У Беларусі праз новыя зборы зноў падаражэлі зубныя імплантанты. За год – на 25 %


Цяпер і без таго дарагая працэдура можа стаць многім беларусам недаступнаю. Праз новыя зборы зубныя імплантанты ў Беларусі за год падаражэлі на 25 %.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Reuters Staff / Reuters / Forum

Большасць зубных імплантатаў робіцца з тытану, менавіта на ўвоз яго на тэрыторыю Мытнага саюзу і ўвялі 15 % мыта. Летась на гэтыя медычныя вырабы ўвялі 10 % на дададзеную вартасць. У выніку імплантацыя ў Беларусі падаражэла на 25 %.

«У рэальнасці гэта 35–40 %. Планавала ўсталяваць сабе імплантанты яшчэ летась: збірала грошы, хацела рабіць сёлета, але цяпер мне гэта стала неверагодна дорага, 900 рублёў за адзінку. Цяпер разглядаю варыянт Грузіі ці Украіны», – сказала чытачка «Белсату».

Напрыклад, роўна год таму кошт аднаго зубнога імплантанта ў стаматалагічных салонах Берасця пачынаўся з 500 рублёў, а самыя дарагія, вытворчасці Ізраілю і Швейцарыі, каштавалі 1500–2300 рублёў за адзінку. Цяпер жа цана на імплантанты ў Берасці пачынаецца з 700 рублёў. Пры гэтым трэба памятаць, што прыблізна столькі ж каштуе каронка на гэты імплантант, яшчэ давядзецца заплаціць за працу доктара.

Напрыклад, бяром самы танны цэннік аднаго з берасцейскіх стаматалагічных салонаў. Устаноўка класічнага імплантанта – 873 рублі, у дадатак – 114 рублёў за ўстаноўку фармавальніка дзясны. Праз 3–4 месяцы вам ставяць імплантант, калі ён прыжывецца – усталююць каронку за 626 рублёў. У выніку адзін новы зуб вам абыдзецца ў 1613 рублёў, або 620 долараў паводле сённяшняга курсу.

Hавiны
Міністр лясной гаспадаркі завярае, што Беларусь не экспартуе круглы лес
2021.10.10 23:00

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў