Польшчу просяць забараніць гандаль манашкам Свята-Елісавецінскага манастыра з Менску


Народная амбасада Беларусі ў Польшчы накіравала ў мэрыю польскага гораду Чанстахова ліст у сувязі з дзейнасцю манашак праваслаўнага Свята-Елісавецінскага манастыра.

Намёт менскага Свята-Елісавецінскага манастыра ў Чэнстахове.
Фота: чытачы / Белсат

Нагодай для звароту сталі фотаздымкі чытача «Белсату», якія той зрабіў 2 верасня ў Чэнстахове. Там Свята-Елісавецінскі манастыр, вядомы падтрыманнем Лукашэнкі ды расейскіх вайскоўцаў, гандляваў сваймі таварамі. Праўда, на намёце манастыра не было ніякіх пазнак, якія б сведчылі, хто прадае тут свае вырабы. Затое на саміх таварах (сярод якіх бальзам «Преображение» ці «Мумиё Алтайское») назва і адрас вырабніка дакладна пазначаныя: Менск, вуліца Выгоцкага 6.

У сувязі з гэтым Народная амбасада Беларусі ў Польшчы накіравала лісты ўладам Чэнстаховы і ў мясцовыя медыі з заклікам. У ім, сярод іншага, просяць праінфармаваць жыхароў гораду пра тое, што, «купляючы прадукцыю манастыра, яны, самі таго не ведаючы, ажыццяўляюць фінансавае падтрыманне вайны і забойства ўкраінцаў».

Таксама Народная амбасада заклікала «не дапусціць у далейшым выдачы ім права гандлю як на тэрыторыі Чэнстаховы, так і на тэрыторыі Польшчы ў цэлым».

Hавiны
Свята-Елісавецінскі манастыр зладзіў канцэрт у падтрымку тых, хто ваюе на Данбасе
2023.06.18 23:02

Свята-Елісавецінскі манастыр, што месціцца ў Навінках, падтрымоўвае агрэсію Крамля супраць Украіны на ўзроўні прапаганды і ўдзельнічае ў фінансаванні рыштунку для расейскіх вайскоўцаў, збірае грошы для «ЛНР» і «ДНР».

Манастыр таксама перадае лісты на фронт расейскім акупантам і праводзіць заняткі для дзяцей па зборцы і разборцы аўтаматаў.

«Вызваляйце Херсон, ДНР, ЛНР і Запарожжа, вяртайцеся дадому з Перамогай. Калі не Расея, то хто?.. З вамі Бог! Не маркоцьцеся, трымайцеся за яго ўсемагутную руку. Хочацца моцна вас абняць, мы беларусы, і вы нашыя родныя браты, мы непадзельныя… Усёй душой разумеем, наколькі вам цяжка», – вытрымка з аднаго з такіх лістоў.

Аднак у лістападзе мінулага года менскіх манашак не пусцілі на калядны кірмаш у Англіі за падтрыманне вайны.

Hавiны
Менскіх манашак не пусцілі на калядны кірмаш у Англіі за падтрыманне вайны
2022.11.23 09:02

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў