Беларусь не прайшла ў Раду Бяспекі ААН. Ад Усходнееўрапейскай групы там будзе Славенія


У Нью-Ёрку прайшло галасаванне па выбарах непастаяннага чальца Рады Бяспекі ААН. Абралі Славенію а не Беларусь. Аб гэтым паведамляе БелТА.

Рада бяспекі ААН.
Фота: ru.usembassy.gov

6 чэрвеня ў Нью-Ёрку прайшло таемнае галасаванне на выбарах непастаяннага чальца Рады Бяспекі ААН на 2024-2025 гады ад Усходнееўрапейскай групы. Гэта месца зойме Славенія, за якую прагаласавалі 153 краіны. На месца прэтэндавала і Беларусь, за якую ў выніку было аддадзена 38 галасоў.

Ад групы афрыканскіх і ціхаакіянскіх дзяржаў месцы непастаянных членаў у Савеце Бяспекі ААН зоймуць Сьера-Леонэ, Алжыр, Рэспубліка Карэя, ад краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна – Гаяна.

Раней паведамлялася, што 16 траўня ў штаб-кватэры Арганізацыі аб’яднаных нацый у Нью-Ёорку прайшлі дэбаты паміж Беларуссю і Славеніяй як кандыдатаў на пасаду непастаяннага чальца Рады Бяспекі ААН на 2024-2025 гады. З боку Рэспублікі Беларусь у дэбатах удзельнічаў пастаянны прадстаўнік РБ пры ААН Валянцін Рыбакоў, з боку Славеніі – пастаянны прадстаўнік гэтай краіны пры ААН Башцьян Малаврх. Падчас дэбатаў прадстаўнікі Беларусі і Славеніі абаранялі пазіцыю сваіх дзяржаваў адносна неабходнасці прадстаўніцтва на гэтай пасадзе. Паведамляецца, што Рыбакоў назваў вылучэнне Славеніі ў кандыдаты на пасаду ў Радзе Бяспекі палітычна матываваным і не самастойным. А Малаврх у сваю чаргу абвінаваціў Беларусь у перадузятым стаўленні да агрэсіі Расеі супраць Украіны.

 

Hавiны
Беларусь ці Славенія? У Нью-Ёрку пачаліся дэбаты кандыдатаў у Раду Бяспекі ААН
2023.05.16 21:36

Супраць абрання Беларусі непастаянным чальцом Рады Бяспекі ААН выступаў і Абʼяднаны пераходны кабінет. Пазіцыю беларускіх дэмакратычных сілаў даводзіў да міжнароднай супольнасці прадстаўнік у замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі, 22 лютага 2023 года разам з 40 міністрамі замежных справаў іншых краінаў беручы ўдзел у мерапрыемствах надзвычайнай адмысловай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку, якая была прысвечаная гадавіне пачатку ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Рада бяспекі ААН – стала дзейны орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, на які ўскладзеная галоўная адказнасць за падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі. Ён адносіцца да ліку шасці «галоўных органаў» ААН.

У склад Рады ўваходзяць 15 дзяржаваў – 5 пастаянных (Вялікая Брытанія, ЗША, Кітай, Расея і Францыя) і 10 непастаянных, якіх абірае Генеральная Асамблея ААН на двухгадовы тэрмін. Беларусь ужо ўваходзіла ў Раду бяспекі ў 1974–1975 гадах, хоць і была часткай СССР.

Hавiны
Кавалеўскі на Генасамблеі ААН спрабуе не дапусціць рэжым Лукашэнкі ў Раду бяспекі
2023.02.22 11:57

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў