Лукашэнка істотна змяніў умовы працы аграсядзіб


Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб развіцці аграэкатурызму», паведамляе ягоная прэс-служба. Цяпер аграсядзібы мусяць займацца сельскагаспадарчай вытворчасцю. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аграсядзіба «Конскі востраў».
Фота: budakosh.by

Дакумент з’явіўся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка месяц таму даручыў разабрацца з аграсядзібамі.

Паводле падпісанага ўказу, у жылым доме, дзе селяцца турысты, павінна быць не больш за 10 пакояў. На тэрыторыі аграсядзібы абавязкова трэба весці падсобную гаспадарку альбо займацца вытворчасцю ці перапрацоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі. Таксама ўладальнікаў маёнткаў абавязалі «мець магчымасці для азнаямлення турыстаў з прыроднымі, сельскагаспадарчымі і архітэктурнымі аб’ектамі, нацыянальнымі традыцыямі мясцовасці».

Аграсядзібы мусяць аказваць мінімальна дзве паслугі, то бок проста засяліць гасцей забаронена. Трэба яшчэ, напрыклад, ці накарміць, ці прапанаваць лазню, ці зладзіць майстар-класы, ці пакатаць на возе.

Таксама гаспадары сядзіб абавязаны сачыць за грамадскім парадкам на сваёй тэрыторыі і не дапускаць парушэння спакою асоб, што жывуць па суседству.

Для таго, каб працаваць, уладальнікі аграсядзіб мусяць атрымаць дазвол у раённым выканкаме. Абʼекты, якія адкрытыя ўжо цяпер, павінны падаць заявы не пазней за 1 ліпеня 2023 года.

Абласным выканаўчым камітэтам дадзенае права вызначаць населеныя пункты, дзе праца аграсядзіб не дазваляецца.

Асноўныя пункты ўказу пачнуць дзейнічаць ад 1 студзеня 2023 года, цалкам дакумент набудзе моц з ліпеня.

Нагадаем, што ад пачатку гэтага году для гаспадароў аграсядзіб ужо павысілі падаткі. Калі летась яны плацілі за год дзве базавыя велічыні, то сёлета – штомесячна па адной базавай. З наступнага года іх перавядуць на падатак на прафесійных даход, прыйдзецца плаціць 10 ці 20 адсоткаў ад абароту.

Па дадзеных на пачатак года ў Беларусі было больш за 3 тысячы аграэкасядзіб. У параўнанні з 2020-м годам іх колькасць павялічылася на 200. За год таксама вырасла лічба турыстаў, якія адпачылі ў сядзібах: са 470 тысяч у 2020-м годзе да 500 тысяч у 2021-м.

Аб’ектыў
У Беларусі могуць з’явіцца самагон-туры
2022.01.25 21:57

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў