Указ Лукашэнкі, які забараняе замену пашпартоў за мяжой, афіцыйна апублікаваны


У сераду 6 верасня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале з’явіўся Указ Лукашэнкі №248 ад 4 верасня «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў» – той самы, паводле якога беларускія амбасады і консульствы за мяжой больш не змогуць выдаваць беларусам пашпарты, а таксама здзяйсняць шэраг іншых натарыяльных дзеянняў. Указ уступае ў сілу з 7 верасня.

Пашпарт грамадзяніна Беларусі. Кіеў, Украіна. 27 жніўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Адначасова беларускае Міністэрства замежных справаў дало каментар да Указу і растлумачыла, як цяпер мяняць пашпарты.

«Беларускія замежныя ўстановы больш не ўпаўнаважаныя займацца пытаннямі выдачы/абмену/працягу ўсіх відаў пашпартоў і ідэнтыфікацыйных карт. Указаныя дзеянні можна ажыццявіць на тэрыторыі Беларусі», – гаворыцца ў каментары.

Беларусы, якія аформілі ў амбасадзе пастаяннае пражыванне за межамі краіны і знаходзяцца на сталым консульскім уліку, змогуць звяртацца за абменам пашпарту ў галоўнае консульскае ўпраўленне МЗС ці ў падраздзяленне па грамадзянству і міграцыі УУС па месцы апошняй рэгістрацыі ў Беларусі. Беларусы, якія ніколі не жылі ў Беларусі, змогуць звяртацца па апошнім месцы жыхарства бацькоў.

Апастыль цяпер можна будзе паставіць у адным з дзяржаўных органаў непасрэдна на тэрыторыі Беларусі – у МЗС, Мінадукацыі, Мінюсце і т.п.

«Падача дакументу для прастаўлення апастылю магчымая толькі асабіста ўласнікам дакументу ці іншай асобай пры прад’яўленні даверанасці, аформленай у Рэспубліцы Беларусі», – зазначае МЗС.

Разбор
Што трэба ведаць пра адмову выдаваць і працягваць беларускія пашпарты за мяжой
2023.09.05 19:21

Указ таксама забараняе здзяйсненне шэрагу дзеянняў па даверанасцях, аформленых за межамі Рэспублікі Беларусь. Цяпер пры здзяйсненні здзелак з маёмасцю, пры дзяржаўнай рэгістрацыі маёмасці, атрыманні даведак з ЗАГСу і падчас шэрагу іншых адміністратыўных працэдур трэба будзе звяртацца асабіста ці выкарыстоўваць даверанасць, аформленую на тэрыторыі Беларусі.

Звароты, якія беларусы паспелі падаць у амбасады да ўступлення ў сілу Указу, будуць разглядацца ў былым парадку, абяцае МЗС.

Аб’ектыў
Указ Лукашэнкі: помста ці спроба вярнуць «беглых»?
2023.09.05 22:32

Амбасады працягнуць займацца пытаннямі грамадзянства, консульскага ўліку, афармленнем пастаяннага пражывання за мяжой, рэгістрацыяй актаў грамадзянскага стану (шлюб, развод). Таксама ў амбасадах ды консульствах Беларусі можна будзе атрымаць пасведчанне на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь (выдаецца ў выпадку, калі пашпарт быў згублены, сапсаваны ці ў яго скончыўся тэрмін дзеяння, а таксама для нованароджаных дзяцей), засведчваць завяшчанні, згоды, адмовы, сапраўднасць копіяў і подпісаў на дакументах.

Абноўлена
Замежныя даверанасці і пашпарты ператворацца ў «гарбуз»? Лукашэнка падпісаў новы ўказ
2023.09.05 12:05

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў