Пуцін зноў пойдзе на прэзідэнцкія выбары – Reuters


Уладзімір Пуцін у пяты раз будзе балатавацца на прэзідэнцкую пасаду. Пра гэта паведамляюць адразу шэсць крыніц, але Крэмль не пацвярджае інфармацыю медыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін размаўляе па тэлефоне. 21 снежня 2021 года.
Фота: kremlin.ru

Уладзімір Пуцін вырашыў удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у Расеі ў сакавіку 2024 года. Пуцін лічыць, што яму неабходна правесці Расею праз найнебяспечнейшы перыяд за апошнія дзесяцігоддзі, паведамляюць крыніцы «Reuters».

«Рашэнне ўжо прынятае – ён будзе балатавацца», – кажа адна з крыніц, знаёмая з хадою падрыхтоўкі да выбараў.

Інфарматар з дыпламатычных колаў адзначае, што Пуцін прыняў такое рашэнне нядаўна і што аб’ява пра гэта будзе зроблена ў найбліжэйшы час.

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў кажа, што расейскі кіраўнік ніякіх заяў пра выбары яшчэ не рабіў. «Ды і сама кампанія афіцыйна яшчэ не абвяшчалася», – адразае Пяскоў. У верасні ён заявіў, што калі Пуцін прыме рашэнне балатавацца, то ніхто не зможа скласці яму канкурэнцыю.

У выпадку перамогі на выбарах тэрмін кіравання Уладзіміра Пуціна будзе падоўжаны да 2030 года. 7 кастрычніка яму споўніўся 71 год.

Чакаць, што хтосьці складзе Пуціну сурʼёзную канкурэнцыю, сапраўды не даводзіцца. Кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын, які набіраў папулярнасць сярод расейцаў, загінуў у авіякатастрофе. Гэта адбылося праз два месяцы пасля яго няўдалага бунту і паходу на Крэмль.

Расейскі апазіцыянер з прэзідэнцкімі амбіцыямі Аляксей Навальны знаходзіцца за кратамі. Яго арыштавалі 17 студзеня 2021 года. Навальны вяртаўся з Берліна ў Маскву, толькі адыйшоўшы пасля смяротна небяспечнага атручвання. Паводле звестак следчых «Bellingcat», да замаху на палітыка былі датычныя супрацоўнікі ФСБ Расеі.

Пра жаданне вылучацца ў прэзідэнты абвесціў дэпутат гарадской рады Даўгапруднага ад партыі «Справедливая Россия» Барыс Надзеждзін (раней уваходзіў у «Союз Правых Сил»). Чакаецца таксама вылучэнне заснавальніка партыі «Яблоко» Рыгора Яўлінскага, які не так даўно быў на прыёме ў Пуціна.

belsat.eu / Авер

Стужка навінаў