Далей без «Даліны анёлаў». Ліквідуюць грамадскае абʼяднанне, якое аднаўляла манастыр


На Гомельшчыне ліквідуюць грамадскае абʼяднанне «Наследие Полесья», якое аднаўляла ў вобласці гістарычныя абʼекты, у тым ліку манастыр у Мазыры. Аб гэтым паведамляе «Гомель штодзень». 

Макет рэканструкцыі былога манастыра ў Мазыры. Скрыншот з відэа «Телеканал Мозырь» / tkm.by

7 красавіка ў Гомельскім абласным судзе адбудзецца суд па прымусовай ліквідацыі гісторыка-культурнага грамадскага аб’яднання «Наследие Полесья». Стваральнік аб’яднання – Аляксандр Баранаў – аднаўляў манастыр у Мазыры.

У 2017 годзе Баранаў выкупіў у райвыканкама комплекс пабудоў мужчынскага манастыру цыстэрцыянаў і касцёл. Яшчэ ў канцы 19 стагоддзя касцёл быў перароблены пад запалкавую фабрыку. У пачатку 20 стагоддзя замест запалак тут пачалі выпускаць мэблю. Аднак у найноўшы час мэблевая фабрыка збанкрутавала, і яе будынак выставілі на аўкцыён, дзе комплекс і набыў прадпрымальнік Аляксандр Баранаў.

Ён стварыў у комплексе культурную прастору «Даліна анёлаў», дзе праводзіліся экскурсіі, прэзентацыі кніг, канцэрты і майстар-класы. Планавалася, што гэта будзе шматфункцыянальны цэнтр. Таксама ў планах прадпрымальніка было аднавіць касцёл.

Прадпрымальнік Аляксандр Баранаў падчас экскурсіі дэлегацыі праграммы развіцця ААН, 30 красавіка 2019 года. Скрыншот з відэа «Телеканал Мозырь» / tkm.by

Паводле звестак тэлеканалу «Мазыр», праект развіцця комплексу манастыру мясцовая ўлада раней разглядала як адзін са сродкаў развіцця турыстычнага патэнцыялу раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі Чарнобыльскай АЭС. У 2019 годзе тут пабывала дэлегацыя замежных медыяў і праграмы развіцця Арганізацыі Абʼяднаных Нацый.

Паведамляецца, што ўжо ў 2019 годзе – праз два гады пасля таго, як прадпрымальнік набыў комплекс – «Даліна анёлаў» стала месцам сустрэч і зносін, з дапамогай валанцёраў і за ўласныя сродкі вялася работа па аднаўленні спадчыны, сродкі збіраліся і праз краўдфандзінгавыя пляцоўкі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў