Беларуса з ПВК Вагнэра, якога асудзілі ва Украіне, вызвалілі ад пакарання


Беларуса Андрэя Герыловіча, які ваяваў у ПВК Вагнэра і быў асуджаны ва Украіне за наёмніцтва, вызвалілі ад пакарання. Ён трапіў у спіс на абмен ваеннапалоннымі, паведамляе выданне «Сильные Новости».

Андрэй Герыловіч.
Фота: расейская сацсетка «Мой мир»

Андрэй Герыловіч з пазыўным Заспа ваяваў у складзе ПВК Вагнэра, але нядоўга. У ліпені мінулага года ён прыехаў на цягніку з Гомля ў Краснадар, а адтуль на таксі дабраўся да паселішча Молькіна, дзе месціцца трэнавальны лагер і месца прыёму новых байцоў у ПВК Вагнэра, і падпісаў кантракт. У месяц яму плацілі 240 тыс. расейскіх рублёў (каля 3 тыс. долараў) і 5 тыс. расейскіх рублёў штомесяц у выглядзе палявых выплатаў.

Праз 10 дзён пасля прыбыцця яго накіравалі ва Украіну. З 21 ліпеня да 16 лістапада 2022 года ён удзельнічаў у баявых дзеяннях у Бахмуцкім раёне. Трапіў у палон беларус 16 лістапада непадалёк паселішча Курдзюмаўка Бахмуцкага раёну Данецкай вобласці.

Праз некалькі месяцаў, 8 сакавіка 2023 года, суд у Данецкай вобласці прызнаў Герыловіча вінаватым паводле ч. 4 арт. 447 КК Украіны («Удзел найміта ва ўзброеным канфлікце») і прыгаварыў яго да 9 гадоў пазбаўлення волі. Сваю віну беларус поўнасцю прызнаў і раскаяўся.

Вядома, што 2 траўня суд гораду Дняпро задаволіў хадайніцтва пракурора аб вызваленні Герыловіча ад адбывання пакарання «ў сувязі з прыняццем рашэння аб перадачы асобы для абмену як ваеннапалоннага».

У снежні Беларускі расследавальніцкі цэнтр паведамляў, што высветліў асобу палоннага: яму 34 гады, родам з вёскі Заспа Рэчыцкага раёну. Скончыў школу, працаваў у калгасе, служыў прапаршчыкам у вайсковай частцы 68473 у Калодзішчах (86-ая брыгада сувязі), затым працаваў альпіністам-мантажнікам у прыватнай фірме. Як трапіў у найміты – не паведамлялася. Вядома, што пад пазыўным Заспа Герыловіч браў беспасярэдні ўдзел у баявых дзеяннях супраць Украіны, карэктуючы агонь артылерыі расейскіх наймітаў.

Hавiны
Вагнераўца з Беларусі Герыловіча ва Украіне пакаралі 9 гадамі пазбаўлення волі
2023.03.16 18:13

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў