Вячаслаў Касінераў: «Калі ты гатовы змагацца за свабоду, выходзіш на плошчу, то не трэба здымаць абутак, каб залезці на лавачку»


У новым выданні праграмы «Шчыра кажучы» праз дэтэктар хлусні прайшоў Вячаслаў Касінераў, арганізатар «Dissident BY», праваабаронца, анархіст.

Вячаслаў Касінераў ніколі не галасаваў на прэзідэнцкіх выбарах, бо гэта, з ягоных словаў, «віна-гарэлачная і каўбасная пляска». Свае палітычныя погляды ён акрэслівае як анархіста-індывідуаліста, якому важныя пытанні экалогіі і біяразнастайнасці.

«Хацеў бы, напэўна, проста дыхаць, як і ўсе людзі, чыстым паветрам, бачыць лясы, бачыць розныя біялагічныя віды, каб мая дачка бачыла розныя біялагічныя віды, дыхала свежым паветрам. Гэта банальна, але цяпер мы як бы робім усё для таго, каб такога не было».

Вячаслаў Касінераў. Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы». Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Калі ягоны анархізм толькі пра гэта, то чаму для рэжыму Лукашэнкі анархісты ворагі нумар адзін?

«Мы першыя ворагі любой улады, і дыктатуры ўжо тым больш. Гэта значыць, мы ніколі не змірымся, і як вы чулі з таго, што я сказаў, – у метадах мы не асабліва пераборлівыя. Мы пераборлівыя ў эфектыўнасці метадаў, так. Гэта значыць, мы не лібералы, якія будуць стаяць, калі нават іх бʼюць палкамі. Не, калі бʼюць палкамі, ну хтосьці напэўна з нас можа таксама ўзяць палку».

Аднойчы сілавікі пры затрыманні зламалі Касінераву сківіцу, быў адкрыты пералом у двух месцах, і прыйшлося рабіць аперацыю пад руляю пісталета.

«І я месяц-паўтара нават еў праз трубачку, як камарык».

Вячаслаў Касінераў. Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы». Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Чаму пратэсты ў 2020 годзе, на думку Касінерава, не радыкалізаваліся?

«Адсутнасць гатоўнасці да таго, што ўлады – вельмі жорсткія падонкі і адмарозкі. Мы гэта ведалі заўсёды, нас ламалі, нас білі, нас саджалі, мы ведалі, што адбываецца і што будзе адбывацца далей. А людзі – яны думалі, што не, ну як, такога ж быць не можа. Гэта значыць, калі ты гатовы змагацца за свабоду, выходзіш на плошчу, то не трэба здымаць абутак, каб залезці на лавачку».

– Прадстаўнікі сілавых структураў Беларусі вам калі-небудзь пагражалі пазбаўленнем жыцця?

– Так.

Паліграф: Праўда

Ці галасаваў Вячаслаў калі-небудзь на прэзідэнцкіх выбарах? Ці спрабавалі сілавыя структуры Беларусі яго завербаваць, ці ўжывалі яны фізічную сілу? Чаму Вячаслаў з’ехаў з Беларусі яшчэ да выбараў? І ці ахвяраваў бы жыццём дзеля вызвалення Беларусі? Глядзіце ў поўным выданні «Шчыра кажучы» на YT-канале «Belsat News» (відэа вышэй).

Стужка навінаў