«Зрабіць Канстытуцыю недастаткова». Як рыхтуюць дакументы для Расеі пасля Пуціна


Момант падзення пуцінскага рэжыму невядомы, але да яго рыхтуюцца: расейскія юрысты імкнуцца паспець стварыць мадэль бяспечнай Расеі ды ачысціць Канстытуцыю краіны. Доктар юрыдычных навук, прафесар і сябра навуковай рады Свабоднага ўніверсітэту Алена Лук’янава распавяла «Белсату», якія дакументы распрацоўваюцца, хто іх можа прымаць і кім бы яна сама стала ў «прыўкраснай Расеі будучыні».

Алена Лук’янава на Трэцяй антываеннай канферэнцыі. 1 снежня 2022 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

– На Трэцяй антываеннай канферэнцыі ў Вільні вы казалі пра рыхтаванне Канстытуцыі і законаў для будучай свабоднай Расеі. Хто іх прыме?

– Мы зыходзім з таго, што ні ў якога з’езду сёння не хопіць легітымнасці прыняць новую Канстытуцыю. Мы можам рабіць толькі пераходныя дакументы. Новую Канстытуцыю можа прымаць толькі рэферэндум або Устаноўчы сход. У гэтым пазіцыя таксама Расейскага канстытуцыйнага клубу, куды ўваходзяць асноўныя канстытуцыяналісты Расеі, каля 150 навукоўцаў. Мадэль стварылі яны, яшчэ да ўнясення паправак у 2020 годзе, пра тое, што Канстытуцыя 1993 года не вычарпала свайго дэмакратычнага патэнцыялу з гледзішча раздзелаў 1, 2, 9, але ў ёй першапачаткова закладзеная пэўная колькасць дэфектаў.

За аснову мы бяром гэтую Канстытуцыю і пачынаем яе выпраўляць, зыходзячы з досведу мінулых 30 гадоў. Тут і адсылачныя нормы: збірацца можна мірна і без зброі, а астатняе рэгулюецца законам. Гэта павінна быць прапісана больш жорстка, каб ні адзін закон не змог падмяніць сэнсу. Мы дамовіліся, што чысцім гэтую Канстытуцыю ад усяго, што нанеслі за амаль 30 гадоў, мы ўносім у яе новыя раздзелы, якіх не было. Напрыклад, узаемаадносіны грамадства і дзяржавы – гэта кантроль за дзяржавай і ўсімі яе інстытутамі.

– Такое ёсць у канстытуцыях іншых краінаў?

– Ну чаму ж не. Не памятаю, ці ёсць гэта ў Канстытуцыі Канады, але яна даволі тоўстая. Калі не ўсталяваць гэтых прынцыпаў, атрымліваецца, што няма грамадзянскіх інстытутаў, упаўнаважаных, якія маюць права кантраляваць дзяржаву. У нас была створаная Грамадская палата, якой няма ў Канстытуцыі, але потым яе сфальсіфікавалі праз узгадненне кандыдатураў у адміністрацыі прэзідэнта. Павінны быць такія інстытуты – назіранне на выбарах, антыкарупцыйныя структуры. Павінен быць і асобны раздзел або падраздзел пра СМІ, вядома! Гэта калі не пятая ўлада, то наймагутнейшы інструмент грамадзянскага кантролю за дзяржаваю.

Зразумела, будуць перафарматаваныя (мы пакуль не разумеем, як менавіта) федэралізм і рэгіянальная палітыка, размежаванне паўнамоцтваў. Мы не бярэм на сябе смеласці сцвярджаць, што будзе, але хочам выслухаць эканамічных і палітычных географаў, якія нам скажуць, як яны бачаць гэтую праблему.

Рэпартаж
Украіна перш за ўсё, а апазіцыя не вінаватая: як прайшоў расейскі антываенны форум у Вільні
2022.12.04 21:18

– Вы маеце на ўвазе межы Расеі?

– Не, федэратыўны лад. Мы не ведаем наконт межаў. Мы дапускаем і варыянт, калі краіна разарваная на пяць – шэсць частак. Мы павінны прадугледзець, як у наяўных межах будуць адбывацца стасункі цэнтру з рэгіёнамі. Сёння Расея – абсалютна ўнітарная дзяржава з усімі паўнамоцтвамі і бюджэтным размеркаваннем на карысць цэнтру. Гэтага быць не павінна.

Мы будзем перапісваць галіны ўлады, размяжоўваць паўнамоцтвы паміж імі – мяняць тое, што ў 1993 годзе ўнесла адміністрацыя прэзідэнта. Хутчэй за ўсё, будзе парламенцкая рэспубліка.

– Нават не парламенцка-прэзідэнцкая?

– Хутчэй, не. Напэўна, з інстытутам прэзідэнта – як у Нямеччыне, Латвіі. У Швейцарыі – калегіяльны прэзідэнт. У Расеі парламенцкай будзе вельмі цяжка, бо краіна вельмі вялікая, а якою будзе другая палата – абірацца або прызначацца рэгіёнамі (як Бундэсрат), будуць яны на сталай аснове або на добраахвотных пачатках часова – у вузкім коле пытанняў… Гэта пакуль абмяркоўваецца.

Дэлегаты з’езду [народных дэпутатаў у Яблоннэ] блытаюцца ў тэрмінах, але ўзялі ў рукі кнігі. Што прыемна – там і кніга Хадаркоўскага, і артыкул Навальнага, і іншыя.

– Гэта значыць, сканцэнтраваныя толькі на будучай Канстытуцыі?

– Зрабіць Канстытуцыю недастаткова. Мы будзем рыхтаваць муніцыпальную рэформу, бо гэта другая важная частка, якая павінна быць створаная ў Расеі, а ў нас яе не было наагул. Роля мясцовага самакіравання павінна быць вельмі значная. Разам з адмыслоўцамі паволі чысцім закон аб мясцовым самакіраванні і фармулюем палажэнні Канстытуцыі. З гэтых двух канцоў мы прыйдзем да сярэдзіны, дзе будзем узважваць на тонкіх вагах – аптэчных – гэтыя паўнамоцтвы.

Яшчэ адна вельмі цяжкая рэч – судовая рэформа. Яна не была даведзеная да канца ў Расеі, хоць прынцыпы былі закладзеныя. З выбарчаю сістэмаю нібыта зразумела, як і з правядзеннем выбараў у пераходны парламент. І, вядома, стаіць пытанне пра трыбунал і пераходнае правасуддзе, тут яшчэ конь не валяўся. Ёсць досвед міжнародны, хочам паслухаць спецыялістаў постсацыялістычных краінаў: на якія граблі яны наступілі, якія ёсць праблемы. Ёсць зусім радыкальныя думкі, якая група павінна трапляць пад люстрацыю. Калі я кажу пра мінімальную – ФСБ і партыя «Единая Россия», то ёсць людзі, якія заклікаюць люстраваць усіх былых піянераў і акцябратаў.

– Сур’ёзна?

– Так! (смяецца)

– Але гэта ж амаль усю краіну трэба люстраваць.

– Усю краіну, так. Такая прапанова. Добра, што яны [распрацоўнікі дакументаў. – Заўвага рэд.] слухаюць экспертаў, хоць не заўсёды з першага разу. Думаю, навучымся. Хаця б нейкі працэс.

– Фінальная кропка пакуль не вызначаная?

– Ну што вы, гэта вялікая праца. Мы разумеем, што ўсё ў Расеі можа абрынуцца ў адзін момант, таму стараемся зрабіць гэтыя асноўныя рэперныя кропкі. Мясцовае самакіраванне нам дужа трэба, асновы канстытуцыйнага ладу і выбары таксама. Колькі ў нас на гэта часу, мы не ведаем. Але людзі працуюць кожны дзень, разам з выходнымі. Лічу, гэта выдатна.

Інтэрв’ю
Каспараў: «Ад таго, куды пойдзе Расея, залежыць будучыня XXI стагоддзя»
2022.12.04 21:38

– Вы сказалі на канферэнцыі, што запрашаеце іншых узяць удзел у гэтай працы…

– Разумееце, у чым рэч… Ёсць пэўная колькасць апазіцыйных пляцовак за межамі краіны, кожная з іх нешта распрацоўвае, але гэта не канструктыўна. Давайце распрацоўваць у адным месцы! Гэта не будзе з’езд: там адна задача, у Гары Кімавіча – іншая. Ёсць лабараторыя экспертаў, давайце ўсё злучым разам, каб потым не ўчыняць бойкі меркаванняў падчас форткі магчымасцяў, бо яна можа быць вельмі кароткаю.

– Хтосьці ўжо адгукнуўся?

– Мы яшчэ і не моцна заяўляліся. Фактычна гэта першая прапанова пасля з’езду. Працаваць над дакументамі трэба, прапановы могуць быць розныя і вельмі цікавыя.

– Чаму на базе Свабоднага ўніверсітэту?

Бо ён не палітычны.

– Ці не прасцей сабраць экспертную групу?

– Чыю? Якой-небудзь з групаў?

– Супольна сфармаваную.

– Дык гэта ж будзе бойка. А тут незалежная лабараторыя, акадэмічная. Прыходзьце, будзем працаваць на гэтай пляцоўцы, прыносьце свае праекты. Па-мойму, гэта выйсце.

Алена Лук’янава на Трэцяй антываеннай канферэнцыі. 1 снежня 2022 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

– Ці разглядаліся ўжо праекты дакументаў датычна Саюзу Расеі і Беларусі, стасункаў з іншымі краінамі?

– Не, бо задача ў нас іншая – зрабіць мадэль той Расеі, якая будзе бяспечная для суседзяў. Дэмакратычныя краіны адны з аднымі не ваююць.

– Якою вы бачыце сваю ўласную ролю ў гэтай будучай Расеі?

– Я экспертка, трэнерскі склад. Амбіцыяў у мяне няма наагул, у Дзяржаўную думу я не пайду. Усё, чым я ім магу дапамагчы, і тое, калі вельмі моцна будуць угаворваць, – на два гады пайду старшынёю ЦВК. Але наагул не хачу. Лепш я буду кніжкі пісаць. І вучыць.

Іван Аляксееў / ААbelsat.eu

Стужка навінаў