Прапагандысты цешацца сыходу «Avast» з Беларусі. Ці праўда гэта ўдарыць па кібербяспецы?


Чэшская кампанія-распрацоўнік антывірусных праграмаў «Avast» паведаміла пра спыненне працы ў Беларусі і Расеі праз санкцыі. Адзін з ананімных Telegram-каналаў, звязаных з беларускімі прапагандыстамі і сілавікамі, назваў гэта «паслугай КДБ». Ці праўда страта значная?

Антывірус «Avast»
Антывірус «Avast». Выява: Avast.com

«Avast» – адзін з найбольш папулярных бясплатных антывірусаў. Кампанія «Avast Software» распрацоўвае таксама праграму «CCleaner», якая дазваляе выдаляць «лішнія» файлы з камп’ютараў і смартфонаў.

Прапагандысты цешацца. Адзін з ананімных Telegram-каналаў, звязаных з імі і сілавікамі, піша: «Зараз зачышчаць кэш на смартфонах або камп’ютарах ад гнюсных прыгодаў БЧБ-шных дзетак стане значна цяжэй. І потым, як зараз прававерны змагар будзе абараняцца ад падступных фішынгавых спасылак КДБ?».

«Кіберпартызаны» заспакойваюць:

«У сучасных аперацыйных сістэмах і без старонніх антывірусаў усё ОК, – адказваюць хактывісты «Белсату». – Можна карыстацца „Microsoft Defender“, калі „Windows“ ліцэнзійны і атрымлівае рэгулярныя абнаўленні. А менавіта такімі аперацыйнымі сістэмамі мы раім усім карыстацца».

Сапраўды, часы, калі «Windows» быў амаль без абароны ад вірусаў і шкодных праграмаў, даўно мінулі. Напрыклад, нямецкія даследнікі «AV-Test», якія рэгулярна правяраюць найбольш папулярныя антывірусы, у снежанскім рэйтынгу далі 6 з 6 балаў як «Microsoft Defender», так і «Avast», і яшчэ дзесяці антывірусам. «Microsoft Defender» і «Avast» атрымалі таксама максімальныя балы за хуткасць працы і за зручнасць у карыстанні, такія максімальныя балы маюць яшчэ шэсць антывірусаў.

Іншыя аперацыйныя сістэмы, як то «MacOS» і «iOS», «Linux» і ў прыватнасці «Android» (заснаваны на ядры «Linux»), маюць свае сродкі абароны – пільнай патрэбы ў антывірусах на іх цяпер няма, ды і выбар антывірусаў для іх шырокі.

Агляд
Як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі? 7 пытанняў да «Кіберпартызанаў»
2023.07.11 13:00

«CCleaner» – праграма з кепскай рэпутацыяй. Яна сапраўды можа выдаліць файлы, якія карыстальнік палічыць «лішнімі», але папулярныя аперацыйныя сістэмы маюць свае сродкі выдалення непатрэбных сістэмных файлаў.

Прынамсі раней «CCleaner» распаўсюджвалі навязлівымі метадамі, у дадатак да яго прывязвалі антывірус і фірмовы браўзер, які незаўважна прапаноўвалі зрабіць браўзерам па змаўчанні. Некаторыя называлі «CCleaner» шкоднай праграмай (malware), у 2017 годзе ў праграме знайшлі сапраўды шкодны код, які мог даць хакерам доступ да камп’ютараў мільёнаў карыстальнікаў, у 2020 годзе праграму злавілі на продажы звестак карыстальнікаў без іх згоды, а «Windows» папярэджваў аб непажаданых і патэнцыйна шкодных паводзінах «CCleaner».

Ды на момант публікацыі пра дзіры ў праграме невядома, «Windows» не выдае адпаведных папярэджанняў, а «CCleaner» хіба прапануе зрабіць свой браўзер, які ўсталёўваецца разам з «чысцілкай», браўзерам па змаўчанні.

«Як могуць забараніць для беларусаў „CCleaner“, цяжка ўявіць, – адзначаюць «Кіберпартызаны». – „CCleaner“ распаўсюджваецца бясплатна. Можа, будуць недасяжныя ягоныя платныя функцыі пры аплаце з картак беларускіх банкаў. Але бясплатная версія будзе даступная і далей, хутчэй за ўсё. І можна папрасіць знаёмых за мяжой аплочваць праграму».

Яны таксама заўважаюць, што існуе шмат аналагаў «CCleaner», якімі можна карыстацца для чысткі ад «лішніх» файлаў.

«Кіберпартызаны» даюць парады па кібербяспецы на сваім асноўным Telegram-канале і на канале, прысвечаным «Партызанскаму тэлеграму», а таксама на сайтах Cpartisans.org і Abarona.org. Але на іхныя сайты з тэрыторыі Беларусі лепш заходзіць толькі з VPN.

Разбор
Што рабіць, калі ў Беларусі заблакуюць YouTube, Facebook ці Telegram – і як паставіць VPN
2024.01.12 10:36

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў