news
Аналітыка
Помста за нелюбоў да Лукашэнкі. Навошта эмігрантаў пазбаўляюць пашпартоў і даверанасцяў
Якімі будуць наступствы лукашэнкаўскага ўказу.
06.09.202319:13

Напярэдадні «Дня народнага адзінства» ўлады Беларусі вырашылі ўскладніць жыццё сотням тысячаў грамадзянаў, якія з той ці іншай прычыны жывуць за мяжой. Іхныя пашпарты і даверанасці рыхтуюцца стаць нікому не патрэбнымі паперамі, а каб вырашыць нейкія справы ім прапануецца на свае страх і рызыку вяртацца ў краіну, дзе ні да законаў. Карэспандэнты «Белсату» распыталі незалежных экспертаў, навошта рэжым гэта робіць і што ў яго ў выніку атрымаецца.

7 верасня набывае моц указ № 278 Аляксандра Лукашэнкі, які рэзка абмяжоўвае правы і магчымасці беларусаў, якія жывуць за межамі радзімы. Гэтак, цяпер беларускія амбасады і консульствы перастануць выдаваць ці абменьваць пашпарты, іх можна будзе атрымаць толькі ў Беларусі паводле месца прапіскі. Гэта таксама датычыць прастаўлення апастылю і выдачы шэрагу іншых дакументаў. А даверанасці беларусаў, складзеныя за мяжой, ад цяпер страцяць сваю моц, у выніку чаго не магчыма будзе прадаваць кватэры, дамы ці машыны.

Ва ўмовах масавай палітычнай эміграцыі і затрыманняў тых, хто вяртаецца ў Беларусь, такія новаўвядзенні ставяць беларусаў перад выбарам: або застацца без пашпарту і магчымасці распараджацца сваёй маёмасцю, або ехаць у краіну, рызыкуючы з яе не выехаць.

Абноўлена
Замежныя даверанасці і пашпарты ператворацца ў «гарбуз»? Лукашэнка падпісаў новы ўказ
2023.09.05 12:05

«Дзяржава самаўхілілася з яшчэ адной сферы жыцця, дзе павінна клапаціцца пра грамадзянаў. Шмат якія важныя паслугі робяцца недасяжнымі – напрыклад, нельга будзе памяняць пашпарт у амбасадах і консульствах. А значыць, тыя з вас, хто не могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь, рызыкуюць застацца без найважнейшага дакументу для легальнага жыцця і працы за мяжой», – адзначыла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Да таго ж яна заклікала «не паддавацца паніцы і не рабіць неабдуманых учынкаў», «бо ніводны дакумент у свеце не варты чалавечай свабоды».

Грамадзяне – толькі прыхільнікі Лукашэнкі

У каментары «Белсату» палітолаг Валер Карбалевіч адзначыў, што «гэты ўказ цалкам выцякае з канцэпту, які рэжым Лукашэнкі ўзяў на ўзбраенне»:

«Грамадзянамі Беларусі, грамадствам, народам лічацца толькі прыхільнікі Лукашэнкі. Усе ягоныя праціўнікі – гэта не народ, гэта не грамадзяне. На іх не распаўсюджваецца дзеянне Канстытуцыі і законаў. З імі можна рабіць што заўгодна. І ставіцца задача іх або перасадзіць у турму, або проста выціснуць за мяжу, у палітычную эміграцыю і потым пазбавіць статусу грамадзянаў».

Але калі завочныя суды ў дачыненні палітэмігрантаў, якія прадугледжваюць пазбаўленне грамадзянства і канфіскацыю маёмасці, пакуль на практыцы датычылі адзінкавых выпадкаў, то «гэты ўказ закране вялізную колькасць беларусаў».

«Гэта даволі масавы ўдар. Гэта помста тым беларусам, якія нелаяльныя рэжыму. І гэта спроба пазбавіць іх права быць грамадзянамі Беларусі. Спачатку дэ-факта, а потым і дэ-юрэ», – падкрэсліў палітолаг.

На яго думку, Лукашэнка такім чынам спрабуе рэалізаваць сваю мару – «стварыць краіну толькі са сваіх заўзятараў». І хоць ператварыць Беларусь у КНДР не атрымаецца, але пазбавіцца вялікай колькасці праціўнікаў «ужо ўдалося», «працэс стварэння таталітарнай дзяржавы ідзе».

Аналітыка
Хэпі-энду для Беларусі не будзе? Чаму КНДР і сям’я Кімаў дасюль «жывейшая за ўсіх жывых»
2023.07.03 16:38

Пакараныя ні за што

Вадзім Мажэйка, каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение», дадаў, што імкнучыся нашкодзіць жыццю палітычных эмігрантаў, «рэжым ігнаруе тую велізарную колькасць праблемаў, якія ён на роўным месцы стварае беларусам, якія, можа, шмат гадоў жывуць за мяжой, маюць беларускі пашпарт і, магчыма, маёмасць у Беларусі».

«Гэтых людзей фактычна караюць ні за што», – падкрэсліў эксперт.

Паводле яго, указ дыскрымінуе людзей паводле таго месца, дзе яны фізічна знаходзяцца, хоць у грамадзянаў Беларусі няма абавязку жыць у Беларусі.

«Беларусь фактычна здымае з сябе абавязкі клапаціцца пра інтарэсы беларусаў, калі яны не ў Беларусі», – заявіў Мажэйка.

З ног на галаву

Былы дыпламат, старэйшы даследчык Цэнтру новых ідэй Павел Мацукевіч у сваю чаргу адзначыў, што «сэнсу прысутнасці беларускіх дыпламатаў робіцца ўсё менш і менш праз няўдалыя крокі беларускай дзяржавы». І ў выніку скарачэння функцыяў у амбасадаў і консульстваў можна чакаць і пэўных скарачэнняў персаналу.

«Беларускім рэжымам усё пастаўлена з галавы на ногі. Нармальная краіна наадварот павінна ісці з консульскімі паслугамі туды, куды едуць беларусы, дзе знаходзіцца іх большасць – у Польшчу, Літву, Латвію, Грузію. Па-нармальнаму, трэба наадварот пашыраць консульскую прысутнасць у гэтых краінах і спрашчаць консульскія паслугі. Дзяржава павінна прысутнічаць там, дзе ёсць беларусы», – адзначыў былы дыпламат.

Аднак ён дадаў, што ў беларускіх амбасадаў і консульстваў усё яшчэ застаецца частка консульскіх функцыяў, яны працягваюць адказваць за прасоўванне палітычных і, сама галоўнае, эканамічных стасункаў. Таму, заявіў Мацукевіч, уплыву скасавання часткі функцыяналу на далейшую працу дыпламатычных місіяў не варта перабольшваць.

Людзі будуць чакаць новага падвоху

Эканамістка Анастасія Лузгіна, старэйшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтру BEROC, падкрэсліла, што наўпроставага ўздзеяння гэты ўказ на эканоміку мець не будзе, бо закранае невялікі адсотак патэнцыйных угодаў. Аднак, на яе думку, новаўвядзенні выклікаюць паніку ў людзей, нервознасць і асцярожнасць у прыняцці эканамічных рашэнняў, і ў будучыні могуць стаць нагодай для рэлакацыі ў іншыя краіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Указ не дадае беларусам упэўненасці ў заўтрашнім дні, нават тым, хто знаходзіцца зараз у Беларусі. Можна меркаваць, што, напрыклад, некаторыя людзі, якія разважалі, ці пераязджаць, ці не, ці прадаваць нерухомасць, ці не, зараз будуць больш актыўна дзейнічаць. І могуць прыняць рашэнне пра хутчэйшы выезд з краіны», – падкрэсліла яна.

Таксама, паводле яе, людзі, у якіх ёсць беларуская даверанасць і якія пакуль здавалі кватэру ў арэнду, цяпер будуць «больш актыўна і рашуча» імкнуцца яе прадаць.

«Бо прыняцце такога ўказу не выключае, што ў будучыні не прымуць яшчэ больш жорсткіх нейкіх захадаў, напрыклад, увядуць абавязковую прысутнасць самога ўласніка. Часцяком тут пытанне не ў тым, што чалавек баіцца вярнуцца ў краіну. Проста нават нязручна, калі чалавек жыве далёка, ехаць і мяняць пашпарт, гэта працяглы працэс», – адзначыла Лузгіна.

Дый агулам, дадала эканамістка, «гэта яшчэ больш зніжае і так ужо нізкі давер дзяржаве з боку беларусаў». А гэта, у сваю чаргу, уплывае і на эканамічную актыўнасць: пачатак нейкіх новых праектаў, куплю жытла, бо людзі «будуць чакаць чарговага падвоху з боку дзяржавы».

«У выніку гэта можа быць яшчэ адным штуршком, што людзі будуць з’язджаць. Людзі будуць ірваць усе сувязі з гэтай краінай, з канцамі зʼязджаць, прадаваць загадзя ўсю сваю маёмасць. Будуць імкнуцца атрымліваць большую легалізацыю ў іншых краінах, ажно да грамадзянства, адмаўляцца ад беларускага грамадзянства. То бок, усе гэтыя працэсы не дадаюць устойлівасці ў эканоміцы Беларусі», – заключыла эканамістка.

Колькіх затрымаюць па прыездзе?

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў, старэйшы эксперт Цэнтру новых ідэй, таксама мяркуе, што новы ўказ не здолее стрымаць беларусаў у краіне, а хутчэй наадварот прымусіць іх больш адказна рыхтавацца да выезду.

«З’яўляецца разуменне, што калі з’язджаеш, то трэба будзе зрабіць даверанасць менавіта ў Беларусі, змяніць пашпарт, каб ён меў як мага большы тэрмін. Хутчэй гэта захады не на абмежаванне міграцыі з краіны, а помста ці праява ціхай вайны супраць тых, хто з’ехаў», – заявіў ён.

Тым не менш, эксперт не выключыў, што сярод эмігрантаў, асабліва тых, хто з’язджаў «на ўсялякі выпадак», будзе частка тых, хто «паспрабуе свае справы ў Беларусі павырашаць».

Разбор
Што трэба ведаць пра адмову выдаваць і працягваць беларускія пашпарты за мяжой
2023.09.05 19:21

«І вось тут вялікае пытанне, наколькі масавымі будуць затрыманні. І прадказаць тут палітыку дзяржавы даволі складана. Тэарэтычна могуць даць палёгку, каб паказаць, што можна вяртацца. Але я ўсё ж такі лічу, што будзе хутчэй другі варыянт, калі людзей будуць на мяжы хапаць», – адзначыў Коршунаў.

Таксама ёсць шмат беларусаў у суседніх краінах, якія ўсё яшчэ працягваюць ездзіць у Беларусь, «і яны будуць гэта рабіць, каб зрабіць усё, што патрэбна».

«Паедуць тыя, хто надта доўга адкладаў і ў каго не было занадта моцных палітычных пераследаў, якія не хацелі ехаць ці якім было складана ехаць. Але нават калі нехта прыедзе на месяц, каб перааформіць пашпарт ці прадаць кватэру, а потым зноў з’едзе з Беларусі, то я не бачу тут вялікай карысці для рэжыму. Калі ж чалавек мае палітычны пераслед, то не раіў бы рызыкаваць. Хоць і будуць такія людзі, якія будуць думаць, што іх пранясе – і на шмат год сядуць», – заявіў Мажэйка.

Праязныя дакументы для ўсіх

Пры гэтым на яго думку, гэты ўказ дапаможа Офісу Ціханоўскай прасоўваць праект пашпартоў Новай Беларусі. Таксама ён раіць абмеркаваць, напрыклад, з уладамі Польшчы магчымасць выдаваць беларусам, якія маюць від на жыхарства таксама і ў іншых краінах Еўразвязу, польскія праязныя дакументы для замежнікаў.

«Напэўна, будзе прасцей дамовіцца з адной Польшчай, чым з усімі іншымі краінамі», – заявіў ён.

А для Польшчы – гэта моцны гуманітарны жэст, заключыў Мажэйка.

Hавiны
Падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» прэзентавалі альтэрнатыўны беларускі пашпарт
2023.08.06 18:54

Макар Мыш belsat.eu