45 палітвязняў і 130 сем'яў палітзняволеных ужо атрымалі дапамогу ў межах марафону салідарнасці


Дапамогу са сродкаў, сабраных падчас марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно», атрымалі ўжо 45 палітвязняў і 130 сем’яў палітзняволеных на агульную суму 93 707 еўраў. Такія лічбы агучыла 5 кастрычніка падчас онлайн-сустрэчы з журналістамі прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы Абʼяднанага пераходнага кабінету Вольга Гарбунова.

Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета у Каардынацыйнай радзе Беларусі. Варшава, Польшча. 3 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Гэта тая сума, якую проста зараз маюць людзі, якім патрэбная дапамога», – удакладніла Вольга Гарбунова.

Людзі ахвяравалі з 86 краінаў свету

Усяго на рахунак фонду за вылікам камісіі прыйшло 545 740,22 еўраў, сабраных падчас марафону салідарнасці, без уліку прыблізна 12 000 еўраў, атрыманых у крыптавалюце.

Восем ініцыятываў і арганізацыяў, якія бралі ўдзел у марафоне і будуць перанакіроўваць грошы на дапамогу людзям, сродкі ўжо атрымалі. Фондам перавялі 218 900 еўраў.

  • «Беларуская Рада культуры» – 9 500 еўраў.
  • «Анархісцкі чорны крыж – Беларусь» – 13 500 еўраў.
  • Фонд дапамогі беларусам у Літве «Razam» – 13 500 еўраў.
  • Дабрачынная арганізацыя «Littouwin LIONS CLUB» – 13 500 еўраў.
  • Праваабарончая ініцыятыва дапамогі палітзняволеным «Dissidentby» – 14 000 еўраў.
  • Дабрачынны фонд «Краіна для жыцця» – 18 000 еўраў.
  • Ініцыятыва «BY_help» – 36 900 еўраў.
  • Фонд беларускай салідарнасці «BYSOL» – 100 000 еўраў.

Па словах Вольгі Гарбуновай, прадстаўніцтва Кабінету не мае дакладнай інфармацыі, якая сума з сабраных грошай пойдзе на дапамогу людзям, якія застаюцца ў Беларусі, але выказала меркаванне, што пераважная колькасць сродкаў пойдзе ў Беларусь.

«Мы прагназуем, што каля 80 % сродкаў будзе адпраўлена менавіта ўнутр краіны», – сказала Гарбунова.

Вольга Гарбунова распавяла таксама, што ахвяраванні падчас марафону рабіліся аж з 86 краінаў свету з усіх кантынентаў. Заўважыла, што было б вельмі цікава зрабіць мапу марафону, якая натхніла б многіх, але прадстаўніцтва прыняло рашэнне не распаўсюджваць пакуль што поўны спіс краін, з якіх ішлі данаты, – з прычынаў бяспекі.

«Мы паглядзелі: гэта сапраўды проста велізарны геаграфічны ахоп салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Па сутнасці, у нас атрымаўся не нацыянальны онлайн-марафон, а – міжкантынентальны марафон салідарнасці», – заўважыла Вольга Гарбунова.

Паводле яе інфармацыі, найбольшая колькасць данатаў прыйшла з Польшчы – 6 383 ахвяраванняў, потым – з Літвы (1463), далей – з ЗША і Нямеччыны. З Польшчы арганізатары марафону атрымалі больш за 200 000 еўраў, з ЗША – амаль 90 000 еўраў. Самае вялікае разавае ахвяраванне было атрыманае з Вялікай Брытаніі – 10 000 еўраў.

Усяго, па падліках арганізатараў, праз плацежныя сістэмы «Stripe» і «PayPal» прайшло 14 435 трансакцыяў плюс 220 – у крыптагаманцах. Агульная колькасць людзей, якія падтрымалі марафон салідарнасці, меншая за колькасць данатаў – 11 428 чалавек, таму што некаторыя пераводзілі грошы некалькі разоў.

Ужо створаны аргкамітэт новага марафону

«Вось такія новыя лічбы мы атрымалі ў апошнія дні ад нашых тэхнічных спецыялістаў. Мне здаецца, гэта вельмі цікавая фактура для аналізу і выпрацоўкі перспектываў, калі мы з вамі будзем думаць пра правядзенне наступнага марафону салідарнасці», – заўважыла прадстаўніца Кабінету ў сацыяльнай палітыцы.

Вольга Гарбунова прызналася, што ўжо створаны нават аргкамітэт наступнага марафону салідарнасці – пры падтрымцы Народных пасольстваў і дыяспараў. Але заўважыла, што «у гісторыю з новым марафонам уваходзіць не будзем, не паставіўшы кропку ў першым марафоне».

Дар'я Чульцова ў студыі Белсату
Журналістка і былая палітзняволеная Дар’я Чульцова ў студыі «Белсату» падчас онлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі. 29 ліпеня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Паставіць кропку і зрабіць канчатковую справаздачу з першага марафону салідарнасці з палітвязнямі прадстаўніца Кабінету марыць да Новага года. Але працэс гэты аказаўся не такім хуткім, як уяўлялася, і сумы – нечакана вялікія. Прыкладам, з двума арганізацыямі, якія знаходзяцца не ў Літве, дагэтуль не заключаныя натарыяльныя дамовы.

«Праца насамрэч кіпіць. І мы вельмі хочам выйсці да Новага года з публічнай справаздачай разам з назіральнай Радай марафону. І будзем да гэтага імкнуцца. А як усё будзе адбывацца – жыццё пакажа», – сказала Вольга Гарбунова.

Яна заўважыла таксама, што патрабуюць асэнсавання і апошнія навіны пра завядзенне крымінальнай справы ў дачыненні ўдзельнікаў марафону салідарнасці («Нам трэба гэта пражыць і прайсці ўсім разам, і важна – падрыхтавацца»).

Аб’ектыў
На арганізатараў марафону «Нам не ўсё адно» завялі крымінальную справу
2023.10.03 22:35

«Так, непрыемна разумець, што пад пераслед трапілі і журналісты, і эксперты, і палітзняволеныя, якія выйшлі на свабоду, і іхныя сваякі, якія падтрымалі марафон. Застаецца спадзявацца, што людзі, якія падтрымалі марафон як удзельнікі відэакантэнту, не плануюць паездак у Беларусь і парупяцца аб сваёй бяспецы», – сказала Вольга Гарбунова.

Ці трэба непакоіцца ахвярадаўцам у Беларусі

Між тым, Вольга Гарбунова падкрэсліла, што людзям, якія ахвяравалі падчас марафону са сваіх еўрапейскіх банкаўскіх картаў унутры Беларусі, ці тым, хто данаціў з іншых краін, але дагэтуль ездзяць у Беларусь, не павінна нічога пагражаць. Бо міжнародная плацежная сістэма «Stripe» мае сертыфікаты бяспекі першага ўзроўню – найвышэйшага ў індустрыі плацяжоў.

«І мы абсалютна ўпэўненыя ў сваім партнёры, якога выбралі для ажыццяўлення гэтага марафону і збору грашовых сродкаў», – запэўніла Гарбунова.

Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета у Каардынацыйнай радзе Беларусі. Варшава, Польшча. 3 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Мы таксама маем абавязкі перад людзьмі. Мы не збіраем і не назапашваем дадзеныя. Не выгружаем іх і нідзе не захоўваем, ніяк з іх не карыстаем. Ні мы, ні сістэма. То бок выцек немагчымы. Хачу каб людзі разумелі гэта», – дадала прадстаўніца Кабінету ў сацыяльнай палітыцы.

Ці бяспечныя атрымальнікі дапамогі ў Беларусі? Станоўчы адказ на гэтае пытанне быў бы няпраўдай. Вольга Гарбунова зазначае, што гэтае пытанне трэба адрасаваць прадстаўнікам 12 арганізацыяў, якія дастаўляюць дапамогу ў Беларусь. Але і яны не адкажуць, бо каналы перадачы гэтай дапамогі засакрэчаныя.

«Я так мяркую, што захаванне бяспекі людзей – гэта ўзаемаадказны момант. Арганізацыя, якая адпраўляе дапамогу ў краіну, гарантуе бяспеку сваіх каналаў. Але ад кожнага канкрэтнага чалавека, які атрымлівае дапамогу, таксама шмат што залежыць…

Элементарныя правілы бяспекі, пра якія ўжо тры гады апавядаюць нам праваабаронцы, ні ў якім разе нельга ігнараваць», – раіць Вольга Гарбунова.

Яна адзначае, што з-за страху патрапіць пад рэпрэсіі шмат семʼяў у Беларусі проста не звяртаюцца па дапамогу. І гэтых людзей можна зразумець, заўважае Вольга Гарбунова.

Онлайн-марафон салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё адно» прайшоў 29-30 ліпеня 2023 года. Колькасць праглядаў у інтэрнэце дасягнула падчас марафону 8,5 млн. Было сабрана 545 740,22 еўраў (плюс каля 12 000 – у крыптавалюце). Сродкі будуць размеркаваныя паміж 12 беларускімі ініцыятывамі і арганізацыямі і пойдуць на перадачы, медыкаменты, аплату адвакатаў і фінансавую дапамогу семʼям палітзняволеных. Стрымы з марафону былі прызнаныя  ўладамі Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». МУС РБ распачаў крымінальную справу ў дачыненні ўдзельнікаў жывой трансляцыі онлайн-марафону. Падазраванымі названыя «каля 60 асобаў з ліку арганізатараў марафону і іхных памагатых».

Разбор
«Гарачая фаза». Куды звяртацца па дапамогу са сродкаў, якія беларусы сабралі на марафоне салідарнасці
2023.09.17 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў