Вагнераўца з Беларусі Герыловіча ва Украіне пакаралі 9 гадамі пазбаўлення волі


Ва Украіне вынеслі прысуд найміту-вагнэраўцу Андрэю Герыловічу, грамадзяніну Беларусі: 9 гадоў зняволення. Аб гэтым паведамляе «Радыё Свабода». Ён заключыў пагадненне аб прызнанні віны.

Найміт ЧВК «Вагнер» Андрэй Герыловіч. Фота з тэлеграм-канала «Цэнтр» / Belarus_Files

16 сакавіка стала вядома, які вырак вынес украінскі суд найміту з ЧВК «Вагнэра» грамадзяніну РБ Андрэю Герыловічу: 9 гадоў пазбаўлення волі. Паведамляецца, што з улікам пагаднення аб прызнанні віны, яму ўдалося пазбегнуць максімальнага тэрміну пакарання.

Паводле часткі 4 артыкулу 447 Крымінальнага кодэксу Украіны, пакаранне за ўдзел у якасці найміта ва ўзброеным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяннях, складае пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў.

Рашэнне выносіў суд у Данецкай вобласці. Пад час працэсу Герыловіч меў уласнага адваката і перакладчыка з расейскай на ўкраінскую мову. Тэрмін пакарання будзе адлічвацца з 13 лютага 2023 году.

У выраку адзначаецца, што Андрэй Герыловіч трапіў ва ўкраінскі палон 16 лістапада 2022 году непадалёк ад пасёлка Курдзюмаўка Бахмуцкага раёну Данецкай вобласці.

1 снежня «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» паведаміў, што вызначыў асобу палоннага: яму 34 гады, родам з вёскі Заспа Рэчыцкага раёну. Скончыў школу, працаваў у калгасе, служыў прапаршчыкам у вайсковай частцы 68473 у Калодзішчах (86-ая брыгада сувязі), затым працаваў альпіністам-мантажнікам у прыватнай фірме. Як патрапіў у найміты – не паведамлялася. Вядома, што пад пазыўным «Заспа» Герыловіч браў беспасярэдні ўдзел у баявых дзеяннях супраць Украіны, карэктуючы агонь артылерыі расейскіх наймітаў.

Hавiны
У палон ва Украіне трапіў найміт-вагнэравец з Беларусі Андрэй Герыловіч
2022.12.01 18:11

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў