Сельская гаспадарка. Рухавік эканомікі ці праблемная галіна?


Сельская гаспадарка  Беларусі – адзіная галіна эканомікі, што зрабіла станоўчы ўнёсак у фармаванне валавога ўнутранага прадукту краіны ў выніку як 2022 года, так і першага месяца 2023 года. Экспарт сельскагаспадарчых тавараў у 2022 годзе дасягнуў рэкордных лічбаў $ 8,3 млрд, што на 24,2 % больш, чым было ў 2021-м. Пры гэтым улады зноў абмяркоўваюць шляхі паляпшэння фінансавага стану аграрных арганізацыяў. Разбіраліся з экспертам, што адбываецца ў аграрнай галіне і чаму Лукашэнка не падтрымаў прапановы Мінсельгасхарчу наконт далучэння калгасаў  да прамысловых прадпрыемстваў.

 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Галоўны рухавік эканомікі ці праблемная галіна?

Згодна са статыстычнымі звесткамі, у 2022 годзе сельская гаспадарка ўнесла у фармаванне тэмпаў валавога ўнутранага прадукту (ВУП) 0,3 %, тады як астатнія галіны цягнулі айчынную эканоміку назад.

Уплыў асноўных відаў эканамічнай дзейнасці на фармаванне тэмпаў ВУП у 2022 годзе, інфаграфіка Белстату

Пачатак года амаль цалкам працягнуў гэты трэнд, за выключэннем таго, што будаўніцтва спрацавала з нулявым вынікам. Нагадаем, што вынікам такой працы асноўных галінаў стала падзенне эканомікі ў 2022 годзе на 4,7 %, а ў студзені 2023-га на 5 %.

Уплыў асноўных відаў эканамічнай дзейнасці на фармаванне тэмпаў ВУП у 2023 годзе, інфаграфіка Белстату

Яшчэ адным заўважным рэкордам адзначыўся аграрны экспарт. Згодна з афіцыйнымі звесткамі, у  2022 годзе ён дасягнуў $ 8,3 млрд, што перавысіла вынік папярэдняга года на 24,2 %, а дадатнае замежнагандлёвае сальда павялічылася на 59 % і дасягнула $ 3,4 млрд.

Разам з тым, на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з урадам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло паведаміў, што ў краіне 127 «вельмі складаных, неплатаздольных» аграрных арганізацыяў і прапанаваў для фінансавага аздараўлення далучыць іх да дзяржаўных прамысловых прадпрыемстваў. Ім Мінсельгасхарч прапануе даць за гэта льготы (рэструктурызацыя запазычанасцяў, адтэрміноўванне некаторых выплатаў ды іншае).

Лукашэнка ідэю міністэрства не падтрымаў, але не таму, што аграрным арганізацыям не патрэбная дапамога – ён выказаўся супраць сістэмных ільготаў для прамысловых прадпрыемстваў, якім дадуць падшэфныя калгасы і саўгасы, а таксама супраць таго, што вызначаць гэта будзе ўрад, а не ён.  «Можа, камусьці і трэба льготу гэтую даць, а камусьці і не трэба», – сказаў Лукашэнка і прапанаваў  уладкоўваць пытанне далучэння ў індывідуальным парадку, праз ягоныя асабістыя распараджэнні. Дарэчы, само далучэнне калгасаў і саўгасаў да прамысловых прадпрыемстваў ён разглядае як прыватызацыю, якая «ў нас практычна забароненая», таму гэта выклікае у яго непрыманне. «Трэба растлумачыць, чаму вы ўносіце прапановы фактычна аб прыватызацыі, вобразна кажучы, сельскагаспадарчага прадпрыемства», – звярнуўся Лукашэнка да Ігара Брыло. «Уласнасць, грошы і ўлада – тры кіты. Гэта галоўнае ў любой краіне», – адзначыў Лукашэнка і заявіў, што вызначацца ў такіх пытаннях будзе толькі ён сам.

Ферма ў вёсцы Нахаў. Крыніца: Белсат

Ільготы – гэта не эканоміка, а палітыка

Пра тое, што адбываецца ў сельскай гаспадарцы і пра матывацыю распараджэнняў Лукашэнкі, датычных гэтае галіны, мы паразмаўлялі з аграрным экспертам Пятром Марозавым.

На думку суразмоўцы «Белсату», публічная дыскусія Лукашэнкі з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання была не эканамічнай, а хутчэй палітычнай. Паводле прапановы, вакол якой дыскутавалі, далучэнне стратных аграрных арганізацыяў да прадпрыемстваў мусіла праходзіць аўтаматычна – згодна з пэўнымі ўмовамі, прапісанымі ва ўказе. У выніку з гэтага працэсу выключаўся б сам Лукашэнка. Урад ці нават міністэрства самі бы прымалі пастановы наконт далучэння і вылучэння дадатковых фінансаў, але Лукашэнка не хоча, каб пастановы прымаліся без ягонага ўдзелу, таму і абурыўся. «Цяпер такія пастановы прымаюцца распараджэннем Лукашэнкі, а нават не ўказам,  яшчэ адная адметнасць распараджэнняў у тым, што яны не публікуюцца», – дадае эксперт.

Hавiны
Былы дарадца міністра: Сельская гаспадарка ў Беларусі – гэта галіна, у якой няма эканомікі
2021.07.22 07:00

Што да эканомікі такіх далучэнняў, то тут вынікі могуць быць розныя, залежаць яны ад таго, наколькі прамысловае прадпрыемства зацікаўленае ў развіцці свайго аграрнага прыдатку, адзначае суразмоўца.

«Калі аграрнае прадпрыемства далучаюць да прадпрыемства, то яно проста атрымлівае доступ да дармовых крэдытаў ці проста грошай у якасці падарункаў, што будуць закрываць яго фінансавыя дзіркі. Гэта здымае з дзяржавы функцыю фінансавання стратнага калгасу. Далей сітуацыя залежыць ад фінансавых магчымасцяў прадпрыемства, ад таго, наколькі яно само паспяховае, і яго менеджменту, наколькі той зацікаўлены ў аграрнай вытворчасці і ці можа ён «упісаць» яе ў свой асноўны бізнес, – кажа Пётр Марозаў.  Ён прывёў як прыклад МТЗ, для якога калгас можа стаць выпрабавальнай пляцоўкай, а вырашчаная прадукцыя пойдзе ў завадскую сталоўку. Таксама эксперт нагадаў пра практыку вытворцы касметычных сродкаў кампаніі «Вітэкс», што вырошчвала там сыравіну для сваёй асноўнай прадукцыі.

Пазітыўным вынікам аб’яднання можа стаць адносная самастойнасць калгасу ці саўгасу, адзначае Пётр Марозаў.

«Фармальна кіраўнік аграрнай арганізацыі пасля аб’яднання пачынае падпарадкоўвацца свайму новаму ўласніку – кіраўніку прамысловага прадпрыемства, і гэта ў пэўны момант можа даць яму свабоду ў прыняцці гаспадарчых захадаў і зменшыць ціск на яго з боку мясцовай вертыкалі наконт таго, як, што і калі сеяць», – тлумачыць наш суразмоўца. Такая сітуацыя сапраўды можа прывесці да паляпшэння фінансавага стану аграрнага прадпрыемства, калі кіраўніцтва новага ўласніка будзе кіравацца эканамічнымі чыннікамі, адзначае эксперт, але гэта наўрад ці магчыма ў цяперашнія часы. Пра што якраз і сведчыць сказанае Лукашэнкам на нарадзе. Дзяржава не збіраецца адыходзіць ад ручнога кіравання галіной. Такім чынам, ніякіх сур’ёзных структурных зменаў у галіне не прадбачыцца, падсумоўвае эксперт вынікі той нарады для сельскай гаспадаркі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Сакрэт поспеху – у рынкавай кан’юнктуры і нават санкцыях

Тым больш, што сітуацыя ў галіне цяпер не самая горшая, прынамсі, яна заўважна выправілася ў параўнанні з 2021 годам, адзначае Пётр Марозаў.

Белстат інфармуе, што летась сельская гаспадарка павялічыла вытворчасць прадукцыі на 3,6 %, да Br 31,8 млрд. Выручка ў сельскай гаспадарцы за мінулы год павялічылася на 23,1 % і склала Br 20,399 млрд, у той час як сабекошт прадукцыі склаў Br 16,5 млрд (рост 18 %).

Колькасць стратных прадпрыемстваў у 2022 годзе скарацілася да 57 (у 2021 годзе іх было 98). Адпаведна, іх доля ў агульнай колькасці аграрных прадпрыемстваў зменшылася з 8,1 % да 4,1 %. Чысты прыбытак павялічыўся на 64,2 %, да Br 2,3 млрд, рэнтабельнасць продажаў склала 11,2 % супраць 8,4 % у 2021 годзе. Гаворка ідзе пра паказнікі з улікам дзяржаўнага падтрымання, але, кажа эксперт, гэта нармальны падыход, бо сельская гаспадарка субсідуецца амаль ва ўсім свеце – гэта рызыкоўная галіна, што залежыць ад надвор’я і пры гэтым мае важнае значэнне для кожнай краіны. Згодна з статыстычнымі звесткамі, нават без дзяржаўнага падтрымання 52 % аграрных арганізацыяў у 2022 годзе спрацавалі без стратаў (у 2021 годзе такіх было 45 %).

Аналітыка
Ізноў сабралі меней. Што адбываецца паміж беларусамі і бульбаю
2022.11.21 16:30

Тлумачэнне гэтым дасягненням даволі простае – удалая рынкавая кан’юнктура.

«Цэны на сусветных рынках на аграрную прадукцыю летась былі вельмі высокія. Акрамя таго, на лічбах статыстыкі адбілася таксама істотнае ўмацаванне расейскага рубля да долара ЗША. Справа ў тым, што 70 % галіновага экспарту Беларусь пастаўляе ў Расею. Пры гэтым цэны намінуюцца ў расейскай валюце, а вось статыстыка пералічваецца ў долары ЗША.  Курсавая розніца падкарэктавала статыстыку. Таму, калі б рубель у РФ не ўмацаваўся, то і паказнікі экспарту былі б іншыя», – тлумачыць Пётр Марозаў.

Колькасць стратных прадпрыемстваў магла таксама зменшыцца дзякуючы ўзбуйненню, у выніку якога найбольш стратныя калгасы проста знікаюць, кажа эксперт.

Прадукцыя, якую вырабляе трэцяе рудаўпраўленне ААТ «Беларуськалій».
Фота: kali.by

На руку беларускім аграрыям маглі стаць нават санкцыі, што закранулі амаль усе астатнія галіны эканомікі, лічыць Пётр Марозаў. У 2022 годзе праз санкцыі Беларусь мела цяжкасці з экспартам угнаенняў і цалкам магчыма, што ў выніку іх атрымалі айчынныя аграрныя вытворцы – танна і ў дастатковай колькасці. У выніку гэтага яны атрымалі добры ўраджай. У мінулыя гады ўгнаенні стараліся больш адправіць на экспарт, каб зарабіць валюту.

Мы не маем інфармацыі пра імпартны складнік аграрнай вытворчасці і нават пра таварную структуру замежнагандлёвых аперацыяў, бо Белстат схаваў звесткі, колькі чаго і дзе мы і купляем і прадаём за мяжой. Але мы можам выказаць здагадку, што праз санкцыі Беларусь менш закупіла імпартных запчастак, сродкаў абароны раслінаў і гэтак далей, мяркуе эксперт.

Нагадаем, што не так даўно паведамлялася, што наступныя пакеты санкцыяў могуць закрануць і аграрную гаспадарку, але, з усяго відаць, ад гэтай ідэі пакуль адмовіліся.

Разбор
Ці праўда, што новыя санкцыі Еўразвязу ўдараць па сельскай гаспадарцы Беларусі?
2023.02.01 16:23

Мікалай Каткоў, Алена Голуб belsat.eu

Стужка навінаў