Больш за два гады ў Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі: штодзень адбываюцца палітычна матываваныя затрыманні, суды і прысуды. «Белсат» пераказвае, што стала вядома за адзін толькі дзень 6 кастрычніка.
Менскі абласны суд 6 кастрычніка вынес прысуд у «справе БелаПАНу». Прысуд такі:
Гарадзенскі абласны суд асудзіў на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму 36-гадовага мясцовага жыхара Юрыя Станеўскага. Прысудам пахвалілася Генеральная пракуратура, а канал гарадзенскіх назіральнікаў назваў імя зняволенага. Станеўскага судзілі за каментары ў Telegram, выявілі ў ягоных дзеяннях «Распальванне варожасці», «Абразу прадстаўніка ўлады», «Пагрозу гвалтам службовай асобе» і «Здзек з дзяржаўнай сімволікі».
Таксама ў Горадні асудзілі на 2,5 года калоніі агульнага рэжыму 35-гадовага Аляксандра Ваўчка, піша «Вясна». Яго прызналі вінаватым у «Паклёпе на Лукашэнку» і «Абразе Лукашэнкі» за публікацыі ў «Аднакласніках», тэкставы каментар і відэа «УКантакце». На апошнім падсудны выказваўся ў бок Аляксандра Лукашэнкі «з парушэннем этычных нормаў». Суддзя – Наталля Горбач.
У судзе Савецкага раёну Менску, як стала вядома сёння, яшчэ 23 жніўня асудзілі на паўтара года «хатняй хіміі» (абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову) палітвязня Міраслава Сабчука. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў маршы пратэсту, дэманстраванні плакату і пратэставай сімволікі.
6 кастрычніка затрымалі беларускіх журналістаў Аляксандра Лычаўку і Сняжану Інанец. Прычыны затрымання невядомыя.
У Бараўлянах на працоўным месцы затрымалі вядомага трансплантолага Аляксея Аляксейчыка, піша «Наша ніва». Прычына затрымання невядомая. У Ваўкавыску затрымалі Аркадзя Навумыка, якога раней чатыры разы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, а цяпер схапілі нібыта за ўдзел у плане «Перамога», пішуць гарадзенскія назіральнікі.
У Глыбокім днём раней затрымалі відэааператара Леаніда Юрыка і назіральніка за выбарамі Вадзіма Хлуса, меркавана, у межах адміністрацыйнай справы, напісаў актывіст Кастусь Шыталь. Ён жа паведаміў, што «зачыстка» на гэтым не спынілася, «па горадзе ходзіць АМАП».
Два дні таму ў Менску затрымалі 43-гадовага Мікалая Нямковіча, правялі ператрус на ягоным лецішчы, піша «Вясна». Дзень таму ў Менску затрымалі Сяргея Кабзенку.
Праўладныя каналы пахваліліся затрыманнем Ксенеіі Котавай, якую назвалі анархісткай, заўважыла «Вясна». На «пакаянным відэа» яна кажа, што мае татуяванне «ACAB», была на пратэстах 2020 года і далучылася да плану «Перамога». Таксама праўладныя каналы паведамілі аб затрыманні 26-гадовага Андрэя Карпенкі, якога абвінавацілі ў публікацыі паста з «паклёпам» на Лукашэнку. У «пакаянным відэа» мужчына (наўрад ці па сваёй волі) расказвае, як кепска жыць у Еўропе і Канадзе, таму ён і вырашыў вярнуцца ў Беларусь.
Таксама па вяртанні ў Беларусь затрымалі 26-гадовага Паўла Далгакова, заўважае «Вясна». На «пакаянным відэа» ён кажа, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту.
КДБ дадаў палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута ў спіс «тэрарыстаў». А дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА апублікавала «пакаяннае відэа» былога супрацоўніка АНТ Змітра Семчанкі, затрыманага за пасты ў сацсеткі, і відэа пагрому ў офісе кампаніі «Белагра».
Радыё «Свабода» перадае, што маці анархіста Валянціна Аліневіча непакоіцца за сына, які абвясціў галадоўку яшчэ 19 верасня. Учора адвакат не змог траіць да зняволенага.
Менскія ўлады 6 кастрычніка запатрабавалі поўнага высялення каталіцкай парафіі з будынку Чырвонага касцёлу і суседняга з ім будынку, а таксама закрылі школу пры каталіцкім цэнтры ў Менску.
Алесь Наваборскі belsat.eu