Доктар палітычных навук, прафесар, загадчык кафедры паліталогіі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Ватыль у інтэрв’ю БелТА паспрабаваў растлумачыць сэнс камісіі для беларусаў, якія хочуць вярнуцца на радзіму. Выглядае, што «беглым» прапанавана «павініцца і адбыць тэрмін».
Дзяржаўнае агенцтва БелТА апублікавала інтэрв’ю з загадчыкам кафедры паліталогіі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы, доктарам палітычных навук, прафесарам Віктарам Ватылём. Сярод іншага ён пахваліў указ аб стварэнні камісіі для вяртання беларусаў з-за мяжы. Прафесар назваў гэты нарматыўны акт «самым перадавым» і адпаведным нормам міжнароднага ды нацыянальнага права.
«Тут дакладна і адназначна прапісана, што ёсць магчымасць для тых асобаў, якія не ўчынілі крымінальнае злачынства, але калі яны жадаюць вярнуцца і тут павініцца і адбыць тэрмін, то – у адпаведнасці з правіламі і нормамі. А для тых, хто здзейсніў іншыя правапарушэнні, – калі ласка, строга ў адпаведнасці з працэсуальнымі заканадаўчымі нормамі краіны».
Пры гэтым Ватыль паскардзіўся на «укіды ў інтэрнэце са строга заточанай логікай»: «Вас падманваюць, вас выцягваюць, вас там арыштуюць, вас пасадзяць. І гэта кажуць перш за ўсё тыя, хто сюды не збіраецца, хто думае ў катэгорыях непрымірымасці ў адносінах да сваёй радзімы».
Указ аб камісіі для вяртання беларусаў быў ухвалены ў лютым. Паводле працэдуры, «беглым» трэба паведаміць туды аб учыненых злачынствах, патлумачыць прычыны эміграцыі і паабяцаць «прынесці публічныя прабачэнні».
Сяргей Крот belsat.eu