Генеральная пракуратура запусціла сайт камісіі для беларусаў, якія хочуць вярнуцца на радзіму. Там пазначаныя патрабаванні да зваротаў, парадак іхнай падачы і іншыя звесткі. Браўзер «Google Chrome» пры спробе адкрыць старонку папярэджвае, што падлучэнне да гэтага сайту неабароненае.
Адмысловы раздзел, прысвечаны камісіі для вяртання «беглых», спачатку з’явіўся на сайце Генеральнай пракуратуры, аднак з-за мяжы ён не адкрываецца. Цяпер для камісіі завялі асобны сайт komissia-dom.by на расейскай і беларускай мовах.
Там апублікаваныя патрабаванні да зваротаў, парадак іх падачы, склад камісіі, пазначана, што яна пастанаўляе і ў якія тэрміны. Ёсць раздзел з «часта задаванымі пытаннямі».
Звароты можна дасылаць не толькі звычайнай і электроннаю поштаю, пра што было вядома раней, але і праз бот у Telegram.
Пры спробе адкрыць старонку камісіі ў «Google Chrome» браўзер папярэджвае, што падлучэнне да гэтага сайту неабароненае, і раіць «не перадаваць канфідэнцыйнай інфармацыі», бо да яе могуць атрымаць доступ злачынцы.
Сяргей Крот belsat.eu