Менскі СКА другі год запар выйграе Кубак Беларусі па гандболе


У мужчынскім клубным гандболе новы фаварыт – менскі СКА. Сталічны клуб спачатку выйграў рэгулярны чэмпіянат Беларусі, а зараз узяў Кубак краіны.

Каманда СКА Менск гуляе з камандай «Мяшкоў Берасце».
Фота: handballfast.com

Гэта здарылася 6 траўня ў Берасці, дзе СКА абыграў свайго галоўнага канкурэнта – «Мяшкоў Берасце» – 32:29.

Такім чынам, менскі клуб у дзявяты раз выйграў Кубак краіны і другі сезон запар, 13 Кубкаў на рахунку «Мяшкоў Берасце», тры разы турнір выйграваў менскі «Аркатрон», два разы сталічнае «Дынама».

Нагадаем, што Беларусь разам з Расеяй адхілілі ад усіх міжнародных спаборніцтваў. На гэтым фоне найбольш моцна ізаляцыя ўдарыла па БГК: клуб страціў не толькі трэнераў і гульцоў з Еўропы, але і асноўных топ-менеджараў. Упершыню з 2014 года ён можа страціць чэмпіёнства.

У гэтым сезоне БГК і СКА згулялі паміж сабой тры матчы, і Берасце не перамагло ні разу, набраўшы толькі адзін пункт. Гэта каштавала працы галоўнаму трэнеру Дзмітрыю Ціхану, на месца якога прыйшоў расеец Эдуард Какшараў, дзе яму трэба будзе трэнаваць шасцёх сваіх землякоў. Яшчэ, акрамя вялікай групы беларусаў, колеры клубу абараняюць кітаец і славенец Марка Матыяшэвіч – наагул адзіны гулец з Еўропы ў чэмпіянаце Беларусі. Менскі СКА ў гэтым сезоне ў чэмпіянаце Беларусі не прагуляў ніводнага матчу, у яго складзе няма легіянераў, ён робіць стаўку на маладых беларусаў і некалькіх дасведчаных гульцоў.

АС belsat.eu

Стужка навінаў