Начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Аляксандр Купчэня распавёў, каго МУС прыцягне да аховы парламенцкай электаральнай кампаніі, паведамляе БелТА.
Ахоўваць выбары ў Беларусі будуць студэнты ведамасных ВНУ, дружыннікі і ветэранскія арганізацыі сілавікоў.
«Міністэрства ўнутраных справаў будзе прыцягваць да аховы парадку ў тым ліку курсантаў ведамасных установаў адукацыі. Мы гэта рабілі і раней. Акрамя таго, сыходзячы з практыкі папярэдніх электаральных кампаніяў, мы будзем прыцягваць да ўдзелу ў тым ліку грамадскія фармаванні. Гэта ветэранскія арганізацыі не толькі органаў унутраных справаў, але і іншых праваахоўных органаў», – распавёў Аляксандр Купчэня.
Таксама былі створаныя добраахвотныя дружыны, якія дапамогуць у ахове правапарадку органам унутраных справаў.
«Гэта і БРСМ, у першую чаргу нашая студэнцкая моладзь. Іх мы будзем таксама прыцягваць да забеспячэння аховы парадку ў месцах, дзе ёсць выбарчыя ўчасткі. Мы цалкам гатовыя забяспечыць парадак, і нейкіх пагрозаў у дадзены момант мы не фіксуем», – сказаў прадстаўнік МУС.
Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 25 лютага 2024 года. Напярэдадні сілавікі праводзяць рэйды па месцах жыхарства беларусаў, раней заўважаных у апазіцыйнай дзейнасці, і прымушаюць падпісваць папярэджанні аб забароне парушэння грамадскага парадку.
Марыя Міхалевіч belsat.eu