раман Бяссмертны.

Паводле БІ-БІ-СІ, на Захадзе цяпер разглядаюць верагоднасць уварвання Расеі ва Украіну і лічаць, што ў пачатку 2022 году Крэмль распачне вайну. Крыніцы паведамляюць, што дзеля нападу можа быць выкарыстаная і тэрыторыя Беларусі.

Эксперты лічаць, што Масква расчаравалася ў дыпламатыі на ўкраінскім напрамку і ў магчымасці дамовіцца з Зяленскім. Таксама верагодны напад на Украіну абумоўлены і тым, што афіцыйны Кіеў усё больш актыўна супрацоўнічае з NATO. Але аптымісты, паводле медыяў, выказваюць думку, што перамяшчэнне войскаў – спроба прымусіць Кіеў і Захад прыслухацца да сваёй пазіцыі.

Hавiны
Замежныя СМІ са спасылкай на разведку ЗША: Расея рыхтуецца ўварвацца ва Украіну
2021.12.04 19:46

РК belsat.eu

Стужка навінаў