Палітолаг Валер Карбалевіч: Праз пазбаўленне грамадзянства і маёмасці ўлады могуць змяніць электаральную мапу ў Беларусі


6 студзеня ў Беларусі былі апублікаваныя законы аб канфіскацыі маёмасці і аб часовым кіраванні замежнымі кампаніямі. На дзень раней «узаконілі» пазбаўленне грамадзянства, хоць тое па-ранейшаму забаронена Канстытуцыяй.

Паводле палітолага Валера Карбалевіча прыняты закон аб канфіскацыі маёмасці таксама мае антыканстытуцыйны характар. У эфіры «Белсату» Карбалевіч пракаментаваў законы «Аб выманні маёмасці» і «Аб пытаннях перадачы пад часовае вонкавае кіраванне».

«Варта звярнуць увагу, што закон настолькі «гумовы», што дазваляе ўладам канфіскаваць абсалютна любую маёмасць фізічнай ці юрыдычнай асобы, як сярод беларусаў, так і сярод замежнікаў. Прыняты закон варта разглядаць у сукупнасці з іншымі заканадаўчымі актамі. Ён накіраваны і супраць палітычных апанентаў рэжыму і супраць несяброўскіх краінаў.

Каментар
Навошта ў Беларусі прынялі законы пра канфіскацыю маёмасці – і як ад гэтага абараніцца?
2023.01.06 19:53

Калі казаць аб апанентах, то дадзены закон варта разглядаць разам з законам аб завочных судах, а таксама разам з законам аб пазбаўленні грамадзянства. Такім чынам, можна пазбавіць і грамадзянства і ўласнасці вялізную колькасць людзей, прычым як тых, хто жыве ў Беларусі, так і тых, хто жыве ў замежжы. Тым самым улады могуць змяніць электаральную мапу краіны.

Калі паўмільёна чалавек пазбавіць грамадзянства, то праз нейкі час можна дасягнуць сітуацыі, калі можна будзе атрымаць большасць падчас электаральных кампаній. А адначасова паправіць і дзяржаўны бюджэт», – распавёў Валер Карбалевіч.

Палітолаг узгадаў досвед Кубы, дзе ўлады час ад часу дазваляюць эміграваць тым, хто не падтрымлівае бягучую палітыку і такім чынам захоўваць унутрыпалітычную стабільнасць.

«Хто мог думаць, што ў спісы экстрэмістаў патрапяць сотні людзей?» – запытвае Карбалевіч. Паводле суразмоўцы «Белсату», нельга выключаць, што законы аб пазбаўленні грамадзянства і маёмасці закрануць шырокія колы людзей.

Апроч таго, новыя законы дэманструюць – у якім кірунку рухаецца краіна. «Яшчэ некалькі гадоў таму ўлады цікавіў бізнес-клімат. Рэгіянальным уладам давалі заданне па прыцягненню замежных інвестыцыяў. Але сёння гэта нікога не цікавіць. Беларусь становіцца чорнай дзіркай на эканамічнай мапе свету і гэта абсалютна не хвалюе ўлады. Сітуацыя міжнароднай ізаляцыі – гэта надоўга, не будзе ніякага паразумення з краінамі, якія ў законах называюць несяброўскімі. То бок пытанне дыялогу з несяброўскімі краінамі не стаіць на парадку дня», – робіць выснову Карбалевіч.

АА belsat.eu

Стужка навінаў