Замежныя даверанасці і пашпарты ператворацца ў «гарбуз»? Лукашэнка падпісаў новы ўказ


Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў». Дакумент змяняе парадак ажыццяўлення адміністрацыйных працэдураў, а таксама натарыяльныя дзеянні, якія маюць права ўчыняць дыпламатычныя агенты і консульскія службовыя асобы.

Пашпарт грамадзяніна Беларусі.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Указ набывае моц пасля афіцыйнага апублікавання. Пакуль ён яшчэ не апублікаваны. Дакумент датычыць шэрагу працэдураў, важных для беларускіх эмігрантаў. Гэтак, цяпер угоды, звязаныя з продажам маёмасці або аўтамабіля, можна будзе заключаць толькі пры асабістым звароце ўласніка (зацікаўленай асобы) або на падставе даверанасці, аформленай у Беларусі.

У спіс працэдураў, якія можна будзе ажыццяўляць пры асабістым звароце або на падставе даверанасці, аформленай у Беларусі, увайшлі:

  • прыняцце рашэння аб дазволе адчужэння жылога памяшкання, долі (доляў) у праве ўласнасці на яго, набытых з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу, да заканчэння 5 гадоў з дня рэгістрацыі права ўласнасці;
  • прыняцце рашэння аб прызначэнні сямейнага капіталу;
  • прыняцце рашэння аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу;
  • прыняцце рашэння аб распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу пасля заканчэння 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі са з’яўленнем якога быў прызначаны сямейны капітал;
  • выдача паўторнага пасведчання аб рэгістрацыі акту грамадзянскага стану, акрамя паўторнага пасведчання аб смерці;
  • выдача даведак, якія змяшчаюць звесткі з запісаў актаў грамадзянскага стану, і паведамленняў аб адсутнасці запісу акту грамадзянскага стану, акрамя даведак, якія змяшчаюць звесткі з запісаў актаў аб смерці;
  • выдача дублікатаў дакументу аб адукацыі, дадатку да яго, дакументу аб навучанні;
  • рэгістрацыя паводле месца жыхарства;
  • выдача пропуску на права пазачарговага ўезду на тэрыторыю памежных пунктаў пропуску;
  • дзяржаўная рэгістрацыя транспартных сродкаў (акрамя колавых трактароў, прычэпаў, паўпрычэпаў да іх) і зняцце іх з уліку;
  • прастаўленне апастылю на афіцыйным дакуменце, складзеным на тэрыторыі Беларусі, пры звароце асобы, якая знаходзіцца ў Беларусі;
  • легалізацыя афіцыйнага дакументу ў Беларусі;
  • дзяржаўная рэгістрацыя зямельных участкаў, жылога дому або ізаляванага жылога памяшкання, капітальнага будынку, незаверанага закансерваванага або эксплуатаванага капітальнага будынку, ізаляванага памяшкання, машына-месца.
Разбор
Што трэба ведаць пра адмову выдаваць і працягваць беларускія пашпарты за мяжой
2023.09.05 19:21

Дыпламатычныя агенты беларускіх місіяў за мяжой і консульскія службовыя асобы могуць здзяйсняць наступныя натарыяльныя дзеянні:

  • сведчыць тастаменты;
  • сведчыць згоды, адмовы;
  • сведчыць праўдзівасць копіяў дакументаў і выпісак з дакументаў;
  • сведчыць сапраўднасць подпісу на дакументах;
  • сведчыць праўдзівасць перакладу дакументаў з адной мовы на іншую;
  • сведчыць факт, што грамадзянін жывы;
  • сведчыць факт, што грамадзянін перабывае ў пэўным месцы;
  • сведчыць тоеснасць грамадзяніна з асобай, выяўленаю на фатаграфіі;
  • сведчыць час падавання дакументаў;
  • выдаваць дублікаты натарыяльных дакументаў, экзэмпляры якіх ёсць на захоўванні ў дыпламатычных прадстаўніцтвах і консульскіх установах Беларусі;
  • сведчыць даверанасць зацікаўленых асоб – работнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў, консульскіх установаў або гандлёвых прадстаўніцтваў Беларусі, прадстаўнікоў дзяржорганаў і іхных сямейнікаў, іншых асоб, пералік якіх вызначае Савет Міністраў, а таксама адмену такіх даверанасцяў.

А вось выдаваць пашпарты беларусам, якія жывуць за мяжой, беларускія дыпмісіі больш не будуць. Абмяняць пашпарт ці падоўжыць яго тэрмін дзеяння таксама будзе нельга. Гэта можна будзе рабіць толькі «ў органах унутраных справаў паводле месца апошняй рэгістрацыі паводле месца жыхарства». Для тых, хто падаў ужо дакументы на атрыманне новага пашпарту за мяжой, іх будуць разглядаць у ранейшым парадку.

Разбор
Даверанасць за мяжой: як аформіць, калі патрэбная, у якіх сітуацыях не працуе і трэба ехаць у Беларусь
2023.06.05 08:00

Раней «Белсат» тлумачыў, як і дзе за мяжой грамадзяне Беларусі могуць аформіць даверанасць. А таксама што кажа на гэты конт беларускае заканадаўства і як справа выглядае на практыцы.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў