Як без наступстваў перажыць маразы: карысныя парады


2024 год пачаўся для беларусаў з рэзкага пахаладання. Слупкі тэрмометраў у некаторых рэгіёнах апусціліся да -23 градусаў. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, маразы пратрымаюцца ўсе выходныя. Распавядаем, як перажыць халодныя дні.

В Минске впервые выпал снег, зимний парк
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Парады на апярэджанне

Не выходзьце з дому без патрэбы.

Калі ў вашай хаце халаднавата, то ешце. Ежа павінна быць цёплай і каларыйнай – гэта дадасць сілаў і энергіі. Піце цёплыя сагравальныя напоі, напрыклад, гарбату.

Рухайцеся. Працяглае ляжанне на канапе – гэта добры спосаб змерзнуць. Лепш не быць у статычным становішчы даўжэй за гадзіну.

Уцяпляйцеся. Выбірайце адзенне з бавоўны, воўны і з ворсам. Пры неабходнасці выкарыстоўвайце грэлку. Калі яе няма, то можна пакласці пад бок бутэльку з цёплай вадой.

Што рабіць, калі трэба выходзіць на вуліцу?

У моцны мароз трэба выходзіць на вуліцу здаровым, з сухімі валасамі, у сухой вопратцы і абутку, нясонным і поўным сілаў. Аслабленне арганізму ў выніку перанесеных хваробаў, патлівасць ног, хранічныя хваробы сэрцава-судзіннай сістэмы – частыя спадарожнікі абмаражэння.

Зноў жа – добра паешце перад выхадам. Грэцца алкаголем да выхаду на мароз і на дварэ нельга. Спіртное выклікае толькі ілюзію цяпла, адчувальнасць змяншаецца, і вы не зможаце адэкватна ацаніць, наколькі вам холадна. А вось гарбата – выдатнае развязанне як перад выхадам на вуліцу, так і падчас знаходжання на марозе.

Аб паленні на вуліцы варта таксама забыць, бо яно памяншае перыферыйную цыркуляцыю крыві, што робіць канцавіны больш уразлівымі да марозу.

Правільна апраніцеся. Адзенне павінна быць цёплым, функцыянальным і свабодным. Трэба надзець шапку, якая закрые вушы, рукавіцы (але не пальчаткі), нешта, што абароніць твар: для шчок і падбароддзя можна выкарыстаць цёплы шалік або абараніцца адмысловым крэмам. Крэму не шкадуйце – нанясіце тоўстым слоем. Вусны намажце гігіенічнай памадай. Часты спадарожнік ахалоджвання – цесны абутак, адсутнасць вусцілкі, сырыя шкарпэткі. Вусцілкі павінны быць цёплымі, шкарпэткі – ваўнянымі, а сам абутак – няцесным, цёплым і воданепранікальным.

В Минске впервые выпал снег
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Апраніце некалькі слаёў адзення, як гэта робяць спартоўцы ці спартовыя турысты. Ніжні слой мусіць добра выводзіць вільгаць (з гэтым спраўляецца воўна, поліэстр і поліпрапілен). Сярэдні слой адказвае за цеплаізаляцыю (напрыклад, адзенне з флісу або воўны). Вонкавы слой – гэта абарона ад ветру і снегу.

Што рабіць, калі ўсё ж такі атрымалі абмаражэнне

Баяцца трэба не толькі вялікага мінуса, але і вільготнасці з ветрам. Чым вышэйшая вільготнасць і мацнейшы вецер, тым больш шанцаў атрымаць абмаражэнне, нават на невялікім марозе.

Калі чалавек зазнае працяглае ўздзеянне сухога марозу або халоднай вады, можа наступіць агульнае пераахаладжэнне арганізму. У першую чаргу гэта пагражае дзецям, нават калі яны апранутыя вельмі цёпла, але нерухомыя або гуляюць у мокрай вопратцы. Вонкавыя прыкметы пераахаладжэння: дрыжыкі, бледнасць скуры і яе паколванне, здранцвенне канцавінаў, затарможанасць, страта каардынацыі рухаў, тэмпература цела 35 градусаў і ніжэйшая, страта прытомнасці.

Абмаражэнне – гэта яшчэ больш небяспечна і балюча. Прыкметы абмаражэння: канцавіны бляднеюць і губляюць адчувальнасць, вушы моцна чырванеюць. Калі на скуры з’яўляюцца бурбалкі, як пры апёках, з’яўляецца бесперапынная дрыготка, слабасць, парушэнне каардынацыі і мовы, трэба тэрмінова звяртацца да доктара. Калі скура мае сіне-чорны колер, зʼяўляюцца язвы, адчувальнасць губляецца – тут ужо трэба неадкладна выклікаць хуткую дапамогу.

Пры лёгкім абмаражэнні, трапіўшы ў цёплае памяшканне, распраніцеся. Абмарожанае месца трэба змясціць у цёплую (але не гарачую!) ваду, звычайна для нармалізацыі хапае 15-30 хвілінаў. Пасля акуратна высушыце пацярпелы ўчастак, пакладзіце на яго некалькі слаёў цёплага сухога адзення.

Ужывайце цёплую ежу і напоі (але не алкагольныя!). З’ешце што-небудзь салодкае і рухайцеся (толькі калі вы не адмарозілі ног, ступняў – у такіх выпадках нельга хадзіць). Можна прыняць таблетку аспірыну або папаверыну (калі няма супрацьпаказанняў). Гэтыя прэпараты ў тым ліку разрэджваюць кроў і паляпшаюць яе прыток да пашкоджаных тканак. Адзначым, што катэгарычна нельга расціраць балючае месца, у тым ліку снегам ці алкагольнымі напоямі.

Калі праз некалькі гадзінаў стан не палепшыцца ці нават пагоршыцца – звярніцеся да лекара.

Агляд
Вадохрышча: як акунуцца ў палонку і не захварэць
2023.01.19 12:58

Мароз і сэрца

Зімой, асабліва ў моцныя маразы і ветранае надворʼе, павышаецца рызыка сэрцавага прыступу, які называюць халадовым інфарктам. Гэта прыступ загрудзінных боляў, што здараецца пры рэзкім перападзе тэмпературы. Узнікае ён ад спазмы судзінаў, напрыклад, у канцавінах. Пры гэтым рэзка павялічваецца нагрузка на сэрца і можа развіцца рэфлекторная спазма судзінаў, што пагоршыць кровазабеспячэнне галоўнай сэрцавай цягліцы – міякарду. Не выключаецца развіццё нават паўнацэннага інфаркту.

Часцей за ўсё халадовы інфаркт здараецца, калі чалавек выходзіць з цёплага памяшкання надвор пры марозе. Найбольш часта ён узнікае пасля моцных псіхаэмацыйных перажыванняў, а таксама ў курцоў.

Калі пры выхадзе на мароз ці, наадварот, пры заходзе ў цёплае памяшканне пасля марозу ўзнікаюць боль і дыскамфорт у грудной клетцы, то гэта нагода звярнуцца да доктара.

У якасці прафілактыкі неабходна весці здаровы лад жыцця: паўнацэнна харчавацца, памятаць аб фізічнай актыўнасці, пазбягаць стрэсаў. Акрамя таго, пазбягаць рэзкіх перападаў тэмпературы, насіць цёплае адзенне згодна з сезонам, шалік і рукавіцы (праз рукі, дарэчы, губляецца 17 % цяпла).

Як быць з дзяцьмі

На думку спецыялістаў, адмовіцца ад прагулак з дзецьмі на вуліцы трэба пры тэмпературы ніжэйшай за -20 градусаў і моцным ветры. У плане адзення пажадана выконваць прынцып шматслойнасці. На дзіцяці адзення павінна быць на слой менш, чым на дарослым. Але гэтае правіла не адносіцца да малых першага года жыцця. У гэтым выпадку ўсё мусіць быць наадварот.

Новогодняя ёлка на Немиге в Минске
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Калі падчас прагулкі дзіця замерзла, тэрмінова бярыце яго дадому або ў любое цёплае месца. Калі адзенне мокрае, то змяніце яго, паступова сагравайце дзіця. Таксама варта пакласці цёплыя грэлкі ў пахвінную і падпахавую вобласці. Дайце дзіцяці цёплай салодкай гарбаты, трохі хлеба або печыва. Калі дзіцяці блага, трэба пакласці яго на жывот або бок, накрыць нечым цёплым і выклікаць хуткую дапамогу.

Важна навучыць дзяцей апранацца згодна з надворʼем, рухацца, каб не змерзнуць, не дрыжаць (чым мацней дрыжыш, тым больш замярзаеш), а таксама дыхаць носам, расціраць далоні адну аб адну, рабіць энергічныя махі рукамі, танцаваць (трэба выцягнуць рукі ўздоўж цела, растапырыць пальцы і рабіць плячыма рэзкія і частыя рухі ўверх-уніз), не забываць грэць рукі пад пахамі, варушыць пальцамі ног, прысядаць, бегаць на месцы, расціраць нос, шчокі і вушы сухімі далонямі. Таксама растлумачце дзіцяці, што вельмі небяспечна выходзіць на замёрзлы вадаём і тым больш гуляць на лёдзе.

Саша Гоман, belsat.eu

Стужка навінаў