«Не паддавацца паніцы». Ціханоўская раіць не вяртацца ў Беларусь, калі канчаецца пашпарт


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала новы ўказ Аляксандра Лукашэнкі, які, сярод іншага, скасоўвае магчымасць замены пашпарту ў дыпламатычных і консульскіх установах за мяжой.

Святлана Ціханоўская з візітам у Ірландыі 2 траўня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

«Дзяржава самаўхілілася з яшчэ адной сферы жыцця, дзе павінна клапаціцца пра грамадзянаў. Шмат якія важныя паслугі робяцца недасяжнымі – напрыклад, нельга будзе памяняць пашпарт у амбасадах і консульствах. А значыць, тыя з вас, хто не могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь, рызыкуюць застацца без найважнейшага дакументу для легальнага жыцця і працы за мяжой», – адзначыла палітык.

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што дэмакратычныя сілы ладзяць кансультацыі з тымі краінамі, дзе жывуць беларусы, каб развязаць праблемы на заканадаўчым і выканаўчым узроўні. Гэта пытанне будзе ўздымацца таксама ў кансультацыях з Еўракамісіяй, перад Еўрапарламентам і падчас Генасамблеі ААН.

Hавiны
Падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» прэзентавалі альтэрнатыўны беларускі пашпарт
2023.08.06 18:54

Абраная прэзідэнтка адзначыла, што ўжо цяпер Польшча і Літва выдаюць праязныя дакументы для беларусаў, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта або скончыліся старонкі, але ёсць дазвол на пастаяннае пражыванне, часовае перабыванне або іншыя дакументы, якія даюць права легальна быць у краіне.

«Мы рыхтуем да запуску выдачу новых пашпартоў Беларусі і працуем над іх прызнаннем. Гэта працэс не хуткі, і тут нам патрэбная будзе дапамога ўсіх беларусаў, якія жывуць за мяжой. Нам неабходна будзе заручыцца падтрымкай урадаў краін, дзе пражываюць беларусы. Мы спадзяемся, што пашпарт зможа вырашыць шэраг праблемаў з легалізацыяй», – заявіла Ціханоўская.

Яна заклікала «не паддавацца паніцы і не рабіць неабдуманых учынкаў».

«Нават калі ваш пашпарт заканчваецца, не варта вяртацца на радзіму, калі вам пагражае пераслед. Бо ніводны дакумент у свеце не варты чалавечай свабоды. Галоўнае – паклапаціцеся пра сябе і сваю бяспеку. Бо людзі – гэта галоўная каштоўнасць Беларусі», – падкрэсліла абраная прэзідэнтка.

Абноўлена
Замежныя даверанасці і пашпарты ператворацца ў «гарбуз»? Лукашэнка падпісаў новы ўказ
2023.09.05 12:05

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў». Дакумент змяняе парадак ажыццяўлення адміністрацыйных працэдураў, а таксама натарыяльныя дзеянні, якія маюць права ўчыняць дыпламатычныя агенты і консульскія службовыя асобы.

У прыватнасці, беларускія дыпмісіі больш не будуць выдаваць пашпарты беларусам, якія жывуць за мяжой. Абмяняць пашпарт ці падоўжыць яго тэрмін дзеяння таксама будзе нельга. Гэта можна будзе рабіць толькі «ў органах унутраных справаў паводле месца апошняй рэгістрацыі паводле месца жыхарства». Для тых, хто падаў ужо дакументы на атрыманне новага пашпарта за мяжой, іх будуць разглядаць у ранейшым парадку.

Hавiны
57 тысяч беларусаў хочуць новы нацыянальны пашпарт
2023.08.17 21:51

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў