Да закрыцця мяжы з ЕЗ застаўся адзін крок

Варшава, Вільня і Рыга не завагаюцца гэта зрабіць, калі на мяжы Беларусі з краінамі ЕЗ дойдзе да правакацыяў з удзелам вагнэраўцаў.

Рака Ялуцзян на мяжы Кітаю і Паўночнай Карэі – адзінае месца, дзе людзі маюць хоць невялікі шанец вырвацца з краіны Кіма. Калі паўночнакарэйскія памежнікі кагосьці там зловяць, у найлепшым выпадку скіруюць у працоўны лагер. А калі ўдасца прайсці праз раку ў Кітай, то можа атрымацца трапіць адтуль у трэцюю краіну. Гэта не будзе лёгка, але гэткая паўночнакарэйская рэчаіснасць. Выглядае, што такі лёс Аляксандр Лукашэнка рыхтуе Беларусі.

Кітайская турыстычная дэлегацыя на мяжы Кітаю і Паўночнай Карэі, недалёка ад Хунь-Чуню, правінцыя Цзі-Лінь, 29 жніўня 2011 года.
Фота: Carlos Barria / Reuters / Forum

Мяжа з Украінаю закрытая, бо вайна, а Лукашэнка – суўдзельнік агрэсіі пуцінскай Расеі. Літва закрывае чарговыя памежныя пераходы. На мяжы з Польшчаю працуе толькі адзін пераход, праз які беларусы яшчэ могуць выехаць у вольны свет. І нельга выключаць, што найбліжэйшым часам сітуацыя можа змяніцца. У горшы бок. Кіраўнік МУС Польшчы Мар’юш Каміньскі некалькі дзён таму заявіў, што Польшча, Літва і Латвія могуць закрыць усе памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю. Лукашэнку наўпрост заявілі: чарговыя правакацыі на мяжы з краінамі ЕЗ скончацца поўнай ізаляцыяй Беларусі. Ці магчыма гэта? Цалкам, але толькі ў выпадку сур’ёзнага абвастрэння на межах Беларусі з заходнімі суседзямі. Варшава, Вільня і Рыга не завагаюцца, калі, напрыклад, на мяжы з Польшчаю, Літвой ці Латвіяй адбудзецца правакацыя з удзелам вагнэраўцаў. Нельга таксама выключаць закрыцця межаў ЕЗ у выпадку чарговага ўварвання Расеі ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Відавочна, што трыванне ўладаў у Варшаве заканчваецца, асабліва пасля нядаўняга парушэння паветранай прасторы Польшчы беларускімі верталётамі. Мяжу ўзмацняюць дадатковымі вайсковымі і паліцэйскімі сіламі. І, што самае галоўнае, лукашэнкаўская Беларусь зрабілася настолькі таксічнаю тэмай у Польшчы, што закрыццё мяжы падтрымае бальшыня палякаў. У сакавіку поўнае закрыццё мяжы падтрымлівалі 54 % палякаў, гэта да таго, як у Беларусі зʼявіліся вагнэраўцы, да парушэння паветранай прасторы. Таму палітыкаў у Варшаве ад прыняцця такога рашэння аддзяляе адзін крок.

Беларуска-літоўская мяжа.
Фота: JANIS LAIZANS / Reuters / Forum

Чарговыя правакацыі рэжыму могуць мець катастрафічныя наступствы для тысяч беларусаў, якія працягваюць падарожнічаць у ЕЗ (вучацца, працуюць). Дарога ў вольны свет будзе каштоўная і значна даўжэйшая, праз трэція краіны, якія не зачынілі сваіх аэрапортаў для расейскіх і беларускіх самалётаў. І не вядома, колькі ў такой сітуацыі давялося б жыць беларусам: можа, месяцы, а можа, гады. Адкрыць мяжу Варшаве будзе складана, для гэтага рэжым мусіў бы моцна саступіць.

Якія наступствы для Менску можа мець закрыццё мяжы? Некалькі мільярдаў стратаў ад спыненых гандлёвых стасункаў (так, Беларусь усцяж гандлюе з ЕЗ). Пераход у поўную залежнасць ад кітайскіх дастаўцаў (якія не здолеюць экспартаваць, напрыклад, вырабленай у Кітаі прадукцыі заходніх марак), дэфіцыт тавараў і электронікі еўрапейскіх вытворцаў. Распачнецца дэфіцыт еўрапейскіх аўтамабіляў, якія ўсцяж «прыганяюцца з Нямеччыны». Лукашэнка сутыкнецца таксама з іншаю праблемаю. Пачнецца крызіс у стасунках з такімі сярэднеазіяцкімі краінамі, як Казахстан, вонкавы гандаль якіх залежыць ад транзіту праз тэрыторыю Беларусі. Гэта можа прывесці да яшчэ большага расколу ў АДКБ і Еўразійскім эканамічным саюзе.

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў