Дэманстрацыя ў Варшаве і высновы для Беларусі

Нядзельны паўмільённы марш у польскай сталіцы не толькі пра будучыню, але і пра мінулае. Гэта паказвае, як працуе польская дэмакратыя і адкуль яна ўзялася.

Варшаўскі Марш свабоды. На здымку – Дональд Туск. Варшава, Польшча. 4 чэрвеня 2023 года.
Фота: Jacek Dominski / Reporter / East News

Нядзельны марш у Варшаве планаваўся загадзя і меў быць галоўнай акцыяй апазіцыйнай Грамадзянскай платформы («Platforma Obywatelska») на чале з былым прэмʼерам Дональдам Тускам перад пачаткам летняга сезону. Бо ўлетку палякі разʼязджаюцца па свеце, мясцовых курортах, лецішчах і асабліва не цікавяцца палітыкай. А ўвосень парламенцкія выбары, якія вызначаць, хто будзе кіраваць краінай у наступныя чатыры гады. Таму галоўная польская апазіцыйная партыя вырашыла не чакаць восені і сабраць палякаў 4 чэрвеня. У апошні момант да акцыі далучыліся ўсе апазіцыйныя партыі (акрамя нацыяналістычнай і папулісцкай Канфедэрацыі). Чаму?

Так склалася, што за некалькі дзён да маршу прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон (прыняты парламенцкай большасцю ў Сейме на чале з партый Ярослава Качыньскага «Закон і справядлівасць») аб стварэнні парламенцкай камісіі, якая павінна заняцца расейскімі ўплывамі ў Польшчы ў 2007–2022 гадах. Закон быў накіраваны таксама ў Канстытуцыйны Трыбунал, паседжанні якога, што праўда, ужо доўгі час байкатуе частка суддзяў (элемент канстытуцыйнага крызісу ў краіне). У недзяржаўных польскіх медыях закон ахрысцілі як «Lex Tusk», бо калі б камісія пастанавіла, што нейкі палітык дзеяў пад уплывам і ў інтарэсах Расеі, яму маглі б забараніць выконваць публічныя функцыі і ён не меў бы магчымасці займаць пасады, ад якіх залежыць, напрыклад, размеркаванне дзяржаўных сродкаў. Вядома, такі палітык мог бы пайсці ў суд, але справа магла б цягнуцца гадамі. Апазіцыя вырашыла, што такім чынам улады хочуць ударыць у лідара найбуйнейшай апазіцыйнай партыі. Занепакоенасць законам выказалі ў Вашынгтоне і Бруселі.

Залагодзіць сітуацыю паспрабаваў прэзідэнт Анджэй Дуда, які ўжо пасля падпісання запрапанаваў шэраг зменаў, якія б выключылі магчымасць, напрыклад, абмежавання палітыка ў правах. Пакуль невядома, калі і ці ўвогуле падтрымае гэтыя змены ўрад і кіроўная большасць у Сейме.

Нядзельны паўмільённы марш у Варшаве, Польшча. 4 чэрвеня 2023 года.
Фота: Jacek Dominski / Reporter / East News

Апазіцыя кажа, што ў нядзелю ў Варшаве на дэманстрацыю выйшлі паўмільёна палякаў. Што цікава, паводле польскіх законаў цэнтральныя ўлады не могуць забараніць такой акцыі. Дазвол на яе выдаюць улады Варшавы, і кіруе тут апазіцыя. Прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі – адзін з кіраўнікоў Грамадзянскай платформы, ён прамаўляў побач з Дональдам Тускам.

Нядаўнія апытанні паказваюць, што ў польскай апазіцыі ёсць шанцы перамагчы на выбарах, калі апазіцыйныя партыі здолеюць аб’яднацца. «Закон і справядлівасць» мае 32,8 % падтрымання, Грамадзянская платформа – 27,2 %. На трэцім месцы Польская кааліцыя («Трэцяя дарога»), якая аб’ядноўвае польскую партыю аграрыяў (PSL) і партыю «Польшча 2050 Шымана Галоўні» (былы шоўмен), – 11,3 %. Яны таксама ўдзельнічалі ў нядзельным маршы. Папулісцкая Канфедэрацыя (адзін з галоўных кандыдатаў партыі ездзіць па Польшчы і п’е піва з моладдзю) мае 10,8 % падтрымання, але яе складана ўявіць у кааліцыі з партыяй «Закон і справядлівасць».

Дарэчы, 4 чэрвеня Польшча святкавала Дзень свабоды і грамадзянскіх правоў. Менавіта ў гэты дзень у 1989 годзе ў Польшчы адбыліся першыя часткова свабодныя парламенцкія выбары, механізм якіх выпрацаваў «Круглы стол» з удзелам камуністычных уладаў Польшчы, дэмакратаў і прадстаўнікоў Касцёлу. Тут не было вайсковага перавароту, бунту. Быў знойдзены кансэнсус, дзякуючы якому шмат хто з прадстаўнікоў камуністычных уладаў захаваў свае маёмасць і ўплыў. У выніку гэтага кансэнсусу тагачасны камуністычны кіраўнік Польшчы, генерал Войцех Ярузэльскі, быў зацверджаны на пасаду прэзідэнта, якую займаў ажно да канца снежня 1990 года, калі прэзідэнтам ужо вольнай Польшчы стаў лідар «Салідарнасці» Лех Валэнса. Ярузэльскаму (1923–2014) Польшча да канца жыцця выплачвала пенсію. Ад прэзідэнцкай ён адмовіўся, выбраў генеральскую, бо апошняя была вышэйшаю.

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў