Беларусь і Іран заключылі дамову на пастаўку 400 тысячаў тон калійных угнаенняў


Беларусь і Іран заключылі дамову на пастаўку калійных угнаенняў. Аб гэтым у эфіры АНТ расказаў амбасадар Ірана ў Беларусі Алірэза Санеі, заўважыла выданне Reform.by.

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Scanpix / delfi.lt

«Мы дамовіліся пра пастаўкі 400 тысячаў тон калійных угнаенняў з Рэспублікі Беларусь. Таксама з беларускім бокам мы дамовіліся пра тое, што будзем надаваць усе свае магутнасці, каб стаць хабам на іншыя рынкі ў трэція краны», – заявіў іранскі амбасадар.

Акрамя таго, Алірэза Санеі адзначыў добрыя вынікі ўзаемадзеяння Беларусі і Ірана ў нафтавай і нафтахімічнай сферах, а таксама падкрэсліў, што былі праведзеныя перамовы паміж беларускімі і іранскімі кампаніямі адносна паставак медычных прэпаратаў і лекавых сродкаў.

На думку амбасадара, абедзьве краіны могуць дапаўняць і ўзаемадзейнічаць адна з адной, тым самым супрацьдзейнічаючы «ўсім гэтым эканамічным, несправядлівым, жорсткім санкцыям, якія прымяняюцца супраць нашых краін», сказаў Алірэза Санеі.

Нагадаем, што пастаўкі беларускіх калійных угнаенняў знаходзяцца пад санкцыямі. Афіцыйная беларуская статыстыка адносна калійных угнаенняў не публікуецца з 2021 года. Апошнія вядомыя звесткі пра беларускія пастаўкі былі за студзень – красавік пазамінулага году. За 2020 год Беларусь экспартавала 11,8 млн тон калійных угнаенняў, зарабіўшы на гэтым 2,41 млрд долараў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў