Якія краіны прызначылі спецпрадстаўнікоў для сувязяў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі?


6 лістапада кіраўнік МЗС Швецыі Табіяс Більстрэм на сустрэчы з абранай прэзідэнткай Беларусі Святланай Ціханоўскай паведаміў пра прызначэнне адмысловай прадстаўніцы ў сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. «Белсат» з дапамогай Офісу беларускай лідаркі паглядзеў, якія яшчэ краіны пайшлі на такі крок.

Крыстына Юганнэсан 6 лістапада 2023 года ў Вільні.
Фота: Белсат

Спецпрадстаўніцаю Швецыі ў сувязях з дэмакратычнай Беларуссю сталася Крыстына Юганнэсан, якая была амбасадаркай у Менску ў 2017–2022 гадах.

У верасні спецыяльным прадстаўніком міністра замежных справаў Польшчы ў справе супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі быў прызначаны Артур Міхальскі. Ён быў амбасадарам у Менску ў 2018–2023 гадах.

У лютым 2023 года свайго спецпрадстаўніка ў сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі прызначыла Эстонія. Ім зрабіўся Марка Коплімаа.

Часовай паверанай у справах амбасады Літвы ў Беларусі ёсць амбасадарка ў асаблівых даручэннях літоўскага МЗС Аста Андрыяўскіене, якая раней узначальвала амбасаду ў Менску.

Францыя ў кастрычніку 2022 года прызначыла спецпрадстаўніцаю Віёлен дэ Вільмёр, якая замяніла былога амбасадара ў Менску Нікаля дэ Лякоста.

У 2021–2022 гадах у Вільні праз немагчымасць прыехаць у Беларусь працавала і амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр. Улетку 2022 года яна была прызначаная амбасадаркай на Кіпр. На сёння ў амбасадзе ЗША ў Вільні ёсць персанал, адказны за стасункі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, але пытанне прызначэння менавіта новага спецпрадстаўніка для сувязяў з дэмакратычнымі сіламі дагэтуль не развязанае.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў