На сайце палка Каліноўскага ў некалькіх раздзелах з’явіўся запіс нібыта ад адміністратара сайту, які заяўляе, што не хоча мець дачыненне да «непразрыстых фінансавых выдаткаў». Ён сцвярджае, што штаб палка Каліноўскага не дае фінансавыя справаздачы аб рахунках палка.
Інфармацыя пра гэта размяшчаецца ў канцы старонцы пасля звестак аб тым, як можна падтрымаць фармаванне.
«З прычыны адсутнасці фінансавай справаздачнасці па ўсіх рахунках палка Каліноўскага, у тым ліку ўкраінскіх, польскіх і крыптовалютных, на працягу больш за год і ігнараванне адказу на гэтае пытанне штабам палка Каліноўскага, адміністратар дадзенага сайту лічыць мэтазгодным не мець дачынення да непразрыстых фінансавых выдаткаў. У далейшым тут будзе размяшчацца інфармацыя па рахунках для данатаў канкрэтных баявых падраздзяленняў, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, даюць справаздачнасць і не маюць дачынення да прадстаўнікоў штабу палка», – напісана ў звароце адміністратара сайту.
Таксама з сайту палка Каліноўскага зніклі рэквізіты для данатаў.
Між тым на сайце сказана, што пачынаючы з ліпеня 2022 года полк будзе «публікаваць штомесячныя справаздачы аб выкарыстанні сродкаў ад асобаў, якія імкнуцца аказаць дапамогу байцам палка». Першая справаздача павінна была ўключаць інфармацыю за перыяд ад лютага 2022 года да 1 ліпеня 2022 года.
У тэлеграм-канале палка гэты выпадак пакуль ніяк не пракаментавалі. Аднак сёння стала вядома, што полк цалкам прыпыняе набор рэкрутаў ва ўсе падраздзяленні.
Алена Рувіна belsat.eu