«Не рабіце з турмы турмы». Галоўная рэдактарка TUT.by сустракае 46-годдзе ў вязніцы


6 лістапада спаўняецца 46 гадоў галоўнай рэдактарцы парталу TUT.by Марыне Золатавай. Яе затрымалі 18 траўня 2021 года, а ў сакавіку 2023-га суддзя Валянціна Зянкевіч прысудзіла ёй 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пра тое, што адбываецца з Золатавай у зняволенні, выданню «Zerkalo» распавялі яе былыя сукамерніцы.

Галоўная рэдактарка TUT.by Марына Золатава.
Фота: Facebook Марыны Золатавай

«Мне здаецца, што Марына была гатовая да таго, што апынецца ў турме. Яна расказвала, што літаральна за два тыдні да затрымання ездзіла разам з мужам выбіраць нейкія прадметы адзення. І яна сказала яму, якія легінсы, якая кофта і якія красоўкі ёй будуць патрэбныя ў выпадку арышту. Гэта значыць, яна рыхтавалася. Нейкія неабходныя рэчы ў яе ўжо былі з сабой», – распавядае былая палітзняволеная Дар’я (імя змененае).

Паводле іншай былой сукамерніцы Марыны, Іны Крутой, у адміністрацыі СІЗА было негалоснае распараджэнне аб тым, каб Марыне Золатавай кожны месяц мянялі камеру.

Абноўлена
Колішнюю галоўную рэдактарку TUT.by Марыну Золатаву асудзілі на 12 гадоў калоніі
2023.03.17 15:14

«Побач з ёй усе трымалі субардынацыю проста таму, што гэта – Марына. Мы ўсе баяліся і стараліся выглядаць лепшымі, чым мы ёсць насамрэч. Калі яна камусьці аказвала знакі ўвагі, падтрыманне нейкае, дык гэта было вельмі цёпла. У нас сядзелі ў асноўным палітычныя, але і непалітычныя таксама. І Марына да ўсіх вельмі аднолькава ставілася, яна не вылучала кагосьці асабліва», – адзначае Іна Крутая.

Як кажа Дар’я, Золатава заўсёды дзялілася нейкімі кнігамі, якія можна пачытаць, і «рознымі спосабамі, як прабавіць час». Таксама, дадае Іна Крутая, рэдактарка спрабавала з дапамогаю законаў абараняць правы зняволеных, сачыла за гігіенай у камеры. Завяла традыцыю рабіць агульную салату для ўсіх, нават «для «маргінальных» дзяўчат».

«У Марыны была каронная фраза. Калі ў камеры зʼяўляліся вошы ці прыходзіла новая суседка з «блохамі», то казала: «О божа, жыццё мяне да гэтага не рыхтавала!» Але яна хутка набывала новыя веды пра тое, як, напрыклад, змагацца з вошамі», – распавядае Вольга Рытус, былая палітычныя зняволеная.

Hавiны
Улады дадалі палітзняволеных працаўніц TUT.by ў «спіс экстрэмістаў»
2023.08.18 15:55

Сукамерніцы дадаюць, што Золатава захоўвае аптымізм і супакойвае іншых:

«Два разы на дзень адміністрацыя СІЗА ладзіла правяранні ў нашай камеры. На маленькім пятачку бетону трэба было выканаць правілы ўборкі. Гэта нерэальна, бо людзей шмат, а месца мала. І калі мы пачыналі фанатычна прыводзіць у парадак ложкі, Марына казала: «Дзяўчаты, не рабіце з турмы турмы. Не рабіце больш жорсткімі для сябе і без таго жорсткія правілы». І гэта вельмі расслабляла і як быццам адцягвала ад навакольнага становішча. Мы і праўда загналіся на гэтых правілах», – кажа Крутая.

У зняволенні Золатава шмат распавядала пра свайго мужа, «хвалявалася за сына, бо ў яго пераходны ўзрост і яму цяжка», ды ганарылася дачкой, якая на выпускны на знак салідарнасці з маці вельмі коратка пастрыглася.

Артыкулы
«Самае галоўнае, аб чым піша Марына, што яна вельмі шчаслівы чалавек». Васіль Кішкурна – пра жонку Марыну Золатаву
2021.11.06 10:34

Золатава актыўна разгадвала крыжаванкі, каб заняць мозг дзейнасцю, ды з дапамогай падручных рэчаў займалася спортам, бо «лічыла, што гэта яе абавязак – захаваць сябе». «Марына на месцы бегала крос – пяць кіламетраў. Яна ўяўляла, што бяжыць разам са сваёй дачкой, якая раней спорту не любіла, але з лістоў высветлілася, што тая таксама пачала займацца «фізухай», – кажа Рытус.

Калі Золатаву пераводзілі з камеры, распавядае Крутая, «было адчуванне, што ў нас забралі нешта светлае».

«Мы выйшлі, а яна – не. Я ўвесь час адчуваю нейкі іспанскі сорам. Марыну пасадзіў нехта іншы, а сорамна мне. Мне ўвесь час перад ёй сорамна, нібыта я таксама адказная за яе тэрмін», – адзначае яна.

Напісаць ліст, каб падтрымаць Марыну Золатаву, можна на адрас: Золатавай Марыне Васільеўне, ПК № 4, вул. Антошкіна, 3, 246035, г. Гомель.

Гісторыі
«Сняжынка ў пекле». Кацярына Андрэева адзначае дзень нараджэння за кратамі, ёй 30 гадоў
2023.11.02 08:54

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў