Кавалеўскі на Генасамблеі ААН спрабуе не дапусціць рэжым Лукашэнкі ў Раду бяспекі


Прадстаўнік у замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі разам з 40 міністрамі замежных справаў іншых краінаў бярэ ўдзел у мерапрыемствах надзвычайнай адмысловай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку, якая прысвечаная гадавіне пачатку ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Валер Кавалеўскі.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Праграма Кавалеўскага ў Нью-Ёрку прадугледжвае серыю кансультацыяў і сустрэчаў з мэтаю не дапусціць абрання прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі ў Раду Бяспекі ААН на выбарах, якія запланаваныя на чэрвень 2023 года, паведамілі ў кабінеце.

Рада бяспекі ААН – стала дзейны орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, на які ўскладзеная галоўная адказнасць за падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі. Ён адносіцца да ліку шасці «галоўных органаў» ААН.

У склад Рады ўваходзяць 15 дзяржаваў – 5 пастаянных (Вялікая Брытанія, ЗША, Кітай, Расея і Францыя) і 10 непастаянных, якіх абірае Генеральная Асамблея ААН на двухгадовы тэрмін. Беларусь ужо ўваходзіла ў Раду бяспекі ў 1974–1975 гадах, хоць і была часткай СССР.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў