Ад медыкаў да настаўнікаў: у якіх прафесіях цяпер нястача кадраў у Беларусі


Што адбываецца з рынкам працы ў Беларусі? Склалі топ-7 прафесіяў, дзе назіраецца дэфіцыт кадраў. Для гэтага зірнулі статыстыку прапановаў працы ў Агульнарэспубліканскім банку вакансіяў.

Колькасць вольных працоўных месцаў у Беларусі павялічваецца з вясны, сведчаць звесткі банку вакансіяў. Гэтак, у красавіку 2022 года іх налічвалася каля 93 тысячаў, у жніўні – ужо амаль 96 тысячаў. На снежань 2022 года працадаўцы шукаюць 100 088 працаўнікоў. Толькі за апошні месяц былі размешчаныя 48 427 вакансіяў. Колькасць размешчаных на сайце рэзюмэ істотна меншая за прапановы працы: шукаюць яе толькі 8556 чалавек.

Лідар паводле колькасці вакансіяў – Менск: тут трэба 24 771 работнік. Затым ідзе Менская вобласць: дэфіцыт кадраў складае 15 778 работнікаў. Амаль 13 тысячаў працаўнікоў не стае працадаўцам Гарадзенскай і Гомельскай вобласцяў. У Берасцейскай вобласці – амаль 12 тысячаў, Віцебскай – 11,5 тысячы, Магілёўскай – 10,3 тысячы.

Вострая нястача медыкаў паглыбляецца

Калі глянуць на вакансіі з гледзішча прафесіяў, то відаць дэфіцыт медыкаў. У жніўні ў Беларусі іх патрабавалася 5,5 тысячы розных профіляў. Цягам года гэтыя вакансіі закрываюцца вельмі няпроста. У снежні лічба вакансіяў узрасла да 6286.

Што наконт заробкаў? Самы вялікі заробак – Br 2800 – гатовыя плаціць анестэзіёлагу-рэаніматолагу ў 11-м гарадскім шпіталі Менску. У сярэднім доктару-спецыялісту прапануюць заработную плату Br 2000–2500.

Пакутуюць без дактароў не толькі людзі: у банку вакансіяў знайшлі вялікую колькасць аб’яваў пра пошук ветэрынараў.

Найменшы заробак на 1 стаўку памерам Br 483 прапануюць доктару спартовай медыцыны ў РЦАП у роварным і лядовых відах спорту і стаматолагам у 3-й гарадской стаматалагічнай паліклініцы Менску.

Дэфіцыт сярод кіроўцаў і прадаўцоў

На ліпень 2022 года ў краіне патрабаваліся 5850 кіроўцаў. У снежні лічба вырасла і складае 6261 вакансію. Найвялікшы заробак – Br 2000–3000 – прапануе кіроўцам цяжкавікоў таварыства з абмежаванай адказнасцю «Махроўскае» (Берасцейшчына). Найменшы заробак – Br 482 – прапануе кіроўцу цяжкавіка дзяржаўнае прадпрыемства «Ельская ПМК 64».

На снежань 2022 года ў краіне не стае 1981 прадаўца. Самы вялікі заробак – Br 1400 – прапануе адмыслоўцу крама-кавярня «Улюбёнае Берасце». Найменшы заробак – Br 480 – знайшлі ў «Беларуснафта-Асобіне» ў мястэчку Камунар.

У Беларусі няма кіраўнікоў

Кіроўныя пасады ў Беларусі займаць няма каму, вынікае з даных банку вакансіяў. У жніўні лічба вольных працоўных месцаў падобнага профілю была каля 1000, на снежань яна практычна не змянілася – 1016. Самы вялікі заробак у гэтай сферы – Br 4000, яго прапануюць намесніку дырэктара ў камерцыйных пытаннях у «Olsa» (Магілёў) і кіраўніку аддзелу бухгалтарскіх паслуг у «IQT» (Менск). Патрабаванняў да кандыдатаў дастаткова шмат (напрыклад, досвед працы не менш за 5 гадоў).

Скорая медицинская помощь, 103, неотложная помощь, медпомощь, Минск, Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Са жніўня Банк развіцця Беларусі шукае сабе намесніка старшыні праўлення (патрабуецца досвед працы ад 10 гадоў у банкаўскай сферы на кіроўнай пазіцыі). Кандыдату прапануюць ажно Br 12 304 заробку, але чамусьці вакансія дасюль адкрытая.

Будаўнічыя вакансіі марудна, але змяншаюцца

Зірнем вакансіі паводле прафесіяў будаўнічага профілю: у красавіку патрабаваліся каля 1100 спецыялістаў, у чэрвені – каля 980, у снежні – 793. Максімальны заробак тут – Br 2070, які абяцаюць інжынеру тэхнічнага нагляду за будаўніцтвам у «Беларуснафце». Па Br 2000 прапануюць таксама слесарам рамонту дарожна-будаўнічых машынаў і трактароў. Найменшы заробак абяцаюць рабочаму зялёнага будаўніцтва (садоўнікі і садаводы) на РУП «Беларуснафта-Асобіна» на Гомельшчыне (Br 483).

Настаўнікі знаходзяцца, выхавальнікі знікаюць

У траўні 2022 года ў Беларусі бракавала 368 настаўнікаў. На жнівень 2022 года ў краіне былі вакантныя амаль 700 настаўніцкіх ставак. Цяпер мы знайшлі 355 вакансіяў. Калі колькасць вакансіяў настаўнікаў знізілася, то выхавальнікаў у дзіцячыя садкі, наадварот, узрасла. У жніўні патрабаваліся 492 адмыслоўцы, на снежань – 622.

Самы вялікі заробак – ад Br 1500 – прапануе настаўніку англійскай мовы «Міжнародная школа» ў Менску. Патрабаванні высокія: валоданне нормамі англійскай мовы на высокім прафесійным узроўні (адпаведным узроўню носьбітаў мовы), досвед працы ў сістэме міжнародных школаў «Quality school international». Крыху менш – Br 1200–1400 – прапануе настаўніку інфарматыкі гімназія № 36 Менску.

Найменшы заробак – Br 457 – мы знайшлі ў вакансіі настаўніка працоўнага навучання Стрэшынскай сярэдняй школы Жлобінскага раёну. Даволі шмат вакансіяў па 0,25 і 0,5 стаўкі, ёсць нават 0,13 стаўкі, заробак якіх пачынаецца з Br 75.

Самы вялікі заробак – Br 1500 – прапануюць прарэктару па выхаваўчай працы ва ўстанову адукацыі БДСГА (Магілёўская вобласць, Горкі). Астатнія заробкі значна ніжэйшыя. Гэтак, на другім месцы – вакансія з заробкам Br 968 для выхавальніка ў дзіцячым садку № 76 Бабруйску. Найменшы заробак для 1 стаўкі складае Br 480 і прапануецца выхавальніку ў яслі-сад № 23 Светлагорску.

Здымак вокладкі: Мікіта Пячэнік / Белсат

Саша Гоман   belsat.eu

Стужка навінаў