Урад Латвіі падтрымаў больш жорсткія ўмовы атрымання ВНЖ грамадзянамі Беларусі і Расеі


Латвійскі Кабмін 6 верасня падтрымаў папраўкі да Закона «Аб іміграцыі», паводле якіх стануць больш жорсткімі ўмовы выдачы відаў на жыхарства (ВНЖ) грамадзянам Расеі і Беларусі, а жыхары Латвіі – грамадзяне трэціх краін павінны пацвердзіць веданне латышскай мовы. Урад Латвіі спасылаецца на інтарэсы нацыянальнай бяспекі. Канчатковае рашэнне павінны прыняць дэпутаты латвійскага Сейма.

Мяжа Латвіі. Крыніца фота: bb.lv

Як паведамляе Delfi.lv, змяненні прадугледжваюць, што грамадзяне і неграмадзяне Латвіі, якія жадаюць атрымаць грамадзянства іншай краіны і пры гэтым заставацца ў Латвіі, павінны будуць здаць іспыт на веданне дзяржаўнай мовы і пацвердзіць наяўнасць рэгулярных і дастатковых сродкаў да існавання.

Таксама ў прававы акт уключана патрабаванне пацвярдзіць веданне дзяржаўнай мовы для былых грамадзян Латвіі і неграмадзян, якія атрымалі пастаянны від на жыхарства да ўступлення ў сілу гэтага законапраекта.

Гэта патрабаванне можа быць прыменена прыкладна да 22,3 тыс. іншаземцаў. Калі чалавек не можа пацвердзіць веды на ўзроўні А2 дакументам ад Дзяржаўнага цэнтра зместу адукацыі, то дазвол на пастаяннае пражыванне анулюецца і выдаецца дазвол на часовае пражыванне на адзін год.

«З уступленнем у сілу нарматыўна-прававога акту вырасце колькасць экзаменаў па дзяржаўнай мове, якія праводзяцца Дзяржаўным цэнтрам зместу адукацыі, таму не выключана, што гэтай установе давядзецца ўзмацніць свой патэнцыял», – заявіў міністр унутраных спраў Крыстапс Эклонс.

Выключэнні прадугледжаны для асоб, якія знаходзіліся ў Латвіі па гуманных прычынах або ў сувязі з дзяржаўнымі інтарэсамі, а таксама маюць або мелі цесныя сямейныя сувязі з грамадзянінам або неграмадзянінам Латвіі, але з-за недастатковых ведаў дзяржаўнай мовы яны не кваліфікуюцца на атрыманне статусу пастаяннага жыхара ЕЗ.

Папраўкі прадугледжваюць выдачу паўторных ВНЖ былым студэнтам ці даследчыкамі, якія пасля заканчэння вучобы або даследчага праекту жадаюць застацца ў Латвіі на тэрмін да дзевяці месяцаў, каб прыступіць да працы ці камерцыйнай дзейнасці.

З улікам таго, што грамадзяне Расеі і Беларусі, да якіх адносіцца рашэнне спыніць выдачу ВНЖ, запытваюць таксама доўгатэрміновыя візы, на іх распаўсюджваецца прыпыненне выдачы да 30 чэрвеня 2023 года.

Візы плануецца працягнуць выдаваць міжнародным грузавым і пасажырскім перавозчыкам. Да ўступлення паправак у сілу ўсе атрыманыя ў дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтвах Латвіі за мяжой і ва Упраўленні па справах грамадзянства і міграцыі запыты на доўгатэрміновыя візы і ВНЖ будуць разглядацца па ранейшым парадку.

МУС Латвіі адзначае, што папраўкі паўплываюць на магчымасці працадаўцаў працягваць працоўныя адносіны з работнікамі з Расеі і Беларусі, за выключэннем выпадкаў, якія ўстаноўлены прававымі актамі ЕЗ.

Па стане на 1 ліпеня 2022 года з сапраўднымі ВНЖ у Латвіі знаходзіліся 2180 работнікаў і 144 зарэгістраваныя ў камерцыйным рэгістры службовых асоб з адпаведных краін, а таксама 22 інвестары, якія ўклалі сродкі ў асноўны капітал камерцыйных таварыстваў. З сапраўднымі візамі, якія былі выдадзены ў сувязі з занятасцю, на 1 жніўня 2022 года ў Латвіі знаходзіліся 2099 грамадзян РФ і Беларусі.

Hавiны
Польшча, Літва, Латвія і Эстонія хочуць абмежаваць уезд грамадзянам Расеі ў краіны ЕЗ
2022.09.01 09:28

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў