У Бабруйску ўзарвалі стары вінзавод – ад выбуху ў суседніх будынках трэснула шкло


3 і 4 кастрычніка ў Бабруйску гучалі выбухі, якія было чуваць амаль па ўсім горадзе. Не, гэта не ракеты з Украіны, а чарговы эпізод вайны, якая ўжо даўно вядзецца ў Беларусі – вайны са спадчынай. Метадам падрыву ў горадзе на Бярэзіне знішчылі комплекс старога вінзаводу – узору прамысловай архітэктуры канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.

Стары бабруйскі вінзавод, пабудаваны пры канцы ХІХ – у пачатку ХХ стагоддзя.
Фота: bobr.by

Як у Бабруйску выраблялі грузінскае віно

Гісторыя бабруйскага вінзаводу пачалася ў 1897 годзе – тады недалёка ад вакзалу быў пабудаваны вінны склад. Гэты ўзнёслы будынак з неагатычнымі рысамі і комінам да апошняга часу заставаўся самым прыгожым і заўважным ва ўсім комплексе. Падчас будаўніцтва яго ўпрыгожылі надпісам па-лацінску «Vinitus unitis» – «Таварыства вінаградараў». Кажуць, у савецкі час надпіс спрабавалі замаляваць, збіць, але беспаспяхова.

З цягам часу вакол складу ўтварыўся сапраўдны завод вінаградных напояў. У 1960-я гады прадпрыемства ўвайшло ў грузінскі канцэрн «Самтрэст». У Бабруйску выраблялі грузінскае віно і каньяк. У 1961 годзе на заводзе выпускалася каля 40 тысяч дэкалітраў вінаградных напояў. Комплекс заводу стаў горадам у горадзе – на яго тэрыторыі былі пабудаваныя не толькі новыя цэхі, склады, але і жытло для працаўнікоў.

Галоўны корпус вінзаводу. Фота 1962 года. Крыніца: фонды Бабруйскага краязнаўчага музею/bobruisk.ru

Справы заводу сапсаваў так званы сухі закон, прыняты ў СССР у 1980-я гады. Тады вытворчасць алкагольнай прадукцыі зменшылася. Прадпрыемства перайшло на баланс Дзяржаграпраму БССР. Грузія перастала пастаўляць сыравіну для віна і каньяку – вінаградны сок. Завод неяк пратрымаўся да пачатку 2000-х гадоў і быў цалкам закрыты.

Час ад часу ўлады Бабруйску і Магілёўскай вобласці нібы рабілі спробы вярнуць заводу жыццё. Гэтак, у 2008 годзе нават падпісалі пагадненне аб стварэнні супольнай вытворчасці паміж французскай фірмай «Belvedere» і Магілёўскім аблвыканкамам. Але праз нейкі час французы з невядомых прычынаў адмовіліся ад ідэі.

Старыя этыкеткі, якія можна было знайсці па ўсім заводзе, – некалі тут выраблялася такое віно.
Фота: 1387.by

У 2020 годзе бабруйскі вінзавод спрабавалі прадаць на аўкцыёне. Першапачатковы кошт складаў 47 379 руб. 50 кап. Пакупнікоў не знайшлося. Тады ўлады знізілі цану да 14 213 руб. 85 кап. Аднак ізноў нічога не атрымалася. Завод тады належаў фірме «МіртаБуд», якая збанкрутавала. У пачатку жніўня 2022 года антыкрызісны менеджар «МіртаБуд» распавёў, што крэдыторы фірмы адмовіліся ад вінзаводу.

Завод мусіў перайсці ў камунальную ўласнасць, аднак Бабруйскі гарвыканкам запэўніваў, што «былы завод ва ўласнасць гораду пакуль не перайшоў», пісала бабруйская газета «Камерцыйны кур’ер». Таксама, паводле выдання, у жніўні на тэрыторыі былога заводу распачалася генеральная прыборка – тэрыторыю расчысцілі, аконныя праёмы ў будынках пазабівалі, драўляны плот вакол комплексу замянілі на бетонны вышынёй два метры.

Выбухі былі чутныя амаль па ўсім горадзе

Стары бабруйскі вінзавод, пабудаваны пры канцы ХІХ – у пачатку ХХ стагоддзя.
Фота: 1387.by
Стары бабруйскі вінзавод, пабудаваны пры канцы ХІХ – у пачатку ХХ стагоддзя.
Фота: 1387.by

У  пачатку кастрычніка ў мясцовай праўладнай газеце «Бабруйскае жыццё» з’явілася абвестка, што 3–4 кастрычніка метадам падрыву ў горадзе будзе зносіцца стары будынак на вуліцы Новашасейнай 25. Жыхароў суседніх дамоў прасілі адчыніць вокны, каб пазбегчы пашкоджанняў шкла.

Стары вінзавод якраз на гэтым адрасе, вуліца Новашасейная 25, і размяшчаўся.

У бабруйскіх сацсетках пачалося абмеркаванне зносу. Сярод каментароў больш за палову – негатыўныя. Бабруйцы не пагадзіліся з мэтазгоднасцю знішчэння старога заводу.

Стары бабруйскі вінзавод, пабудаваны пры канцы ХІХ – у пачатку ХХ стагоддзя.
Фота: voldema.livejournal.com

Тым не менш, раніцай 3 кастрычніка тэрыторыю заводу плошчай 2,6 га па перыметры ачапіла міліцыя. Забаранілі рух па бліжэйшых да месца падрыву завулках – супрацоўнікі ДАІ разварочвалі ўвесь транспарт, піша газета «Камерцыйны кур’ер».

Вінзавод стаіць побач з бабруйскім чыгуначным вакзалам, з перонаў добра бачны самы стары будынак з комінам. Звароты да пасажыраў і супрацоўнікаў чыгункі з просьбай не пакідаць будынку вакзалу зачытвалі праз гучную сувязь у дні падрыву некалькі разоў.

3–4 кастрычніка ў Бабруйску ўзарвалі вінзавод канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў.
Фота: komkur.info
3–4 кастрычніка ў Бабруйску ўзарвалі вінзавод канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў.
Фота: komkur.info

У першы дзень зносу – 3 кастрычніка – двума выбухамі па 40 кілаграмаў выбухоўкі знішчылі адзін будынак. 4 кастрычніка завод канчаткова зруйнавалі. Мясцовыя жыхары распавядалі, што выбухі ў другі дзень былі такімі моцнымі, што іх было чуваць амаль ва ўсіх раёнах гораду. У будынку, які стаіць праз дарогу ад комплексу заводу, часткова павыбівала шыбы. У сацсетках бабруйцы распавядалі, што шкло трэснула таксама ў вокнах школы № 19, якая месціцца адносна далёка ад заводу. Акрамя таго, на даволі вялікую адлегласць ад месца падрыву адляталі аскепкі цэглы.

У суседніх будынках выбухамі пашкодзіла шыбы.
Фота: 1387.by

«3 кастрычніка быў выбух – узарвалі адзін будынак. І сёння было тры выбухі. Першым узрывалі нейкі будынак побач з галоўным. Наступныя два выбухі былі мацнейшыя за першы. У выніку ад галоўнага будынку заводу засталася адна сцяна, а ўсё астатняе рухнула, – прыводзіць словы жыхара Бабруйску мясцовае выданне 1387.by. – Выбухі былі вельмі моцныя. Праз дарогу, у будынку былога клубу заводу ім. Леніна, нават павыбівала шыбы. Жыхароў эвакуявалі з суседніх дамоў. Бахала так, што было чуваць на ўвесь горад. Я тады быў у раёне парку «на Міры», і вельмі добра чуў. Цэгла ляцела ў розныя бакі, прычым сур’ёзна так, нават праз дарогу, праз плот. Не разумею, навошта ўвогуле было такое рашэнне, і як яны там узрывалі, што абломкі ляцелі. Сумна гэта ўсё».

Цэглу са старых будынкаў Бабруйску прадаюць у інтэрнэце

Як далей будзе выкарыстоўвацца тэрыторыя былога заводу, невядома – бабруйскія ўлады пакуль не распаўсюджвалі інфармацыі пра свае планы на гэтую зямлю. Пакуль жа там ляжаць горы смецця і старой цэглы, лёс якой таксама невядомы.

Старыя корпусы вінзаводу будаваліся з чырвонай цэглы вядомых бабруйскіх цагляных заводаў Розенберга, братоў Лазінскіх, Акулічаў ды іншых. Яшчэ некалькі гадоў таму мясцовыя медыі паспрабавалі падняць пытанне пра тое, адкуль бярэцца старая цэгла на платах вакол новапабудаваных катэджаў, а таксама хто яе прадае на розных інтэрнэт-пляцоўках.

3–4 кастрычніка ў Бабруйску ўзарвалі вінзавод канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў.
Фота: komkur.info

Продаж старой бабруйскай цэглы не спыняецца і сёння, піша 1387.by. За дзень да зносу вінзаводу ў «Інстаграме» з’явілася старонка «Кирпич из Бобруйска», дзе прапаноўваецца набыць сапраўдную цэглу вытворчасці заводу Розенберга. Дастаўку абяцаюць па ўсім свеце. Аўтары старонкі сцвярджаюць, што цэгла – з разабранага старога будынку ў двары іхнага сябра ў старым цэнтры Бабруйску. Аднак бабруйцы задаюцца пытаннем – які ж там быў будынак, калі пад продаж цэглы з яго стварылі асобную інстаграм-старонку, а прадаваць гатовыя ледзь не оптам і нават адпраўляць за мяжу.

Скрыншот старонкі «Кирпич из Бобруйска» ў «Інстаграме». Крыніца: 1387.by

«Разглядаць пляцоўку былога заводу як музей не ўяўляецца магчымым»

Краязнаўцы, аўтары тэлеграм-каналу «Спадчына», занепакоіліся лёсам вінзаводу ў Бабруйску ўжо даўно. Яны распавядаюць, што накіравалі ліст у Міністэрства культуры, якое перанакіравала яго ў Магілёўскі аблвыканкам. Адтуль 8 верасня прыйшоў адказ, у якім распавядалася, што раней цэхамі заводу валодала кампанія «МіртаСтрой», якая збанкрутавала.

З кастрычніка 2020 года аб’екты стаялі на ўліку ў Магілёўскім агенцтве дзяржрэгістрацыі і зямельнага кадастру як тыя, якія не маюць гаспадара, піша onliner.by. Наконт надання заводу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ўлады адказалі, што ў 2021 годзе ў горадзе праводзілася вывучэнне будынкаў, якія надаюцца да статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

3–4 кастрычніка ў Бабруйску ўзарвалі вінзавод канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў.
Фота: komkur.info

«Прапановаў для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці аб’екту ў камісію не паступала. Ініцыятыўных лістоў ад жыхароў гораду Бабруйску не мелася, – сказана ў адказе. – Аб’ект уяўляе гістарычную каштоўнасць толькі як аб’ект, які выражае архітэктурны стыль перыяду другой паловы XIX – пачатку XX стагоддзяў, пабудаваны ў цагляным стылі. Дэкаратыўныя элементы абмежаваны так, каб падкрэсліць тэктоніку пабудовы. Цяпер разглядаць пляцоўку былога заводу як музей не ўяўляецца магчымым праз адсутнасць абсталявання і механізмаў, якія выкарыстоўваюцца для вырабу сыравіны. У складзе маёмаснага комплексу аб’екту захаваліся толькі капітальныя будынкі ў аварыйным стане».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў