Адказнасць за выбух каля расейскага пасольства ў Кабуле ўзяла на сябе «Ісламская дзяржава», якая варагуе з «Талібанам», паведамляе афганскае агенцтва «Aamaj News». У тэлеграм-канале выдання апублікавалі фатаграфію чалавека, які, як сцвярджаюць, здзейсніў тэракт, прывёўшы ў дзеянне бомбу ля будынку дыпламатычнай місіі.
Трагедыя адбылася раніцаю 5 верасня каля расейскай амбасады, выбух ажыццявіў тэрарыст-смяротнік. У гэты час каля будынку сабралася чарга на атрыманне візаў, а расейскі дыпламат выйшаў, каб абвясціць імёны прэтэндэнтаў на атрыманне.
Як паведамілі ў расейскім МЗС, загінулі два работнікі пасольства. Усяго загінулых мінімум 10, але колькасць можа вырасці, яшчэ 8 чалавек шпіталізаваныя з раненнямі.
Амбасада застаецца ў кантакце са службамі бяспекі Афганістану.
Расея – адна з нешматлікіх краінаў, што захавалі пасольства ў Кабуле пасля таго, як талібы ўзялі краіну пад свой кантроль больш за год таму. Хаця Масква афіцыйна не прызнае ўраду талібаў, яны вядуць перамовы з афіцыйнымі асобамі.
Алена Рувіна belsat.eu