Амбасадарка Джулі Фішэр: «Санкцыйны ціск з боку ЗША толькі ўзмацніцца»


Амбасадарка ЗША Джулі Фішэр дала эксклюзіўнае інтэрв’ю «Белсату». Размова з Ігарам Кулеем выйшла ў праграме «Тыдзень» на нашым тэлеканале.

– Спадарыня Фішэр, гэта вялікі гонар – зноў сустракацца з вамі ў гэтай студыі. Вы тут ужо другі раз. Дзякую, што пагадзіліся прыйсці і даць інтэрвʼю.

– Дзякую за магчымасць ізноў быць з вамі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 1 снежня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

– Вы не так часта бываеце ў Варшаве. Дазвольце пацікавіцца прычынаю гэтага візіту.

– Дзякуй, я вельмі радая, што зноў прыехала ў Варшаву. Насамрэч я тут бываю даволі рэгулярна, а сённяшні візіт адбываецца ў рамках пастаяннай працы, якую я выконваю ў Варшаве. Я адводжу вельмі шмат часу на каардынацыю [дзеянняў] з нашымі польскімі калегамі, з Міністэрствам замежных справаў ды іншымі міністэрствамі, а таксама з урадам Польшчы. У дадатак, наведваючы Варшаву, я карыстаюся з магчымасці камунікаваць з [беларускімі] палітычнымі лідарамі, чальцамі Каардынацыйнай рады тут, а таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і НДА, якія працуюць над развіццём дэмакратыі ў Беларусі. У Варшаве і ў Польшчы адбываецца шмат рэчаў, звязаных з Беларуссю. Таму прыязджаць сюды і быць тут – вельмі слушна.

– Не сакрэт, што пасля таго, як улады Беларусі адклікалі ваш агрэман, вы застаяцеся ў Вільні і адтуль працягваеце сваю місію. Наколькі цяжэй яе выконваць не з Беларусі?

– Рабіць маю працу з Вільні – гэта вельмі нетрывіяльны і нечаканы выклік. Я вельмі ўдзячная літоўцам, літоўскаму ўраду не толькі за цёплы прыём мяне як амерыканскай дыпламаткі, якая працуе ў справе Беларусі, і за магчымасць там жыць ды працаваць, але і за ўсё, што Літва зрабіла для прыняцця і размяшчэння дэмакратычных сілаў, якія апынуліся за межамі Беларусі, іншых дыпламатаў. Ёсць і іншыя дыпламаты, ад якіх запатрабавалі пакінуць Беларусь. Цяпер яны працуюць з Вільні.

Выклік для нас быў бы, нават калі б мы працягвалі мець двухбаковыя адносіны з Беларуссю, калі б у нас была амбасада ў Менску, калі б Беларусь мела амбасаду ў Вашынгтоне. Гэта выклік, як працаваць з Беларусі, цудоўна разумеючы, што там адбываецца, у той час, калі праблемы Беларусі выходзяць за яе межы, калі Беларусь фактычна экспартуе свае праблемы, калі выганяе сваіх грамадзянаў з краіны. Яшчэ неабходна сабраць усю інфармацыю, каб стварыць поўную карціну, бо рэжым актыўна дзейнічае, каб перакрыць усім нам доступ да інфармацыі, у тым ліку незалежным СМІ. А таксама ён агрэсіўна пераследуе журналістаў і незалежныя медыі.

Аналітыка
Адзіным фронтам. Што трэба ведаць пра новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
2021.12.03 15:25

– Сёння (размова адбылася 1 снежня. – Заўв. belsat.eu) адбылася чарговая хваля: можа, вы чулі, што раніцай адбыліся затрыманні актывістаў…

– Вы ведаеце, відавочна, дзеянні Лукашэнкі ды ягонага рэжыму накіраваныя на тое, каб не даць як усяму свету, так і ўласным грамадзянам зразумець, што адбываецца ў Беларусі і як Беларусь узаемадзейнічае з іншымі краінамі. Такім чынам, выклік для нас, для мяне, калі я працую з Вільні, – як найлепш скласці гэтыя кавалачкі пазла разам, каб зразумець, як мы можам дапамагчы Беларусі ісці наперад.

– На наступным тыдні набываюць моц санкцыі ЗША супраць рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку супраць «Беларуськалію». Ці ведаеце вы пра спробы беларускіх кампаніяў абысці гэтыя санкцыі?

– Так, на наступным тыдні, 10 снежня, скончыцца тэрмін дзеяння генеральнай ліцэнзіі, выдадзенай, каб кампаніі, якія вялі гаспадарчую дзейнасцю з «Беларуськаліем», спынілі гэтую працу. Нашыя санкцыі супраць «Беларуськалію» набываюць моц. Гэта надзвычай важны крок, які мы зрабілі ў ЗША, гэта быў крок, пра які мы абвесцілі 9 жніўня, гэта ў асноўным было рэакцыяй на інцыдэнт з самалётам «Ryanair», а таксама на рэпрэсіі, якія мы назіралі са дня выбараў у жніўні 2020 года.

Калектыўныя крокі, зробленыя за апошнія амаль паўтара года, былі распрацаваныя, каб змяніць разлік Менску. Перш за ўсё, санкцыі ЗША на працягу дзесяцігоддзя былі моцна прывязаныя да пытання палітычных вязняў, і гэта так і застаецца. Рэжым працягвае ўтрымліваць каля 900 палітычных вязняў (на сёння, паводле «Вясны», іх 888), пакуль Лукашэнка і ягоны рэжым не толькі ўтрымліваюць гэтых вязняў за кратамі, але і працягваюць арыштоўваць новых.

Hавiны
Палітолаг Дзмітрый Балкунец: «Наймацнейшы пакет санкцыяў – амерыканскі»
2021.12.02 23:42

– Іхная колькасць пастаянна расце.

– Я цалкам упэўненая, што санкцыйны ціск з боку ЗША толькі ўзмацніцца.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 1 снежня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

– Але дазвольце прывесці два прыклады. Аляксей Алексін, адзін з гаманцоў Лукашэнкі, ужо пазбавіўся актываў і перапісаў усё на сваякоў. І яшчэ. Некалькі дзён таму змяніўся ўладальнік украінскай «дачкі» беларускай нафтавай кампаніі «Нафтан». Яны спрабуюць абысці санкцыі ЗША, бо «Нафтан» – таксама ў амерыканскім санкцыйным спісе.

– Не паглыбляючыся ў дэталі наконт канкрэтных прыкладаў, я б падкрэсліла, што маю велізарную ўпэўненасць у здольнасці ЗША забяспечыць эфектыўнасць санкцыяў. Нашае фінансавае ведамства вельмі дасведчанае ў такіх пытаннях. Калі мы насамрэч разлічваем на пэўны эфект ад санкцыяў, то працэс іх ажыццяўлення гэтак жа важны, як і складанне спісу тых, хто трапляе пад санкцыі. Гэта не першая краіна і не першы выпадак, калі тыя, хто ў санкцыйным спісе, актыўна працуюць, каб пазбегчы абмежаванняў. Мы працуем у цеснай сувязі [з партнёрамі]. Каб гарантаваць максімальна магчымае выкананне гэтых санкцыяў, мы будзем супрацоўнічаць з ЕЗ, нашымі саюзнікамі ў Вялікай Брытаніі, Канадзе ды іншымі краінамі, што таксама ціснуць санкцыямі.

– Ці могуць ЗША запусціць санкцыі другога парадку? Я маю на ўвазе сітуацыю, калі пад санкцыі трапяць не толькі Беларусь і яе кампаніі, але і ўсе іншыя кампаніі, якія з імі гандлююць, незалежна ад таго, дзе яны і каму належаць.

– Пытанне пра другасныя санкцыі сапраўды важнае, калі гаворка пра санкцыі ЗША. Кажучы пра санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў і прыватных асобаў, то ў гэтым пытанні міністэрства фінансаў мае поўную свабоду ужыць і другасныя санкцыі. Такім чынам, пытанне пра другасныя санкцыі – гэта пытанне, якое на парадку дня сёння, і кожны, хто вядзе бізнес з гэтымі фізічнымі ды юрыдычнымі асобамі, мусіць улічваць гэта.

Артыкулы
Намесніца дзяржсакратара ЗША Узра Зэя: «Мы рыхтуем новыя санкцыі»
2021.11.21 22:41

– Два тыдні таму адміністрацыя Байдэна, а таксама намеснік дзяржсакратара Узра Зэя ў маім інтэрв’ю абвясцілі новы пакет санкцыяў супраць Беларусі. Гэта адказ на міграцыйны крызіс?

– Гэта чарговы раўнд санкцыяў. Мы наўпрост далі гэта зразумець, дзяржсакратар Блінкен казаў пра гэта некалькі разоў, ягоная намесніца Зэя таксама. Мы не маем сумневаў, што рэакцыяй на гэты міграцыйны крызіс мусяць быць санкцыі. Але прычынай ціску на [улады] Беларусі застаецца ўся сітуацыя агулам. Як я ўжо казала, санкцыйны ціск цесна звязаны з праблемаю палітычных вязняў, з праблемаю рэпрэсіяў, звязаны з ігнараваннем уладамі Беларусі сваіх міжнародных абавязкаў і парушэннем правоў грамадзянаў Беларусі. У прынцыпе, у межах нашага падыходу гэтыя пытанні нельга аддзяліць ад міграцыйнага крызісу, бо, на маю думку, тое, што адбываецца на мяжы з Беларуссю і Літвою, гэты міграцыйны крызіс немагчыма аддзяліць ад крызісу ў краіне [Беларусі]. Гэта спроба адцягнуць увагу ад палітычнага крызісу, гэта спроба рэжыму дамагчыся нейкага ўзаемадзеяння, у якім ім адмоўлена праз унутраны палітычны крызіс.

Такім чынам, мы характарызуем нашыя санкцыі як планаваныя, як рэакцыю на актуальны міграцыйны крызіс, але не толькі на яго, а таксама на сур’ёзны палітычны крызіс.

Hавiны
Алесь Аляхновіч: «Эканамічныя санкцыі – гэта марафон, але мэта будзе дасягнутая»
2021.12.03 21:48
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 1 снежня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

– Вы б маглі падзяліцца падрабязнасцямі пра нядаўна анансаваны чарговы пакет санкцыяў? Што там будзе?

– Тое, што вы пабачыце ў новым пакеце санкцыяў, калі мы будзем гатовыя яго паказаць (а гэта адбудзецца не сёння), – гэта велізарная каардынацыя паміж намі: Еўрапейскім Звязам, Аб’яднаным Каралеўствам, Канадаю. Вы ўбачыце намаганне ўсіх нас, якое мае на мэце зрабіць яшчэ адно пасланне рэжыму ў Менску. Гэты пакет закліканы абмежаваць тыя суб’екты, якія прыносяць карысць рэжыму, чые прыбыткі ды выручка фінансуюць рэпрэсіі. Ён закліканы рэагаваць на канкрэтныя элементы транснацыянальных рэпрэсіяў, якія, як мы бачым, зыходзяць з Беларусі. Таму я думаю, што вы ўбачыце вельмі мэтанакіраваны комплекс дзеянняў, скаардынаваных паміж партнёрамі, якія адзінагалосна рэагуюць на тое, што адбываецца ў Беларусі.

– Такім чынам, новыя санкцыі будуць больш эканамічнымі, чым сімвалічнымі? Яны будуць накіраваныя не супраць асобаў, а супраць беларускай эканомікі?

– Гэтая праблема, як і эканоміка Беларусі, – складаная сетка дзяржаўных прадпрыемстваў і прыватных асобаў, якія атрымліваюць выгаду. Санкцыі, пра якія будзе абвешчана, накіраваныя супраць эканамічнага прыбытку, які ідзе рэжыму Лукашэнкі.

Hавiны
Ціханоўскую спыталі тое самае, што «Россия сегодня» пытала ў Лукашэнкі. Параўноўваем адказы
2021.12.05 09:42

– У інтэрв’ю расейскаму журналісту Аляксандр Лукашэнка пагражае размясціць ядравую зброю на тэрыторыі Беларусі. Калі гэта стане рэальнасцю, якая будзе рэакцыя ЗША і NATO?

– Я ведаю пра ўчорашнія каментары. Давайце разглядаць ягоную заяву, а не тое, што можа патэнцыйна адбыцца ў будучыні. Сама заява скіраваная на дэстабілізацыю. Аляксандр Лукашэнка добра разумее, што Еўропа звяртае ўвагу на разважанні пра размяшчэнне ядравай зброі. На мой погляд, не выклікае сумневаў тое, што ён прымеркаваў гэтыя выказванні, пра якія вы згадалі, якраз да таго моманту, калі міністры NATO рыхтаваліся да сустрэчы ў Рызе ўчора і сёння. Я лічу, што мэта гэтай заявы, як і шматлікіх іншых заяваў Лукашэнкі, – справакаваць. Не падобна, што яны грунтуюцца на нейкіх рэальных дзеяннях.

Але, вядома, мы сурʼёзна ставімся да любых згадванняў пра магчымае размяшчэнне ядравай зброі ў Еўропе. Стабільнасць і бяспека Еўропы – адно з пытанняў, да якога ЗША вельмі моцна спрычыніліся. Мы паслядоўна і пастаянна вядзем адпаведныя дыскусіі ў штаб-кватэры NATO з нашымі саюзнікамі ды блізкімі партнёрамі з Альянсу, і мы будзем працягваць рабіць гэта.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 1 снежня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

– 19 лістапада дырэктар Нацыянальнай выведкі ЗША Эўрыл Гэйнз наведала Варшаву і папярэдзіла польскія ўлады пра магчымасць нападу Расеі на Украіну. Ва Украіне мяркуюць, што напад можа адбыцца і з тэрыторыі Беларусі. Ці ёсць у вас інфармацыя на гэтую тэму?

– Мяркую, дырэктарка Нацыянальнай выведкі ЗША вельмі выразна акрэсліла пэўныя пагрозы, якія, як мы бачым, маюць месца каля мяжы Украіны. Мы выказваліся на гэты конт, дзяржсакратар Блінкен таксама выразна ахарактарызаваў расейскія дзеянні. Зноў жа, ёсць размовы і дыскусіі, якія мы збіраемся працягваць з нашымі саюзнікамі. Сёння на пасяджэнні NATO у Рызе пытанне ролі Беларусі, на мой погляд, патрабуе вельмі ўважлівага разгляду.

Hавiны
Замежныя СМІ са спасылкай на разведку ЗША: Расея рыхтуецца ўварвацца ва Украіну
2021.12.04 19:46

Я назіраю за сітуацыяй з 2014 года па-за Беларуссю: мне падаецца, што ў гэтым працэсе Лукашэнка быў вельмі асцярожны, бо не хацеў ангажавацца ў агрэсію Расеі супраць Украіны. Але ёсць і тое, што мяне турбуе. На гэтым тыдні мы пабачылі, што ён, падобна, моцна памяняў свае погляды пасля тых сямі гадоў, што ён прызнаваў Крым украінскім. Што змяніла ягонае меркаванне пра гэтую праблему? Я задаюся пытаннем, ці было гэта патрабаваннем Масквы і хто насамрэч прымае такія рашэнні за Беларусь. Гэта да гэтага часу незразумела.

– Ён не прызнаў Крым часткаю Расеі [афіцыйна], гэта толькі размовы.

– Правільна, гэта вельмі характэрна для яго. Магчыма, гэта размова ў стылі «пробнага шара», якая, як і многія іншыя ягоныя заявы, зусім не зразумелая. І мы будзем уважліва сачыць за крокамі ў рэальным жыцці.

– Апошняе пытанне. Прэзідэнт Байдэн запрасіў Святлану Ціханоўскую на Саміт за дэмакратыю. У чым сэнс гэтай падзеі?

– Мне вельмі прыемна, што я маю магчымасць распавесці аб прэзідэнцкім Саміце за дэмакратыю. Гэта вельмі важны праект для прэзідэнта Байдэна і ўсёй адміністрацыі ЗША. Яшчэ да таго, як Байдэн заняў пасаду, ён ясна даў зразумець, што імкнецца аднавіць дэмакратыю як у ЗША, так і па ўсім свеце, што гэта праект, які будзе для яго абсалютным прыярытэтам.

Сярод задачаў Саміту за дэмакратыю – распачаць Год дзеянняў, ён мае тры асноўныя мэты. У першую чаргу, гэта абарона дэмакратыі ад аўтакратыі. Я лічу, што для рэалізацыі канкрэтна гэтай мэты намаганні спадарыні Ціханоўскай маюць ключавое значэнне, яны заўважныя і прызнаныя. Па-другое, Саміт за дэмакратыю будзе прасоўваць захады ў барацьбе з карупцыяй, што, вядома, таксама мае дачыненне да Беларусі. Па-трэцяе, Год дзеянняў будзе прысвечаны прасоўванню правоў чалавека ўва ўсім свеце.

Такім чынам, гэта тры насамрэч вялікія праекты, і мы плануем іх рэалізацыю ў ЗША (аднаўленне дэмакратыі і ў сябе), але таксама мы распрацавалі іх з мэтай актывізацыі прадэмакратычных сілаў па ўсім свеце. Праца спадарыні Ціханоўскай ідэальна ўкладваецца ў гэты парадак дня, і хацелася б сказаць, што я лічу гонарам ды прывілеем рэгулярна працаваць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі на чале са спадарыняю Ціханоўскай. Амерыканскія чыноўнікі на самым высокім узроўні былі зацікаўленыя ў ейным лідарстве, удзеле, партнёрстве. Яна мае надзвычай важны і моцны голас ува ўсіх пералічаных тэмах.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у студыі «Белсату». На здымку – Ігар Кулей, вядоўца праграмы «Тыдзень». Варшава, Польшча. 1 снежня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

– Гэта нешта кшталту прызнання Ціханоўскай кіраўніцаю Беларусі? Я ведаю, што некаторыя краіны, у якіх ёсць элементы дыктатуры, не былі запрошаныя на саміт, але Беларусь – выключэнне.

– Я не хацела б апярэджваць Белага дому, анансуючы ўдзельнікаў. Гэта справа Белага дому, гэта саміт прэзідэнта Байдэна за дэмакратыю, таму вельмі важна, каб абвесткі пра ўдзел і характарыстыкі тых, хто ўключаны ў спіс запрошаных, зыходзілі ад Белага дому. Гэта неверагодна важная падзея для нас, якая адбудзецца на наступным тыдні, і мы сапраўды ганарымся тым, што рэалізуем гэтыя ідэі ды бяром удзел у гэтым разам з нашымі партнёрамі.

Стужка навінаў